Вясна наступае

Нумары У райвыканкаме

На чарговым пасяджэнні райвыканкама разгледжаны ход падрыхтоўкі сельскагаспадарчых арганізацый раёна да веснавых палявых работ 2014 года.

Упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама праводзіцца мэтанакіраваная работа па падрыхтоўцы сельскагаспадарчых і іншых арганізацый раёна да правядзення веснавых палявых работ. Для дасягнення запланаваных аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай  прадукцыі распрацаваны заданні па забеспячэнні вытворча-эканамічных паказчыкаў у 2014 годзе. Як паведаміў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Іван Загдай, з кадрамі сельскагаспадарчых арганізацый былі праведзены цэнтралізаваныя навучанні ў Цэнтры павышэння кваліфікацыі спецыялістаў аграпрамысловага комплексу па пытаннях тэхналогіі апрацоўкі сельскагаспадарчых культур. У гэты час ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях вядуцца работы па назапашванні ўгнаенняў, рамонце тэхнікі і сельскагаспадарчых машын.

Плошча пасеву яравых культур у бягучым годзе складзе 26700 гектараў, у тым ліку яравых збожжавых і збожжабабовых культур – 11800 гектараў, бульбы – 400 гектараў, цукровых буракоў – 3000 гектараў, ільну – 250 гектараў, кукурузы на корм – 6251 гектар, агародніны – 207 гектараў, аднагадовых траў – 2422 гектары.

Усе сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна забяспечаны насеннем яравых культур, засыпана 4000 тон, ці 100%. Заданне па вытворчасці цукровых буракоў на 2014 год складае 135 тысяч тон. Усімі сельскагаспадарчымі арганізацыямі, якія сеюць цукровыя буракі, забяспечаны падбор пасяўных плошчаў згодна з аграхімічным паказчыкам севазвароту, вызначаны прадукцыйныя гібрыды цукровых буракоў.

Вузкая спецыялізацыя па вырошчванні льну прадугледжвае вытворчасць гэтай культуры ў трох сельскагаспадарчых арганізацыях раёна на плошчы 250 гектараў.

Пад яравую сяўбу 2014 года прадугледжана нарыхтаваць і ўнесці 450 тысяч тон арганічных угнаенняў, ці 88% да нарыхтаванага. Унесена пакуль 125 тысяч тон, ці 30%  ад вывезенага. На канец лютага 2014 года на палі вывезена 407 тысяч тон арганічных угнаенняў, ці 88% да нарыхтаванага. Унесена пад яравую сяўбу 125 тысяч тон, ці 30% ад вывезенага.

На 25 лютага 2014 года ў цэлым па раёне ёсць 4,2 тысячы тон дзеючага рэчыва мінеральных угнаенняў. У правядзенні палявых работ будзе задзейнічана каля 372 адзінак трактароў, у тым ліку 39 энерганасычаных, 39 камбінаваных пасяўных агрэгатаў. Гатовы да работы толькі 316 адзінак тэхнікі. Прастойваюць энерганасычаныя трактары ў ПДСУП “Профі-Аграцэнтр”, ААТ “Шашкі”, “Вішнявецкі-агра”, “Радзіма Дзяржынскага”, “Аталезь-агра”, “Дзераўное”. Гатоўнасць машын для ўнясення цвёрдых мінеральных угнаенняў: ёсць 53 адзінкі, адрамантавана 45 адзінак, апырсквальнікаў ёсць 42 адзінкі, адрамантавана – 35; машын для ўнясення цвёрдых арганічных угнаенняў ёсць 41 адзінка, адрамантавана – 34. Не прыступілі да рамонту ў ААТ “Вішнявецкі-агра” і “Аталезь-агра”.

Асноўнай прычынай нізкіх тэмпаў рамонту з’яўляецца адсутнасць фінансавых сродкаў для закупу запчастак і аплаты рамонту. У некаторых арганізацыях кіраўнікі нядобрасумленна адносяцца да падрыхтоўкі да палявых работ, не ўлічваецца важнасць правільнай работы агрэгатаў і іх настройвання.

Райвыканкам прыняў рашэнне, паводле якога да 15 сакавіка 2014 года ўсе сельскагаспадарчыя арганізацыі павінны закончыць рамонт тэхнікі і правесці лінейку падрыхтаванасці машынна-трактарнага парку да правядзення веснавых палявых работ.

А надвор’е спрыяе: вось-вось пачнуцца пасяўныя работы.

Н. ЛЕАНІДАВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *