Трудовые будни молодого педагога из глубинки

Адукацыя Важное

Настаўніцкая дзейнасць заўсёды выклікае павагу. Педагогі – людзі, якія дапамагаюць нам стаць з маленькага неадукаванага чалавека вялікай асобай. Часцей за ўсё сярод настаўнікаў сустракаюцца жанчыны. Напярэдадні свята мы пагутарылі і з прадстаўнікамі моцнай паловы, якія вырашылі звязаць сваё жыццё з прафесіяй настаўніка.

           Сяргей НОВІКАЎ

Нарадзіўся ў вёсцы Слабодка Стаўбцоўскага раёна. У 2013 годзе закончыў Літвенскую сярэднюю школу і стаў студэнтам БДПУ імя М. Танка, займеў спецыяльнасць «гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны». У 2017 годзе паступіў у магістратуру. Закончыўшы вучобу, прыехаў працаваць у ДУА «Налібацкая сярэдняя школа». Малодшы брат вучыцца таксама на настаўніка гісторыі і грамадазнаўства ў БДПУ імя М. Танка. У вольны час Сяргей займаецца простымі мужчынскімі справамі: дапамагае па доме, ходзіць на рыбалку.


– Як вы вырашылі стаць педагогам?
– Першым маім настаўнікам гісторыі была М. А. Ларычэва. Яна сваім падыходам да выкладання прадмета магла заахвоціць вучня. Наведваючы яе урокі, я пачаў захапляцца гісторыяй. На самай справе вельмі цікава, калі адчуваеш, што ведаеш больш, чым іншыя. А гісторыя – гэта адно з самых вялікіх багаццяў, якімі мы валодаем. Падчас вучобы прымаў удзел у алімпіядах па гісторыі і геаграфіі. І калі прыйшоў час выбіраць прафесію, я адразу вырашыў, што буду настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства. Праца з дзецьмі мне дастаўляе задавальненне. Прыемна, калі для навучэнцаў ты адкрываеш нешта новае, чаго дагэтуль яны не ведалі.
– Ужо прайшоў адзін месяц вучобы. Падзяліцеся сваімі ўраджаннямі аб працоўных буднях.
– Рабочы месяц прайшоў непрыкметна. Першы працоўны тыдзень было цяжка, бо ты яшчэ нічога не ведаў, хваляваўся, як успрымуць цябе дзеці. Акрамя таго, я з’яўляюся класным кіраўніком пятага класа, гэта асаблівая адказнасць. Першы ўрок быў прысвечаны гісторыі вёскі Налібакі. Я расказваў цікавыя факты аб гэтых мясцінах, а потым з вучнямі гулялі ў інтэлектуальную гульню»Падарожжа». Пасля такіх заняткаў засталіся толькі прыемныя, цёплыя ўражанні. Праз месяц работы ўжо не адчуваеш ніякага напружання, а працуеш, каб данесці веды, якімі валодаеш сам.
– Мужчын, безумоўна, сустрэнеш не так часта сярод настаўнікаў, як жанчын. Як думаеце, з чым гэта звязана?
– У кожнага свае планы на жыццё, і ў адпаведнасці з гэтым ён выбірае, чым займацца. Нехта жадае адразу атрымліваць вялікія грошы, нехта чакае хуткага кар’ернага росту, хтосьці проста хоча стаць паспяховым. Я выбраў тое, што падабаецца мне і ад чаго атрымліваю асалоду. Мне здаецца, што калі работу любіш, то можаш атрымаць усё, што пералічана вышэй. Незалежна ад таго, настаўнік ты або прадпрымальнік, у любой справе можна быць паспяховым.
– Сучасны настаўнік. Якім вы яго бачыце?
– Сучасны малады настаўнік павінен аб’ядноўваць у сабе шмат здольнасцяў. У ліку найважнейшых – магчымасць знайсці падыход як да дзяцей, так і да старэйшага пакалення настаўнікаў. Менавіта ва ўзаемасувязі можна дасягнуць вялікіх поспехаў.
Зараз да настаўніка існуе шмат патрабанняў. Аднак галоўнае, што патрэбен зрабіць сучасны педагог, – гэта навучыць дзяцей самастойна разважаць, спрыяць павышэнню іх матывацыі да вывучэння прадмета, заахвочваць індывідуальныя схільнасці.
Ксенія РУБІН, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *