Уборка кукурузы в ОАО «Вишневецкий-агро» подходит к завершению

Важное Сельская гаспадарка

Кукуруза ў ААТ «Вішнявецкі-агра» размясцілася сёлета на 800 гектарах. На палове плошчаў высявалася насенне айчыннай вытворчасці РСУП «Эксперыментальная база «Крынічная», на астатняй – малдаўскай і нямецкай селекцый. Уборка гэтай кармавой сіласнай культуры падыходзіць у таварыстве да завяршэння.

На кукурузных палетках шчыруе механізаваны кормаўборачны атрад. На камбайнах завіхаюцца вопытны Аляксандр Маеўскі, працоўны стаж якога ў згаданай гаспадарцы налічвае дваццаць сем гадоў, і малады Максім Паплаўскі (на здымку злева ўверсе). Дарэчы, падчас жніва Максім разам з памочнікам Кацярынай Стралковіч намалацілі сёлета тысячу тон збожжа. Аляксандр Васільевіч увогуле тытулаваны работнік. На нарыхтоўцы кармоў ён заняты на працягу многіх гадоў. За высокія паказчыкі ў рабоце дбайны працаўнік на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2010» быў прэміраваны легкавой аўтамашынай.

Усяго кукурузнага сіласу, гэтага пажыўнага энергетычнага корму, плануецца закласці не менш за дванаццаць тысяч тон. Корманарыхтоўшчыкамі гаспадаркі заданне ўжо практычна выканана. Апошнімі запаўняюцца траншэі на ферме ў Крамцы. Убіраецца цяпер кукуруза за Сінявай у брыгадзе Вячаслава Ермаковіча. На трамбаванні зялёнай масы заняты Сяргей Пашкевіч і Дзмітрый Барысевіч (на здымку справа), якія працуюць на пагрузчыках.

На адвозцы зялёнай масы штодзень задзейнічаны сем адзінак тэхнікі. На велікагрузных МАЗах шчыруюць Уладзімір Ярашэвіч (сёлета першы ў раёне перавёз тысячу тон збожжа ад камбайнаў), Міхаіл Астравух, Віталій Супрун і Барыс Кійко, а на трактарах – Вячаслаў Фурсевіч і Аляксей Станкевіч. Штогод задзейнічана на адвозцы зялёнай масы кукурузы і аўтамашына з раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, на якой працуе Сяргей Стаяновіч. Прыцягвалася на дапамогу тэхніка з ДУП «Аўтапарк №17».

Абмалочваецца каралева палёў і на зерне. На гэтыя мэты адведзена сто гектараў, атрымліваюць з кожнага звыш 100 цэнтнераў зерня. На гэтай тэхналагічнай аперацыі заняты Віталій Шода, які выконвае ў гаспадарцы розныя палявыя работы і неаднойчы выходзіў пераможцам раённага і абласнога спаборніцтваў.
Кармавыя запасы на зімоўку жывёле ў таварыстве папаўняюцца.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *