44 километра вокруг Рубежевич

Важное Моладзь Стаўбцоўшчыны

Па маршрутах малой радзімы прайшоў VІ раённы велапрабег (гэта на Стаўбцоўшчыне стала ўжо добрай традыцыяй), прысвечаны Дню турызму.
Стартавай і замыкаючай кропкай веламаршруту былі на гэты раз Рубяжэвічы, а вакол іх – Собкаўшчына, Рочавічы, Дзяўгі, Літва, Ручын. Усяго – 44 кіламетры.

– Для нас гэта зусім нямнога. Папярэднія маршруты ляжалі праз Налібацкую пушчу, па экалагічнай веласцяжыне на тэрыторыі Хатаўскога лясніцтва і былі крыху даўжэйшымі, – зазначае адзін з арганізатараў велапрабегу, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Анастасія Віслаўская. Разам з ёю арганізацыяй велапрабегу займаўся раённы камітэт БРСМ, падтрымку аказала ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме.
Аднак меншая адлегласць – не азначае лягчэйшая. Рухацца сёлетнім удзельнікам велапрабегу даводзілася, пераадольваючы моцны вецер. Сабралася каля сарака чалавек. Сярод іх – як заўзятыя веласіпедысты, так і навічкі. У ліку апошніх былі, да прыкладу, маладыя людзі, якія далучыліся да сваіх актыўных жонак. Шырока прадставілі сябе калектывы Стаўбцоўскага АКС, філіяла ММЗ, электрасетак, райвыканкама. Да ўдзельнікаў прымкнула кіраўніцтва фізкультурна-аздараўленчага цэнтра – Дзмітрый Сцепанюк і Мікалай Мазур (менавіта Мікалай Мазур дапамагаў з арганізацыяй першых раённых велапрабегаў). Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Дзераўнянскай школы Генадзь Канановіч прыбыў разам са сваімі вучнямі.

Велапрабег пачаўся з прывітання старшыні Рубяжэвіцкага сельвыканкама Паўла Карніцкага ля мясцовай славутасці – крынічкі, а потым быў працягнуты цікавай экскурсіяй па Рубяжэвічах. Незабыўныя ўражанні пакінуў тутэйшы касцёл, кампазіцыя з валуноў. Ля музея яўрэйскага побыту ўдзельнікаў велапрабегу віталі члены школьнага клуба «Спадчына». Расказала аб усім краязнавец Рамуальда Сабалеўская, і гэта ні з чым не параўнальныя звесткі.
На возеры ў Собкаўшчыне турыстаў чакаў прывал і смачны абед, прыгаватаны ў сталовай ААТ «Рочавічы» (дзякуй загадчыцы Ірыне Мянжынскай). Удзячнасць – і аддзелу ДАІ райаддзела міліцыі, цэнтральнай раённай бальніцы, якія забяспечылі суправаджэнне ўдзельнікаў велапрабегу. Садзейнічанне з транспартам аказалі ЗАТ «Колас», лясгас і ПМК-233.
– Удзельнікі засталіся задаволеныя і гатовыя ў дарогу. Шукаем новыя маршруты для новых велапрабегаў, – падвяла вынік Анастасія Віслаўская.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *