В Налибокской пуще задержали мужчин за самогоноварение

Ахова правапарадку Важное

У выніку сумеснага рэйду Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету і райаддзела міліцыі ў гушчары Налібацкай пушчы затрыманы трое мужчын, якія займаліся самагонаварэннем.
Для інспектараў карціна ў шэсць гадзін нядзельнай раніцы была амаль што сюррэалістычная: гарыць сярод лесу касцёр, а на ім нешта булькае. Угадваецца самагонны апарат, побач з ім стаяць бакі з брагай. Нарыхтаваны дровы, і гэта не што іншае, як толькі што ссечаныя дрэвы. Працэс у самым разгары. Ля вогнішча дзяжураць трое мужчын…
Адзін з начных «працаўнікоў», як высветлілася, – з Налібакаў, другі – з Целяхоў, трэці – стаўбчанін, але з’яўляецца ўраджэнцам Целяхоў. У іх «вытворчасці» было 400 літраў брагі, якую і знішчыла міліцыя. У адносінах да двух мужчын, пушчанскіх жыхароў, складзены адміністрацыйныя пратаколы за захоўванне самагоннага апарата. Трэці, стаўбчанін, не меў дачынення да апарата, але забяспечваў бровар сыравінай.
Таксама прадстаўнікі інспекцыі склалі ў адносінах да парушальнікаў па два адміністрацыйныя пратаколы: за самавольную высечку драўніны (яе незаконна высечана 6,1 м3) і за забруджванне вытокаў ракі Блюшка. Кожнаму з іх пагражаюць буйныя штрафы, агулам да 50 базавых велічынь.
Каменціруючы гэты прыкры факт, звязаны як з парушэннем антыалкагольнага, так і прыродаахоўнага заканадаўства, начальнік аддзела прафілактыкі і аховы правапарадку райаддзела міліцыі Юлія Белавусава адзначыла наступнае:
– Супрацоўнікамі міліцыі ў ходзе рэалізацыі комплексу мерапрыемстваў у чэрвені бягучага года былі затрыманы жыхар Дзераўной і жыхар Ніўнага, якія захоўвалі ў сваіх гаспадарчых пабудовах 1140 і 1200 літраў самагоннай брагі адпаведна. За гэта кожны з іх аштрафаваны судом раёна на пяць базавых велічынь, самагонныя апараты канфіскаваны. Увогуле ў раёне за дзевяць месяцаў выяўлена 47 фактаў парушэння антыалкагольнага заканадаўства, падчас іх канфіскавана 12 самагонных апаратаў і знішчана больш за 2800 літраў рознай спіртаўтрымліваючай вадкасці.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *