Мини-музей создали в детском саду №8 г. Столбцы

Адукацыя Важное

У ДЗІЦЯЧЫМ САДЗЕ № 8 г. Стоўбцы створаны ўмовы, неабходныя для развіцця ў дзяцей пазнавальнай цікавасці да сваёй этнічнай прыналежнасці, уяўленняў пра сябе, як частку беларускага грамадства.

Педагогі дашкольнай установы звяртаюцца да нацыянальных традыцый і беларускага фальклору. Яны імкнуцца выхаваць дзяцей працавітымі, добрымі, ветлівымі, сціплымі, якія добра ведаюць і паважаюць мінулае, вытокі, гісторыю і культуру свайго народа.
З мэтай развіцця ў дашкольнікаў цікавасці да нацыянальнай культуры, пашырэння ўяўленняў пра абрады і звычаі беларусаў, фарміравання пачуцця гонару за багатую культурную спадчыну нашага народа ў дашкольнай установе быў створаны міні-музей «Беларуская хатка».
Выставы тут змяняюцца ў залежнасці ад назваў тэматычных дзён, тыдняў. Напрыклад, «Беларуская народная творчасць», «Дзень роднай мовы», «Вандраванне ў горад майстроў», «Ганчарныя вырабы», «Лялькі з саломы і льну», «Літаратурныя вячоркі». У дальнейшым у музеі плануецца правядзенне нацыянальных фальклорных свят – «Багач», «Калядкі», «Масленіца».
Наведвальнікамі хаты з’яўляюцца не толькі выхаванцы старэйшых груп, а і дзеці малодшых груп, для якіх экскурсіі праводзяць не толькі выхавацелі, а і дашкольнікі старэйшых груп. Дзецям дазваляецца памераць лапці, «узбіць» масла ў маслабойцы, разгледзець зблізу вышыты ручнік. Тады яны адчуваюць сябе далучанымі да працэсу і пачынаюць цікавіцца гісторыяй з’яўлення экспаната, лягчэй засвойваюць матэрыял. Пры арганізацыі заняткаў у міні-музеі выкарыстоўваюцца розныя мастацкія сродкі. Загадкі, прыказкі, прымаўкі пра экспанаты музея, расказаныя гульнёвымі персанажамі: дамавым Кузем, Бабай Ягой, дапамагаюць данесці да дзяцей матэрыял больш даступна.
Важная асаблівасць музея – удзел у яго стварэнні дзяцей і іх бацькоў. Дашкольнікі такім чынам адчуваюць сваю прыналежнасць да творчасці, тут яны ўжо не проста сузіральнікі, а сааўтары. Таксама бацькі актыўна прымаюць удзел у мерапрыемствах дашкольнай установы: ранішніках, народных і спартыўных святах.
Толькі той, хто любіць, шануе і паважае захаванае папярэднім пакаленнем, можа любіць радзіму, пазнаваць яе, стаць сапраўдным патрыётам.
Вікторыя МІТКЕВІЧ, намеснік загадчыка дзіцячага сада № 8 г. Стоўбцы



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *