Валянціна Адамовіч: «Жывая істота адчувае добрага чалавека і адклікаецца на ласку»

Главное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

НА КОНКУРСЕ тэхнікаў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы малочнатаварных фермаў раёна, які адбыўся на мінулым тыдні, сярод адзначаных ганаровай граматай райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і тэхнік-асемянатар МТФ «Скамарошкі» ААТ «Агранёманскі» Валянціна Адамовіч. Валянціна Аляксандраўна аддала гэтай прафесіі трыццаць сем гадоў працоўнага стажу. Вопытны, сумленны спецыяліст, яна неаднойчы займала прызавыя месцы ў раённых конкурсах, ездзіла і на абласныя, адкуль вярталася з узнагародамі. У сямейным архіве ёсць фотаздымкі, якія засталіся на памяць аб тых прыемных і незабыўных хвілінах працоўнага жыцця.

А чаму аддала перавагу менавіта працы ў жывёлагадоўлі? Жанчына згадвае, што маці яе ўвесь час працавала цялятніцай, а Валя часта наведвалася на ферму, дапамагала карміць і даглядаць маленькіх гадаванцаў. Вясковая дзяўчына ў будучым марыла звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, бо і бацька, Аляксандр Тур, быў вядомым у раёне чалавекам – у свой час узначальваў сельскагаспадарчую арцель, якая першая арганізавалася ў гэтым населеным пункце. Таму і паступіла вучыцца ў Ляхавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці ветэрынарны фельчар, пасля заканчэння якога выпускніцу накіравалі на працу ў Лідскі раён. Але неўзабаве Валянціна вярнулася разам з мужам (замуж выйшла падчас вучобы ў тэхнікуме) і немаўляткам на малую радзіму, у вёску Скамарошкі, і засталася жыць і працаваць.

Самае галоўнае ў любой рабоце, як лічыць Валянціна Аляксандраўна, – адказнасць. Ды і без любові да справы высокага выніку не атрымаць, бо жывая істота адчувае добрага чалавека і адклікаецца на ласку. Галоўнае – з душой падыходзіць да даручанай справы, як след выконваць абавязкі, і тады ўсё атрымаецца. З самай раніцы Адамовіч ужо на ферме, выяўляе кароў і цялушак, якіх трэба асемяніць. І ў абед, і вечарам зноў прыходзіць.
Для тэхніка-асемянатара асаблівае задавальненне, калі ўсе цяляты нараджаюцца здаровымі. Гэта значыць, што работу сваю спецыяліст выканаў добрасумленна. У практыцы Валянціны Аляксандраўны быў выпадак, калі карова ацялілася чатырма цялятамі.
– Але яны не выжылі, бо нарадзіліся раней тэрміну, – расказвае спецыяліст. – А шкада. Гэта была б сенсацыя, бо двойні не рэдкасць, тройні бываюць, а тут адразу «квартэт».

У сваім шаноўным ужо ўзросце Валянціна Аляксандраўна яшчэ на рабоце, і хоць зарабіла неблагую пенсію, але ў бестэрміновы адпачынак не спяшаецца. Жвавая, хуткая на пад’ём, з жартаўлівай іскрынкай у вачах, яна поўная сіл і энергіі. Цягне яе на ферму, ёсць жаданне працаваць і быць запатрабаванай. Жанчына гаворыць, што здароўе дазваляе, у паліклініцы штогод толькі медыцынскія агляды праходзіць, ніколі не была на бюлетэні. Ды і прывыкла за столькі гадоў.
Работай тэхніка-асемянатара кіраўніцтва таварыства задаволена. У жанчыны цвёрды і прынцыповы характар: не пройдзе міма, калі бачыць непарадак на ферме, зробіць заўвагу і брыгадзіру, і жывёлаводам. Дарэчы, дзевяць гадоў яна спалучала абавязкі брыгадзіра фермы.
Валянціна Адамовіч адна з нямногіх у вёсцы, у каго ёсць на падвор’і карова. Гаспадара дома побач даўно ўжо няма, а адмовіцца ад дамашняй жывёлы жанчына не можа – усё свядомае жыццё трымае карміцельку. Агарод вялікі, налічвае больш за пяцьдзясят сотак: садзіць на ўчастку бульбу, буракі, агародніну. І кветак многа розных расце ў яе двары – гэта занятак для душы.

Валянціна Аляксандраўна ганарыцца дочкамі і сынам, гаворыць, што ўсе ў людзі выйшлі. Таццяна працуе настаўніцай у сярэдняй школе № 2 г. Стоўбцы, Святлана – медсястрой у кампаніі «Медицинский цэнтр Новое зрение», а Дзмітрый – у рэдакцыі газеты «СБ. Беларусь сегодня», вадзіцель службовага аўтамабіля. Зяці харошыя. У старэйшай дачкі муж – намеснік дырэктара мясцовага таварыства, а ў малодшай – праграміст у сталічнай фірме. Нявестка занята ў гандлі. У бабулі пяць унучак і ўжо ёсць праўнук.
На развітанне запыталася ў Валянціны Аляксандраўны, ці склалася ў яе жыцці ўсё так, як яна марыла? І атрымала адказ:
– Я маці, і для мяне няма нічога важней за дзяцей, бо яны – маё самае вялікае шчасце. Усё ў іх складваецца добра – і мне радасна на душы. Не забываюць, заўсёды прыязджаюць і дапамагаюць. І юбілей мой чарговы сёння адзначым разам, сваёй вялікай сям’ёй. Дзякуй Богу, жыву няблага, чаго і ўсім людзям жадаю.
Надзея Баталка, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *