9 октября — Всемирный день почты

Главное Эканомiка

9-га кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень пошты. У гэты дзень у 1874 годзе была заснавана галоўная міжнародная паштовая арганізацыя – Сусветны паштовы саюз. Спачатку гэты дзень называўся Днём сусветнага паштовага саюза, а з 1984 года перайменаваны ў Сусветны дзень пошты.
З гэтай нагоды мы пагутарылі з начальнікам Стаўбцоўскага ўчастка паштовай сувязі Дзяржынскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Мінскага філіяла РУП «Белпошта» Марынай ПЕТУХ.

– Марына Рамуальдаўна, якраз напярэдадні Сусветнага дня пошты адбылася рэарганізацыя раённага вузла паштовай сувязі. Калектыў аптымізаваны, а функцыі ў пошты засталіся ранейшымі. Як будуць спраўляцца з імі работнікі ўчастка?
– Нагрузка на кожнага паштовага работніка ўзрастае фактычна з кожным днём. Пошта не стаіць на месцы. Яна развіваецца, прымае на ўзбраенне самыя сучасныя тэхналогіі. Сёння пошта ператварылася ў мультысэрвісную сетку, якая здольна забяспечыць грамадзян і арганізацыі поўным наборам самых неабходных паслуг. Паштовы работнік сёння – гэта прафесіянал, які ў адной асобе спалучае маркетолага, бухгалтара, таваразнаўцу…
– Што ўяўляе сабой пошта раёна? Якія паслугі найбольш папулярныя ў жыхароў Стаўбцоўшчыны?
– На Стаўбцоўшчыне 23 паштовыя аддзяленні, у тым ліку гарадское і тры перасоўныя. Усе яны працуюць стабільна, без нараканняў, з улікам інтарэсаў і запытаў кліентаў.
Даўно не навіной стала электроннае паведамленне, сістэма адсочвання за праходжаннем паштовых адпраўленняў, аказанне паслуг трымальнікам банкаўскіх плацежных картак. Ва ўсіх аддзяленнях ідзе прыём паскоранай пошты, як унутрырэспубліканскай, так і міжнароднай. У гарадскім аддзяленні прымаем міжнародныя грашовыя пераводы ў замежнай валюце. У трох аддзяленнях – Стоўбцы-3, Новы Свержань і Дзераўная – вядзецца абслугоўванне кліентаў з дапамогай плацежна-даведачных тэрміналаў. Шырокі размах атрымала паслуга «Паштовы кур’ер», калі пошта забіраецца або дастаўляецца непасрэдна з офіса ў офіс. Паслуга гэтая працуе і на карысць фізічных асоб.
Увесь спектр традыцыйных паштовых і іншых відаў паслуг можна атрымаць як у аддзяленнях, так і дома праз паштальёна.
– Што пажадаеце работнікам пошты?
– Калектыву ўчастка, ветэранам паштовай сувязі дасылаю віншаванні з Сусветным днём пошты і пажаданні моцнага здароўя, сямейнага шчасця, поспехаў у рабоце. Дзякуй за вернасць нялёгкай прафесіі! У нашым калектыве шмат тых, хто прысвяціў пошце больш за два дзясяткі гадоў. Сярод старажылаў – начальнік аддзялення паштовай сувязі ў Засуллі Ірына Прымакова. На пошце яна каля 40 гадоў. Не так даўно пайшла на заслужаны адпачынак начальнік пункта паштовай сувязі Галіна Качановіч. Апошнія некалькі гадоў яна працавала, будучы на пенсіі. Усе, хто сёння ў калектыве, – гэта сапраўдныя паштавікі. Яны імкнуцца выконваць планы, якасна абслугоўваць кліентаў і, зразумела, падтрымліваць сучасны імідж пошты.
Гутарыла
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *