В крестьянском фермерском хозяйстве «Сула» выращивают новые сорта картошки

Главное Сельская гаспадарка

У нашым раёне створаны і паспяхова працуюць па вырошчванні насеннай і таварнай бульбы, а таксама яе рэалізацыі, тры прыватныя фірмы – СФГ «Сула», ТАА «Аграцэнтр Сула» і ТАА «Сула Плюс», якія, па-сутнасці, утварылі аграхолдынг. Бізнес развіваецца, пашыраецца. На бульбяным рынку краіны і за яе межамі заваяваны немалы аўтарытэт. Павялічылася ўраджайнасць другога хлеба і ў бульбаводчых гаспадарках раёна, менавіта дзякуючы сялянскай фермерскай гаспадарцы «Сула», якой кіруе Уладзімір Радзевіч, і дзе вырошчваецца насенне перспектыўных сартоў бульбы.
На пачатку мінулага тыдня ўборка бульбы ў СФГ «Сула» завяршылася. Накапана звыш сямі тысяч тон, сабралі з кожнага гектара па 320 цэнтнераў.
У ТАА «Аграцэнтр Сула» работа завяршаецца. Ураджайнасць таксама высокая. Задзейнічаны чатыры бульбаўборачныя камбайны, на якіх працавалі механізатары Пётр Босы, Вадзім Улевіч, Аляксей Салавей і Генадзій Вайцяхоўскі. А таксама дзве навясныя бульбакапалкі, на якіх шчыравалі Віталій Янкоўскі і Аляксандр Калесянкевіч.
– Бульбакапалкі выкарыстоўваюцца ў камбінацыі з бульбаўборачнымі камбайнамі, у працэсе ўборкі яны ўкладваюць клубні з двух радкоў на адзін – суседні. Робіцца гэта для таго, каб тэхналогія ўборкі была менш затратнай, – тлумачыць аграном Павел Сарока, з якім сустрэліся на бульбяных палетках за вёскай Стары Свержань. – Калектыў механізатараў налічвае васямнаццаць чалавек – усе работнікі шырокага профілю. Разам мы вырошчваем ураджай, і кожны добрасумленна выконвае даручаную яму справу. На вызваленых плошчах цяпер вядуцца палявыя работы пад ураджай будучага года.
Працэс уборкі бульбы бесперапынны, пакуль спрыяла надвор’е, усе стараліся хутчэй убраць вырашчанае. На кожным камбайне рупіліся па два работнікі, якія ачышчалі бульбу ад камення і непатрэбных прымесяў. На адвозцы ўраджаю задзейнічаны аўтамашыны аграхолдынга, на якіх працуюць Канстанцін Суднік, Сяргей Уласік, Валерый Бутырын і Мікалай Волчанка. Наймаюць і прыватнікаў.
– Садзілі некалькі сартоў, менавіта на гэтым участку – «гала» і «кронэ», – уключаецца ў размову дырэктар ТАА «Аграцэнтр Сула» Эдуард Янкоўскі. – Самы ўраджайны сорт – «кронэ», які ў лепшыя гады аддзячваў нам 550 цэнтнерамі клубняў з гектара, а ў сёлетніх экстрэмальных умовах надвор’я сабралі каля 400 цэнтнераў на круг. З мэтай павелічэння ўраджайнасці ажыццяўлялі паліў. Выканалі гэтую тэхналагічную аперацыю, наколькі дазвалялі магутнасці, на 180 гектарах.
У таварыстве сёлета размнажалі бульбу і на насенне. Вясной кіраўніцтвам ТАА «Сула Плюс» завезена з вядучых нямецкіх кампаній суперэлітнае і элітнае насенне васьмі перспектыўных сартоў. У гэтым ёсць патрэба, бо ў хуткім часе з’явіцца магчымасць яе перапрацоўкі на месцы. Будуецца і будзе ўведзены ў строй дзеючых высокатэхнічны завод па перапрацоўцы бульбы ў сухі парашок, які выкарыстоўваецца ў харчовай прамысловасці для вытворчасці вараных каўбас і запатрабаваны на рынку. Адначасова будзе наладжана безадходная вытворчасць бульбы, а іменна, перапрацоўка дробнай, якая адгружаецца на крухмальныя заводы. Некаторы задзел для работы завода ўжо зроблены, спецыяльна для вытворчасці бульбяных шматкоў вырошчвалі і заклалі ў сховішчы сарты бульбы з высокай крухмалістасцю. Ужо ў наступным годзе плошча пад вырошванне бульбы будзе павялічана да 1450 гектараў.
Пакуль жа ўраджай бульбы паступае ў бульбасховішчы, затым рэалізуецца спажыўцам. Схема даволі простая. З поля аўтамашыны прывозяць клубні на сартавальны комплекс, дзе вядзецца іх пераборка. Насенная і харчовая бульба засыпаецца ў скрыні, якія адразу ж змяшчаюцца ў спецыяльныя камеры, у якіх падтрымліваецца неабходная тэмпература.Такім чынам, бульба тут можа захоўвацца да студзеня–лютага, калі пачынаецца яе актыўны продаж. Усе працэсы ў бульбасховішчах аўтаматызаваны. Устаноўлены камп’ютар, што дае магчымасць сачыць са станам бульбы. Будуюцца яшчэ тры бульбасховішчы, кожнае ўмяшчальнасцю да дзевяці тысяч тон.
Па меры паступлення заказаў, адабраная для рэалізацыі партыя бульбы праходзіць перадпродажную падрыхтоўку. Дзеля гэтага ў ангары ўстаноўлена і выкарыстоўваецца галандскае абсталяванне. Ажыццяўляецца сухая чыстка, па жаданні заказчыка бульба мыецца. Прадукцыя затарваецца ў стандартныя сеткі па 25 кілаграмаў.
– Работа гэтая выконваецца з дапамогай робата, што дазволіла аблегчыць працу людзей, – расказвае загадчык склада Віктар Валявач. – Ёсць фірменная поліэтыленавая ўпакоўка па 2,5 кілаграма. Асноўнымі спажыўцамі бульбы ў такой фасоўцы выступаюць гандлёвыя кропкі Масквы і Санкт-Пецярбурга. Бульба рэалізуецца ў Расію, Малдову, Казахстан і Сербію.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *