«Мечтаю, чтобы физкультура оказалась в числе любимых предметов»

Адукацыя Главное

Настаўніцкая дзейнасць заўсёды выклікае павагу. Педагогі – людзі, якія дапамагаюць нам стаць з маленькага неадукаванага чалавека вялікай асобай. Часцей за ўсё сярод настаўнікаў сустракаюцца жанчыны. Напярэдадні свята мы пагутарылі і з прадстаўнікамі моцнай паловы, якія вырашылі звязаць сваё жыццё з прафесіяй настаўніка.

        Вадзім ГАЙКЕВІЧ

Нарадзіўся ў Стоўбцах. Жыў у вёсцы Ячнае. У 2014 годзе закончыў Заямнаўскую сярэднюю школу і паступіў у БДПУ імя М. Танка на спецыяльнасць «Фізічная культура». Атрымаўшы дыплом, быў накіраваны настаўнікам фізічнай культуры ў ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. Стоўбцы». Мае старэйшую сястру і малодшага брата, які вучыцца на настаўніка фізічнай культуры ва УА «Салігорскі дзяржаўны каледж». У вольны час Вадзім гуляе на аматарскім узроўні ў футбол. Асабісты інтарэс мае да сацыяльных сетак.


– Як вы вырашылі стаць педагогам?
– Падчас вучобы ў школе займаўся лыжнымі гонкамі. Менавіта дзякуючы В. А. Арлоўскай, трэнеру ДУ «ДЮСШ Стаўбцоўскага раёна», пасля сёмага класа паступіў у вучылішча алімпійскага рэзерву на спецыяльнасць «лыжныя гонкі». На жаль, па стане здароўя прапусціў увесь сезон і прыняў рашэнне закончыць там вучобу. Зноў вярнуўся ў Заямнаўскую сярэднюю школу.
Да спорту ў мяне заўсёды была вялікая цікавасць. Лыжныя гонкі ці футбол – не мела значэння. З асобым задавальненнем гляджу ўсе спартыўныя спаборніцтвы, асабліва, калі там удзельнічаюць нашы спартсмены. Не перадаць тыя эмоцыі, якія адчуваеш, калі прадстаўнікі Беларусі падымаюцца на п’едэстал, – наварочваюцца слёзы і ўзнікае пачуццё гонару за краіну. Разумееш, што магчыма і ты мог бы знаходзіцца там. З часам усё гэта паўплывала на маю прыхільнасць да спорту. У выніку я вырашыў прывіваць да яго інтарэс і ў іншых і стаў настаўнікам фізічнай культуры.


– Ужо прайшоў адзін месяц вучобы. Падзяліцеся сваімі ўраджаннямі аб працоўных буднях.
– Першы час было цяжка прывыкнуць да шуму, ён быў у галаве заўсёды. Нездарма, аднойчы на практыцы настаўнік сказаў: «Пасля працоўнага дня ў школе трэба прыйсці дадому і хоць 30 хвілін пасядзець у цішыні». Зараз гэтыя словы я цудоўна разумею. Аднак да ўсяго прывыкаеш. З навучэнцамі цяжкасцяў не ўзнікае. Яны бачаць, што прыйшоў новы настаўнік, таму імкнуцца выдзеліцца, паказаць свае здольнасці. Я выкладаю ў 2, 4,10 і 11 класах. Гэта вялікі інтэрвал паміж узростам навучэнцаў. Са старэйшымі працаваць лягчэй, яны кантралююць сябе. Малодшыя ж, прыходзячы ў спартыўную залу, думаюць, што трапілі ў нейкую прастору, дзе маюць 45 хвілін для заняцця любымі справамі. Таму за імі патрэбен большы нагляд. Самае галоўнае – арганізаваць іх.
Хвалявання ў мяне няма, але калі б яно і прысутнічала, то ніколі не трэба яго дэманстраваць.

– Мужчын, безумоўна, сустрэнеш не так часта сярод настаўнікаў, як жанчын. Як думаеце, з чым гэта звязана?
– На мой погляд, мужчынам не так уласціва выкладаць, як жанчынам. Але ёсць тыя, хто сапраўды ад нараджэння адчувае ў сабе прызванне быць настаўнікам. У сучасны момант усё ўраўноўваецца. Становіцца цяжка размяжоўваць працу на жаночую і мужчынскую. Аднак цудоўна разумею, што, калі ў мяне з’явіцца сям’я, я не змагу на 100 працэнтаў матэрыяльна яе забяспечваць, працуючы толькі выкладчыкам у школе. Мабыць, гэта і ёсць галоўная прычына.

– Сучасны настаўнік. Якім вы яго бачыце?
– Сёння цяжка чымсьці здзівіць дзяцей. Напрыклад, у спартыўную гульню адны гуляюць, а іншыя не, таму што ім гэта не цікава. Трэба так заахвоціць дзяцей, каб усе былі ўдзельнікамі. Я мару і імкнуся, каб фізічная культура аказалася ў ліку любімых прадметаў для школьнікаў. Зараз гэта ўжо не так, як было раней. Сацыяльныя сеткі пачалі замяняць актыўны адпачынак. Усё павінна быць у меру. Акрамя таго, трэба заставацца прафесіяналам да канца. Быць прыкладам для вучняў. Для мяне галоўнае ў выкладанні – аднолькавы падыход да ўсіх навучэнцаў. Толькі тады ў іх будзе магчымасць прадэманстраваць свае здольнасці ў поўнай меры.
Ксенія РУБІН, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *