100-летие криминального розыска отметили в Столбцах

Ахова правапарадку Главное

5-га кастрычніка ў раённым Цэнтры культуры прайшоў афіцэрскі сход, прысвечаны 100-годдзю крымінальнага вышуку. На вялікім міліцэйскім свяце былі ўшанаваны ветэраны вышуковай дзейнасці і іх сучасныя прадаўжальнікі.

Лепшыя традыцыі сыску закладваліся на працягу стагоддзя многімі пакаленнямі супрацоўнікаў, і сёння гэтыя традыцыі служаць таму, каб раскрываліся злачынствы і каб нашы вуліцы і населеныя пункты сталі чыстымі ад злачынцаў. У сыску працуюць людзі па прызванні, здольныя ўсяляць надзею ў сэрцы і несці мір у дамы грамадзян. Начальнік райаддзела міліцыі Іван Мамайка выказаў удзячнасць ветэранам і даў ацэнку дзеючым супрацоўнікам крымінальнага вышуку: “Калектыў аддзялення малады, ініцыятыўны, працуе паспяхова і перспектыўна”.


З віншаваннямі звярнуўся да ўдзельнікаў свята старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Колясень. “Ваш вобраз атаясамліваецца з такімі рысамі як розум, мужнасць, прыстойнасць, адданасць доўгу, — падкрэсліў Дзяніс Сяргеевіч у прывітальным слове. — Пажаданні – удасканальвацца і адэкватна адказваць на выклікі злачыннасці, заставацца здаровымі і непашкоджанымі”. Былі ўручаны граматы і падзякі супрацоўнікам крымінальнага вышуку, якія дасягнулі найлепшых вынікаў у працы.


Узнагароды ад імя раённага аддзела міліцыі прымалі як дзеючыя супрацоўнікі, так і ветэраны. Тым, хто нядаўна пайшоў у запас, уручаны ветэранскія пасведчанні. Сярод іх – і былы старшы ўчастковы інспектар Аляксандр Кільчэўскі, які, дарэчы, за многія гады службы на гэтай пасадзе дапамог у раскрыцці не аднаго злачынства. Цёплыя віншаванні адрасавала калегам па міліцэйскай службе і начальнік аддзела прафілактыкі і аховы правапарадку райаддзела міліцыі Юлія Белавусава.


Слова мелі ветэраны крымінальнага вышуку Раман Лісавец, Генадзь Уласік, Віктар Жарнасек, Юрый Каленчыц, Часлаў Гарэлік. Выступоўцы прыгадалі сваю службу і выказалі пажаданні тым, хто сёння нясе эстафету аператыўнай работы.
У сваім святочным інтэрв’ю з нагоды 100-годдзю крымінальнага вышуку міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь Ігар Шуневіч назваў падраздзяленне аператыўна-вышуковай дзейнасці надзейным і вядучым у міліцыі, а тых, хто служыць у ім, — прафесіяналамі: “Гэтыя людзі непрыкметна робяць прыкметную работу”.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *