Галина Капуста со Старины знает как создать красоту вокруг себя

Важное Соцыум

ГАЛІНА КАПУСТА ў вёсцы Старына славіцца тым, што ўмее ўпрыгожыць сваё жыццё. Найперш – шыкоўнымі клумбамі ў агародзе і двары. У яе не проста кветкі, а сартавыя, ім патрэбен асаблівы догляд, бо яны вельмі далікатныя. Яе ружамі, каляровымі гартэнзіямі ўсе любуюцца.

А ў доме ў яе – вышыванкі, сама яна – у вязаных кручком рэчах. Заўжды жанчыну ўпрыгожвала творчасць, адзенне, выкананае мастацкім рукадзеллем, надавала жаноцкасць.
Мы любуемся і захапляемся не толькі вязанымі рэчамі, вышытымі карцінамі, але і абрусамі, пакрываламі, падушачкамі, сурвэткамі. У Галіны Дзмітрыеўны засталіся рукатворныя рэчы яшчэ ад бабулі, як і дар рукадзелля. Мы ўпершыню ўбачылі абрус з дамашняга палатна, аздоблены пад колер тканкі вышытымі дарожкамі з ільняных ніткак. Сапраўдны твор мастацтва, ды яшчэ такі адметны сваёй рэдкасцю.
Цікава пачуць, што для Галіны Дзмітрыеўны гэта хобі, яе занятак на грамадскай рабоце ніяк не быў звязаны з мастацкай творчасцю.
Напачатку ў яе былі гады працы ў райспажыўтаварыстве, затым – у школе-інтэрнаце ў Задвор’і, потым – у жывёлагадоўлі мясцовага калгаса. Цяпер Галіна Дзмітрыеўна на пенсіі, і свой час праводзіць за мастацкай работай. А ў маладосці, каб звязаць ці вышыць задуманае, патрэбна было ахвяраваць сваім вячэрнім ці начным часам.
Яе радуе, што дачка – выхавацель Шашкоўскага дзіцячага сада Людміла Бізгень – таксама мае залатыя рукі, многае пераняла ад маці, а яшчэ выдатна пляце з газетных трубачак. Унучка Надзея, студэнтка Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, унаследавала ад маці мастацкую творчасць і шмат што можа выканаць сваімі рукамі.
За Галіну Дзмітрыеўну можна парадавацца, што жыве яна ў створаным уласнымі рукамі і душой мастацкім інтэр’еры, а не ў халодным офісным аздабленні пакояў так званага еўрапеўскага стылю. Мы сагрэліся ў яе дома, атрымаўшы задавальненне і ад зносін з ёю, і ад знаёмства з яе творчасцю.
Святлана ЖЫБУЛЬ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *