Бывший лидер комсомольского движения Столбцовщины о работе с молодежью

Главное Соцыум

Івана Вільняўца добра ведаюць многія стаўбчане. На працягу апошніх трох дзясяткаў гадоў ён быў арганізатарам спартыўнай работы на Стаўбцоўшчыне. Працаваў з моладдзю і дарослымі людзьмі ў працоўных калектывах, спрыяючы таму, каб спорт і здаровы лад жыцця станавіліся масавымі і запатрабаванымі для кожнага. У свой час пуцёўку ў жыццё, такое актыўнае і насычанае, даў Івану Іванавічу камсамол.

– Пасля заканчэння Аталезскай школы я паступіў на гістфак Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Чаму менавіта туды? – задаецца пытаннем Іван Вільнявец: – Таму што там гісторыя ішла з «дапаўненнем» – «Методыка партыйнай і камсамольскай работы». З-за гэтага перыяд вучобы быў падоўжаны на год. Падказала мне сястра, якая вучылася ў гэтай ВНУ. Канешне, я «загарэўся». Быў актывістам, сакратаром камсамольскай арганізацыі школы. Закончыў яе з залатым медалём і мог у прынцыпе выбраць любую прэстыжную прафесію. Але ад пачатку я быў «запраграмаваны» на грамадскую работу. У 1979-м закончыў універсітэт. Потым адслужыў у арміі. Працаваў год у Гродне – вызваленым сакратаром камсамольскай арганізацыі тэхнікума фізкультуры. А ў 1982 годзе паклікала малая радзіма…
– Іван Іванавіч, што запомнілася з вашай дзейнасці ў Стаўбцоўскім райкаме камсамола?
– Пераводам мяне ўзялі інструктарам Стаўбцоўскага райкама камсамола, а праз некалькі месяцаў зацвердзілі на пасадзе загадчыка аддзелам камсамольскіх арганізацый. На гэтай пасадзе папрацаваў тры гады, пасля чаго быў накіраваны на пасаду інструктара арганізацыйнага аддзела райкама партыі.
Што запомнілася?.. Наш аддзел працаваў з рабочай моладдзю, у калектывах. Камсамольскія арганізацыі прадпрыемстваў і калгасаў былі вялікія, і шмат дзе нават мелі ў сваім саставе цэхавыя. У камсамольскай арганізацыі райспажыўтаварыства сакратар быў вызваленым. На той час на гэтай пасадзе працавала Тамара Пяткевіч. Мы аказвалі дапамогу ў падрыхтоўцы камсамольскіх сходаў, пачынаючы ад цэхавых і заканчваючы агульным. Удзел у іх брала і кіраўніцтва прадпрыемства, раёна. Камсамольскія сходы былі падзеяй у калектыве. Яшчэ мы займаліся пастаноўкай на ўлік моладзі, якая вярнулася з радоў савецкай арміі, прыёмам рабочай і сельскай моладзі ў рады ВЛКСМ. Арганізоўвалі сацыялістычнае спаборніцтва сярод моладзі. Колькі было ўручана грамат і падарункаў лепшым маладым даяркам, камбайнерам, механізатарам! Выязджалі ў поле, на фермы. Уяўляеце, у адным калгасе тады працавала 200 і больш чалавек моладзі!.. Сёння, на жаль, тэхнічны прагрэс выцясніў моладзь у гарады, ды і нараджальнасць увесь час падае. З актыву моладзі быў сфарміраваны камсамольскі атрад дружыннікаў. Мы дзяжурылі на вуліцах горада, заходзілі ў РДК. Якія там танцы былі! Гэта была жывая і цікавая работа. Маімі непасрэднымі памочнікамі былі загадчык сектара ўліку райкама камсамола Зінаіда Собаль, інструктар Ганна Паўлоўская. Першым сакратаром райкама тады быў Леанід Матусевіч, сакратаром – Галіна Суднік (яна вяла работу са школьнікамі).

– Можаце прыгадаць тых, хто лідзіраваў у камсамольскім руху Стаўбцоўшчыны?
– На слыху былі камсамольскія арганізацыі ПЭСа, ДБУ № 29, райсельгастэхнікі, аўтапарка № 17. Мне прыгадваецца былы калгас імя Гастэлы і яго сакратар камсамольскай арганізацыі Іна Маліноўская, а таксама адна з буйных камсамольскіх арганізацый раёна – калгаса імя Леніна – на чале з Ірынай Коржык.
Стаўбцоўская раённая камсамольская арганізацыя была лідарам у Мінскай вобласці. На яе базе нярэдка праходзілі абласныя мерапрыемствы – канферэнцыі, пленумы, вучобы камсамольскага актыву. Памятаю, як у практычнай частцы мы наведвалі дрэваапрацоўчы камбінат і знаёміліся з работай камсамольскай арганізацыі, адной з лепшых у раёне. Дзялілася вопытам яе сакратар, эканаміст Ірына Халапук, якая паспяхова спалучала асноўную работу з грамадскай нагрузкай.
– Што, на вашу думку, даў камсамол моладзі?
– З развалам Савецкага Саюза часта чую нараканні на тое, што камсамол быў не патрэбны. Задаю ў адказ пытанне: «А што дрэннага зрабіў камсамол?» Ён аб’ядноўваў моладзь і выхоўваў яе, накіроўваючы на добрыя справы. Варта прыгадаць тую ж падрыхтоўку да святаў у калгасах, спартакіяды. Можаце сабе ўявіць, што ў кожным калгасе тады была свая футбольная каманда! Ды і камсамольскія сходы – гэта важны ўчастак работы з людзьмі. На іх маглі пахваліць, а, калі трэба, маглі і паўшчуваць. Усе разам працавалі і адпачывалі.

– Набліжаецца знамянальная дата – 100-годдзе ВЛКСМ. Асабіста вы не шкадуеце, што ў сваёй біяграфіі маеце ярка выражаную «камсамольскую» старонку?
– Не шкадую. Мне па душы работа з людзьмі, тым больш, з людзьмі маладымі, якія самавызначаюцца. Да яе нас рыхтавалі ва ўніверсітэце, а там, паверце, база для гэтага была сур’ёзная, саюзнага значэння. Туды і паступіць было складана – восем чалавек на месца. Фактычна ў нашых руках аказалася ідэалагічная работа з моладдзю. Мы вырашалі комплекс важных пытанняў і маладзёжных праблем. Гэта ўсё дысцыплінавала і вяло да парадку на прадпрыемствах, самадысцыпліны. Быў бачны вынік. Людзі цягнуліся адзін да аднаго. Будучы маладым, я сам рэалізоўваўся і дапамагаў рабіць гэта іншым. У рабоце з моладдзю нельга не «запальвацца». Камсамолу – дзякуй. За жыццёвы вопыт, навыкі работы з людзьмі, якія спатрэбіліся ў далейшым.
Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *