На дапамогу – новая інфармацыйная праграма

Нумары Прамая лінія

image_pdfimage_print

73_1Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама заклікана ажыццяўляць сацыяльную абарону жыхароў нашага раёна. Спектр гэтай абароны шырокі, аб чым сведчыць і разнастайнасць пытанняў, якія паступілі падчас прамой тэлефоннай лініі начальніку  ўпраўлення Наталлі Лапко.

Стаўбчанін пацікавіўся: «Чаму з заработнай платы ўтрымліваецца вялікая сума на кампенсацыю расходаў на ўтрыманне дзяцей у дзяржаўных установах згодна з Дэкрэтам № 18?»

Наталля Лапко:

– Падставай з’яўляецца пункт 10 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24.11.2006  № 318 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях». Расходы па ўтрыманні дзяцей спаганяюцца з абавязаных асоб у салідарным парадку. У вашым выпадку памер заработнай платы абавязанай асобы не дазваляе ў поўным аб’ёме вяртаць затраты на ўтрыманне дзяцей у дзяржаўных установах, так як патрабавальнікамі з’яўляюцца тры ўстановы адукацыі. Згодна з Дэкрэтам № 18 з вашай заработнай платы па рашэнні суда ўтрымліваецца сума, не большая за 70 працэнтаў ад памеру заработнай платы, што не з’яўляецца парушэннем заканадаўства.

Пытанне з Дзераўной: «Пенсіянер працуе ў сельскай гаспадарцы на пасадзе заатэхніка, яго індывідуальны каэфіцыент вышэй за 1,3. У якім памеры будзе выплачвацца яму пенсія?»

– У адпаведнасці  са службовымі інструкцыямі заатэхнік з’яўляецца спецыялістам, а гэтая  прафесія не прадугледжана пералікам работнікаў, занятых непасрэдна ў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, якім выплата пенсіі праводзіцца цалкам. Таму выплата пенсіі працуючаму пенсіянеру па пасадзе заатэхніка ў адпаведнасці з арт. 83 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пенсіённым забеспячэнні» праводзіцца ў межах індывідуальнага каэфіцынта, роўнага не больш за 1,3.

Стаўбчанін пацікавіўся, ці праводзіцца надбаўка да пенсіі донару.

–  Пры прадастаўленні грамадзянінам пасведчання «Ганаровы донар» пры дасягненні агульнаўстаноўленага ўзросту пенсія павялічваецца на 40 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце. У сучасны момант памер надбаўкі складае 112800 рублёў.

Стаўбчанка папрасіла даць адказ на пытанне аб назначэнні грашовай дапамогі па доглядзе  інваліда першай  групы.

– Права на грашовую дапамогу па доглядзе  інваліда першай  групы маюць працаздольныя грамадзяне, якія не працуюць, не займаюцца прадпрымальніцтвам, не навучаюцца на дзённай форме навучання, не атрымліваюць пенсій і дапамог, штомесячнай страхавой выплаты і ажыццяўляюць пастаянны догляд  інваліда.

– Хто можа  разлічваць на сацыяльную дапамогу ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне?

– Мы працуем з усімі слаямі насельніцтва: назначаем і праводзім выплату пенсій і дапамог, дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, дапамог на нараджэнне дзіцяці, дзіцячых дапамог, дапамог па беспрацоўі, аказваем садзейнічанне ў працаўладкаванні маладым спецыялістам, аказваем фінансавую падтрымку беспрацоўным, якія жадаюць адкрыць прадпрымальніцтва, навучаем выпускнікоў нашых школ, праводзім перанавучанне грамадзян, якія жадаюць набыць іншую прафесію, што  больш запатрабавана на рынку працы, перасяляем грамадзян, якія жадаюць пераехаць жыць і працаваць у сельскую мясцовасць, і многае іншае. За ўсімі гэтымі мерапрыемствамі па сацыяльнай абароне нашага насельніцтва стаяць вялікія сродкі Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, сродкі мясцовага, рэспубліканскага бюджэтаў. Толькі за люты бягучага года ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне выплачана пенсій і дапамог на суму 27,9 мільярда рублёў, у доларавым эквіваленце гэта складае 2 мільёны 850 долараў. Прыблізна ў такіх памерах праводзяцца штомесячныя выплаты.

– Які парадак  атрымання пенсіі?

– З 1 ліпеня 2013 года ў нашым упраўленні не толькі назначаюцца пенсіі і сацыяльныя дапамогі, але цалкам фарміруюцца ведамасці на выплату пенсій і дапамог праз банкі і паштовыя аддзяленні. Раней такая работа праводзілася ў абласным выплатным цэнтры. З гэтага часу наша ўпраўленне заключыла дагаворы на абслугоўванне нашых пенсіянераў і атрымальнікаў сацыяльных дапамог з чатырма банкамі і раённым вузлом паштовай сувязі. Сярод новаўвядзенняў можна адзначыць і такое. Мы перайшлі на новую праграму, якая і дала магчымасць арганізаваць на раённым узроўні выплату пенсій, назначэнне ўсіх відаў дапамог. Гэта дзяржаўная інфармацыйная сістэма сацыяльнай абароны, праграма, над якой мы сумесна з распрацоўшчыкамі працавалі чатыры гады. На сучасны момант у праграме ГІССЗ мы працуем восем месяцаў, уносім прапановы па яе ўдасканаленні. Гэта стварае пэўныя цяжкасці ў паўсядзённай рабоце, у штаце адсутнічае спецыяліст-праграміст. Аднак нягледзячы на гэтыя абставіны ні разу не было дапушчана збояў у выплаце пенсій і дапамог. Хачу падзякаваць за гэта ўсім супрацоўнікам нашага ўпраўлення, якія праяўляюць прафесіяналізм, цярпенне і старанне для  авалодвання  новай камп’ютарнай праграмай.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *