Мой сябра – баян

Культура Нумары

image_pdfimage_print

У Гомелі прайшоў VІІ Міжнародны конкурс баяністаў-акардыяністаў «Мой сябра –  баян».

Сярод 200 юных музыкантаў з Беларусі, Украіны, Расіі, Літвы і Польшчы былі і чатыры вучні Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Паслухаць юных музыкантаў, ацаніць іх майстэрства сабралася прэстыжнае журы, у склад якога ўвайшлі лаўрэаты міжнародных конкурсаў, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь, прафесары і дацэнты музыкі з Беларусі, Літвы, Украіны, Расіі.

Конкурсныя праслухоўванні праходзілі на працягу трох дзён. Усе з нецярпеннем чакалі падвядзення вынікаў і цырымоніі ўзнагароджання. Дыплом ІІ ступені атрымала вучаніца Людмілы Крамко Ганна Абрамовіч. Дзяўчынцы толькі восем гадоў, але гэта ўжо не першая яе ўзнагарода на музычных конкурсах. Яна настолькі кранула журы сваёй стараннасцю,  дзіцячай абаяльнасцю і сваім талентам, што заслужаны артыст Рэспублікі Башкартастан, прафесар Саратаўскай дзяржаўнай акадэміі імя Л. Собінава Уладзімір Грачоў, які быў старшынёю камісіі ў малодшай групе канкурсантаў, узяў на сцэне Анечку на рукі. Дыпломам такой жа вартасці ў сярэдняй групе ўзнагароджаны Лявон Несялоўскі (настаўнік Г. У. Несялоўскі). Дыплом ІІІ ступені ў малодшай групе атрымаў вучань С. В. Крамко Дзмітрый Хвалей. Выдатную канцэртную праграму – Прэлюдыю і фуга a-moll І. С. Баха, «Полька-бабуля» С. Гулецкага і «Святочны вальс» В. Ялецкага – падрыхтавала на конкурс Паліна Міткевіч пад кіраўніцтвам свайго настаўніка Г. У. Несялоўскага.

Даводзіцца толькі парадавацца за вучняў, іх настаўнікаў. Падрыхтоўка да конкурсу патрабуе сіл, затрат часу, шмат працы. Атрыманыя ўзнагароды –  гэта найлепшая ацэнка працы педагога і стымул вучням развіваць сябе ў музыцы.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *