«Горошинка» представила Беларусь на фестивале Союзного государства

Важное Культура

Узорны харэаграфічны ансамбль «Гарошынка» раённага Цэнтра культуры пад кіраўніцтвам Наталлі Захаравай быў удастоены гонару прадставіць Беларусь на фестывалі Саюзнай дзяржавы «Творчасць юных».
Паездцы ў сонечную Анапу, дзе праходзіў фестываль, папярэднічаў адборачны тур. Ансамбль «Гарошынка» са Стоўбцаў звярнуў на сябе ўвагу выдатным выступленнем на абласным фестывалі «Карагод сяброў», дзе заваяваў лаўрэацкі дыплом І ступені. Яркі танцавальны калектыў са Стоўбцаў быў запрошаны прайсці адборачны тур для удзелу ў фестывалі ў Анапе. «Гарошынка» выдатна справілася з гэтым экзаменам, і калектыў адправіўся за мяжу.

Для гэтай гастрольнай паездкі была падрыхтавана беларуская праграма, якая спаўна ўвасобіла асаблівасці нацыянальнага танца, сцэнічныя строі і характар беларускага народа. Калектыў «Гарошынка» прымалі з любоўю, і гэта стала маральным стымулам паказаць на сцэне ўсё, што яны могуць, з высокім майстэрствам.
Праграма фестывалю ўключала майстар-класы па творчых дысцыплінах. На фестывалі было шырокае прадстаўніцтва калектываў з Расійскай Федэрацыі, якая аб’ядноўвае народы розных нацыянальнасцяў, таму гэтыя майстар-класы выклікалі вялікі інтарэс як у кіраўнікоў гуртоў, так і ва ўдзельнікаў ансамбляў.
«Гарошынкай» кіруе прафесіянальная танцоўшчыца, былая артыстка Тэатра музычнай камедыі. Наталля Захарава з прысутнай ёй абаяльнасцю ўпэўнена, прафесіянальна правяла свае майстар-класы. Гэтая дзейнасць у час фестывалю была ацэнена дыпломам за ўдзел у майстар-класах «Саюзная дзяржава – маладым талентам ХХІ веку».
Яркае выступленне ансамбля «Гарошынка» было ацэнена і яшчэ адным дыпломам – «За захаванне і папулярызацыю традыцый народнай творчасці».

Калектыў прыняў удзел у тэатралізаваным прадстаўленні на свяце, прысвечаным Дню Сцяга Расіі. «Барыня» ў выкананні ансамбля «Гарошынка» настолькі пакарыла ўсіх удзельнікаў свята, як і іншыя танцавальныя нумары, што стаўбцоўскаму калектыву журы аддало дыплом «Прыз глядацкіх сімпатый». Умовамі фестывалю Саюзнай дзяржавы зацверджаны толькі два лаўрэацкія дыпломы: адзін – для расійскага, другі – для беларускага ансамбля. Гэтую ўзнагароду сярод калектываў Беларусі, якія бралі ўдзел у фестывалі, атрымаў танцавальны калектыў з Віцебска са званнем заслужанага. У гэтым годзе арганізатарам фестывалю – Пастаянным Камітэтам Саюзнай дзяржавы – быў зацверджаны яшчэ адзін дыплом для расійскага і беларускага калектываў – «Прыз глядацкіх сімпатый». Яго і атрымалі стаўбчане.

Усе фінансавыя расходы на авіябілеты, пражыванне, харчаванне ўзялі на сябе арганізатары фестывалю. Удзельнікі гэтага форуму мастацтваў пражывалі ў дзіцячым аздараўленчым комплексе «Жамчужына Расіі». Нягледзячы на шчыльную праграму фестывалю, удзельнікі ансамбля змаглі выкраіць час, каб пакупацца ў моры, палюбавацца на дэльфінаў, пазагараць, не прапусціўшы ніводнага мерапрыемства. З цікавасцю была ўспрынята творчая сустрэча з заслужаным дзеячам мастацтваў Расійскай Федэрацыі кампазітарам Рыгорам Гладковым. У тэатралізаваным канцэрце-віктарыне «Дзве сястры Беларусь і Расія», падчас якога расійскія дзеці і беларускія задавалі адзін аднаму пытанні, адказы на якія паказвалі, наколькі яны знаёмыя з краінай-суседкай, стаўбцоўскія дзяўчаты набралі найбольшую колькасць балаў, а адпаведна – і прызоў. Удзельнікі ансамбля «Гарошынка» праявілі творчасць у вырабе сувеніраў «Жадаем табе, фестываль!», дзе таксама прадставілі нацыянальныя традыцыі. Падчас майстар-класа з артыстамі маскоўскага цырка Нікуліна паспелі засвоіць навуку жангліравання.

Яркія ўражанні ад паездкі ў Анапу і выдатныя вынікі выступлення ў фестывалі – добры стымул для кіраўніка і юных танцораў плённа працаваць і ў новым навучальным годзе. Па-ранейшаму, калектыў базіруецца ў стаўбцоўскай гімназіі № 1. У новым навучальным годзе працуюць шэсць падрыхтоўчых груп і чатыры – асноўныя.
Узорны харэаграфічны ансамбль «Гарошынка» быў запрошаны ўдзельнікамі абласнога свята «Дажынкі-2018» выступіць на гэтай урачыстасці, што для калектыву таксама з’яўляецца высокім гонарам.
Святлана ЖЫБУЛЬ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *