Состоялась очередная встреча в рамках международного проекта «Повестка-50»

Главное Соцыум

Стоўбцы – адзін з пяці гарадоў Беларусі, дзе ажыццяўляецца праграма падтрымкі людзей з інваліднасцю ў рамках міжнароднай кампаніі «Павестка-50»
Адбыўся чарговы круглы стол па праблемах людзей з інваліднасцю ў рамках рэалізацыі міжнароднага праекта «Павестка-50». Сустрэча ў форме адкрытага дыялогу прайшла ў аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў будынку фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Тэрытарыяльны цэнтр з’яўляецца партнёрам раённай арганізацыі Таварыства інвалідаў па рэалізацыі «Павесткі-50».

Для ўдзелу ў абмеркаванні праблем інвалідаў Стаўбцоўшчыны ў рамках пасяджэння за круглым сталом былі запрошаны прадстаўнікі арганізацый і структур, якія судакранаюцца ў сваёй дзейнасці з праблемай інвалідаў, а таксама старшыні сельвыканкамаў. У пасяджэнні за круглым сталом прыняў удзел намеснік дырэктара праваахоўнай арганізацыі «Офіс па правах людзей з інваліднасцю» Міхаіл Міцкевіч, структуры, якая з’яўляецца непасрэдным выканаўцам, каардынатарам праграмы «Павестка-50» у Беларусі. Кампанія ж рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза ў партнёрстве з грамадзянскай арганізацыяй «Еўрапейскі дом» (Данія) і FundacjaTUS (Польшча).

Дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра Святлана Блашко нагадала прысутным, што ў кастрычніку 2016 года Беларусь ратыфікавала Канвенцыю ААН аб правах інвалідаў, што адкрыла магчымасці для ўдзелу ў міжнароднай кампаніі «Павестка-50». Прамоўца расказала, як ажыццяўлялася падрыхтоўка міні-праекта па стварэнні мясцовай павесткі, на якія аспекты была сканцэнтравана ўвага. У першую чаргу, гэта інфармаванне людзей з інваліднасцю аб іх правах, аб заканадаўчых і лакальных дакументах, якія забяспечваюць гэтыя правы.

Міхаіл Міцкевіч кампетэнтна расказаў пра сутнасць Канвенцыі аб правах інвалідаў, зрабіў акцэнт на тым, што на дзяржаўным узроўні прыняты план яе нацыянальнай рэалізацыі. Цяпер галоўнае, каб запрацавалі праграмы на лакальным узроўні, каб мясцовая палітыка была скіравана на выключна індывідуальны падыход.
Старшыня раённай арганізацыі Таварыства інвалідаў Зінаіда Катлашэўская зрабіла відэа-прэзентацыю міні-праекта «Адкрыты дыялог», расказала, якая работа ўжо выканана па выкарыстанні атрыманага гранта. У мясцовай друкарні падрыхтаваны інфармацыйныя буклеты, якія апавядаюць пра льготы і правы людзей з інваліднасцю, пра медыцынскія паслугі ў стаўбцоўскай раённай бальніцы і магчымасць рэабілітацыі людзей, пра формы сацыяльнага абслугоўвання і тэхнічныя сродкі рэабілітацыі, пра дзейнасць раённай арганізацыі Таварыства інвалідаў і т. п. За сродкі раённага цэнтра тэрытарыяльнага абслугоўвання набыта буклетніца – зручная металічная стойка, якая саслужыць добрую службу, калі будуць праводзіцца круглыя сталы ў сельвыканкамах. Аб гэтай праграме таксама расказала Зінаіда Катлашэўская. У сельвыканкамах будуць арганізаваны выязныя круглыя сталы з запрашэннем інвалідаў, членаў іх сем’яў, якія будуць падрабязна праінфармаваны аб сваіх правах, аб магчымасці быць членамі раённых арганізацый інвалідаў. Будуць дадзены адказы на ўсе іх пытанні, выслуханы праблемы.

Аб мерах дзяржаўнай падтрымкі людзей з інваліднасцю расказалі ўрач-рэабілітолаг Іна Кукота, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Тарарай, супрацоўнікі раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Анастасія Мельнікава, Наталля Макава. Юрыст Мікалай Новік, памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў беларускага парламента Алены Анісім, правёў юрыдычную кансультацыю з мэтай інфармавання аб сацыяльных рэсурсах і мерах дзяржаўнай падтрымкі людзей з інваліднасцю.
Актыўны ўдзел у абмеркаванні праблем інвалідаў прыняла старшыня стаўбцоўскай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» Ніна Ганісеўская. Ніна Фёдараўна выказала нямала прапаноў, на канкрэтных прыкладах акрэсліла праблему стварэння безбар’ернага асяроддзя ў нашым горадзе. Гэтае пытанне было разгледжана на пасяджэнні. Як паведамілі ўдзельнікі праекта «Павестка-50», менавіта гэтаму пытанню будзе прысвечаны наступны этап рэалізацыі праграмы падтрымкі інвалідаў у нашым раёне.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *