В Столбцах прошёл областной семинар с председателями районных профсоюзов

Важное Эканомiка

У раённым Цэнтры культуры адбыўся абласны семінар-вучоба са старшынямі раённых пярвічных прафсаюзных арганізацый Стаўбцоўскага, Любанскага, Старадарожскага, Клецкага, Нясвіжскага, Крупскага, Пухавіцкага і Валожынскага раёнаў.
Адкрыў мерапрыемства намеснік старшыні Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Пётр Окунеў, які адзначыў, што ў вобласці тры базавыя раённыя арганізацыі, сярод якіх Стаўбцоўская, Барысаўская і Маладзечанская, дзе і праводзяцца семінары. Сёлета навучанне прайшлі звыш 500 старшынь пярвічных прафсаюзных арганізацый, і гэта даволі высокі паказчык. Пётр Максімавіч у далейшым расказаў і аб арганізацыйнай рабоце прафсаюзнага камітэта як сродку рэалізацыі статутных функцый. Важнейшым фактарам арганізацыйнага ўмацавання прафсаюза з’яўляецца работа па захаванні прафсаюзнага членства, прыцягненні ў прафсаюз новых членаў і стварэнні новых пярвічных прафсаюзных арганізацый.
Затым слова прадаставілі старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамары Калошыч. Яна адзначыла, што на сельгаспрадпрыемствах, арганізацыях, якія абслугоўваюць аграпрамысловы комплекс, і арганізацыях прыватнай формы ўласнасці, звязаных з сельгасвытворчасцю, створана 29 пярвічак (за апошнія гады – сем новых), якія аб’ядноўваюць у сваіх радах 3740 членаў прафсаюза. Кадравы састаў падабраны дастойны, ёсць маладыя лідары і даволі вопытныя. Галоўная задача прафсаюзаў – абарона сацыяльных правоў і гарантый працаўнікоў. У гэтым плане нямала зроблена. Ва ўсіх пярвічках заключаны з наймальнікамі калектыўныя дагаворы, у якіх працаўнікам гарантаваны розныя сацыяльныя выплаты. Тамара Іосіфаўна расказала аб культурна-масавай і спартыўнай рабоце, якая праводзіцца райкамам, прафсаюзных акцыях і мерапрыемствах, арганізаваным працоўным спаборніцтве. Старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ТАА «СЖК «Налібакі» Міраслаў Грыгаровіч расказаў аб практыцы работы сваёй пярвічкі, якая будуецца ў поўным узаемадзеянні з рэкамендацыямі райкама прафсаюза.
Аб калектыўна-дагаворным рэгуляванні сацыяльна-эканамічных адносін расказала загадчыца аддзела па сацыяльна-эканамічнай рабоце Мінскага абкама прафсаюза Аксана Бельская. Яна падкрэсліла, што калектыўны дагавор – важны дакумент, які заключаецца з наймальнікам на тэрмін ад аднаго да трох гадоў і пачынае дзейнічаць з даты яго падпісання.
Аб ролі і задачах старшыняў прафкамаў па ажыццяўленні грамадскага кантролю за прытрымліваннем заканадаўства па ахове працы гаварыў галоўны тэхнічны інспектар працы Мінскага абкама прафсаюза Аляксандр Мотуз. Быў зроблены ўпор на прафілактыку траўматызму, каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў і захаваць здароўе работнікаў.
Аб грамадскім кантролі за прытрымліваннем заканадаўства аб працы і асноўных парушэннях, якія былі выяўлены падчас праверак, расказаў галоўны прававы інспектар працы Мінскага абкама прафсаюза Андрэй Лагвінец. Размова вялася аб працоўным распарадку і рэжыме рабочага дня. А таксама аб новаўвядзеннях пры афармленні працоўных кніжак. Здаровы псіхалагічны клімат – залог паспяховай работы. Менавіта аб уменні наладзіць кантакт з людзьмі, зразумець і прыняць кожнага работніка гаварыла выкладчыца УА «МИТСО» Таццяна Пласцініна.
Прысутным быў прадэманстраваны фільм аб дзейнасці галіновага прафсаюза. Варта адзначыць, што прафсаюз работнікаў АПК самы шматлікі сярод усіх, якія ўваходзяць у склад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Семінары-вучобы сталі традыцыяй і праводзяцца штогод, іх мэта – удасканаленне формаў і метадаў прафсаюзнай работы на месцах. На гэтым зрабіла акцэнт начальнік вучэбна-метадычнага аддзела РВМЦП УА «МИТСО» Вольга Шыян, якая таксама прыняла ўдзел у рабоце семінара.
Падвёў вынікі мерапрыемства загадчык аддзела арганізацыйнай работы Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Іван Касцевіч, які адзначыў, што Мінская абласная прафсаюзная арганізацыя самая актыўная. Прафсаюзныя лідары на месцах умеюць працаваць з людзьмі і адстойваць іх інтарэсы.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *