Новые арт-объекты появились в Налибоках

Главное Год малой родины

У населеных пунктах Налібацкага сельсавета металічныя кантэйнеры, прызначаныя для збору цвёрдых камунальных адходаў, выглядаюць не зусім звычайна. У вулічнай інфраструктуры яны нагадваюць невялікія арт-аб’екты.
На іх намаляваны розныя сюжэты з кветкамі, звярамі, птушкамі і паўз іх нельга прайсці без усмешкі. Адразу ўзнімаецца настрой, але ўслед узнікае слушнае пытанне: «Ці выкарыстоўваюцца яны? Можа, устаноўлены для дэкаратыўнасці?..»

Ведаючы менталітэт нашых людзей, так нельга не падумаць. Мы прывычныя да таго, што кантэйнер не можа быць чыстым, каля яго звалены «копы» травы, сюды нясуць ссечаныя галіны ад кустоў і дрэў. Рэдка дзе вакол іх сустрэнеш такі парадак, які мы ўбачылі ў Налібаках.
– На гэта мы і разлічвалі. У каго, скажыце, узнімецца рука кідаць смецце ля прыгожага кантэйнера? – гаворыць ініцыятар нестандартнага падыходу, старшыня Налібацкага сельвыканкама Аляксандр Пілінкевіч.
Ініцыятыву старшыні сельвыканкама падтрымала мясцовая мастачка – Алёна Таруціна. Яна працуе ў дзіцячым садзе, а ў вольны ад работы час занялася мастацкім афармленнем кантэйнераў. Размалявала ўсе 62 кантэйнеры, устаноўленыя на тэрыторыі сельсавета. І жыхары Налібакаў, Кляцішча, Прудоў адгукнуліся на гэты эксперымент як і належыць – эмацыянальна-станоўча.

Дысцыплінаванасці ў пытаннях збору адходаў надало таксама і тое, што сельвыканкамам была праведзена з людзьмі адпаведная інфармацыйная работа. Домаўладальнікам растлумачана, што трэба несці ў кантэйнер, для якіх адходаў ён прызначаны, а што разумна не выносіць са свайго двара, а закапаць на агародзе (такім чынам утвараецца арганічнае ўгнаенне пад будучы ўраджай) ці ўтылізаваць іншым натуральным шляхам.
Сёння работа па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні вядзецца ў Налібацкім сельсавеце на самым высокім узроўні. Налібакі, цэнтр сельсавета, уключаны ў рэалізацыю праекта «Здаровы пасёлак». У гэтым напрамку праводзіцца шмат мерапрыемстваў. Развіваюцца ў гэтай мясцовасці і турыстычныя аб’екты, і першы паказчык гэтага – турыстычная прывабнасць. Са жніўня бягучага года, як зазначае Аляксандр Пілінкевіч, у іх пабывала дзесяць замежных дэлегацый. Едуць у Налібакі з Аўстраліі, Германіі, ЗША, Галандыі.
– Чым здзіўляеце замежнікаў? – цікавімся ў Аляксандра Пілінкевіча.
– Замежныя турысты едуць на месца рэлігійнага ачышчэння – мікву, якая захавалася ў нас з 1907 года. Гэтае месца мы будзем акультурваць. Устаноўлены мемарыяльны знак на месцы стаянкі партызанскага атрада Бельскага. Гэта эпізоды ваеннай гісторыі, і яны таксама цікавяць турыстаў. Літаральна ў гэтым годзе закончылі будаўніцтва ўнікальнага аб’екта на могілках – Галгофы. Рабілі яе разам. Рукамі людзей, ні ў чым не адмаўляла мясцовае сельгаспрадпрыемства. Ніхто нас не фінансаваў.
Запрашаю і вас узняцца на нашу Галгофу. Упэўнены, свой крыжовы шлях трэба пераадолець кожнаму…
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *