После занятий — к педагогу-ветерану

Адукацыя Важное

У Навасвержанскай сярэдняй школе напярэдадні Дня пажылых людзей ва ўсіх класах прайшлі класныя гадзіны. У 11-м класе, да прыкладу, яго тэма гучала так: «У справу добрую ўкладзі ўсё лепшае сваёй душы». Кожны з класаў узяў удзел у акцыі «Сцяжынка ў адзінокі дом».

Адзінаццацікласнікі прыйшлі да новасвяржанкі Соф’і Маршчанка. Для жанчыны назваць гэтую сустрэчу будзённай ніяк не выпадае: калісьці яна сама доўгі час працавала ў Навасвержанскай школе, прыкіпела да яе душой… Сцвярджае, што лепшых настаўнікаў, чым у гэтай школе, нідзе ў раёне не сустракала…
Соф’я Маршчанка была настаўніцай абслуговай працы, таму вучыла дзяцей працаваць, усё ўмець зрабіць уласнымі рукамі. Яна многім сваім вучаніцам перадала сакрэты жаноцкасці і падштурхнула заўсёды выглядаць модна, шукаць індывідуальны стыль, прычым не толькі ў адзенні. Заўсёды хораша спявала і была душой кампаніі. У сям’і жанчыны здаралася нямала цяжкасцяў, выпрабаванняў, але яна спраўлялася з імі дзякуючы разважлівасці, працавітасці, уменню ладзіць з людзьмі.
Сядзіба Соф’і Маршчанка знаходзіцца якраз па дарозе ў школу. Паўз яе бягуць штораніцы многія навасвержанскія дзеці. Блішчыць на сонцы фарба яе дома. Ззяюць у двары рознымі колерамі з вясны і да позняй восені вулічныя вазы з сульфініямі і петуніямі. Двор заўсёды ў ідэальным стане. Вока радуюць, нібы ў Батанічным садзе, пышныя кусты лілей, ружаў і іншых элітных і экзатычных кветак і зялёных насаджэнняў пад яе вокнамі, на клумбах і газонах. Без перабольшвання тут гаспадарыць яго вялікасць парадак, а яшчэ – любоў да сваёй сядзібы, густ, імкненне да прыгожага.
– Мне так радасна, што да мяне прыйшлі памочнікі. Ды гэта ж 11 клас, выпускнікі! – падзялілася ветэран педагагічнай працы. – Мы пазнаёміліся. Пагутарылі з імі, як з дарослымі. Я цікавілася, куды яны будуць паступаць. Няхай збываюцца мары гэтых дзяцей.
Адзінаццацікласнікі прыйшлі да Соф’і Вікенцьеўны ўсім класам. Хочацца назваць іх імёны: Анастасія Белановіч, Аляксандр Бельскі, Вадзім Гайцюкевіч, Анжаліка Бусько, Дзмітрый Макавецкі, Аляксей Поляк, Антаніна Свешнікава, Дар’я Язвінская. З імі – класны кіраўнік А. В. Хвалей. Старшакласнікі выконвалі патрэбную сезонную справу – збіралі яблыкі, перабіралі іх. «Усе стараліся», – задаволена адзначае і Ала Васільеўна. Свой 11-ы яна лічыць лепшым класам у школе. Чаму? «Дзеці актыўныя, паважаюць старэйшых, добра вучацца».
Напярэдадні Дня настаўніка ў сваіх цёплых пачуццях прызнаюцца, безумоўна, і вучні. У іх душы настаўнік пакідае след і, нібыта маяк, вядзе па жыцці, асвятляе іх шлях. За гэта – бязмежная ўдзячнасць і нізкі паклон тым, каго ў народзе называюць сейбітамі разумнага, добрага, вечнага. І вельмі важна, што вучні Навасвержанскай школы наведваюцца да тых педагогаў і тэхработнікаў, якія цяпер на заслужаным адпачынку. Прыйшлі яны да Соф’і Маршчанка, не забылі пра Соф’ю Мілашэўскую, Людмілу Зубкевіч, Вольгу Валіцкую, Марыю Віленчыц, Антаніну Богдан, Надзею Шэйфіс, Лізавету Жданко, Ганну Русаковіч, Любоў Рэйт, Яўгенію Астравух, Ганну Войніч, Марыю Кулецкую.
У Дзень настаўніка асабліва адчуваецца, што школа – гэта цэнтр жыцця, асяродак культуры, повязь людскіх лёсаў.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



2 комментария по теме “После занятий — к педагогу-ветерану

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *