«Нёман-Агро» против «Энергетик-БГАТУ». Счёт 7:5

Спорт

Гледачы, якія прыйшлі на стадыён «Юнацтва», засталіся задаволенымі. Яны сталі сведкамі, як мячы адзін за другім, а ўсяго дванаццаць, уляталі ў вароты. Галоўнае ж, што ў сустрэчы стаўбцоўскай каманды «Нёман-Агра» і мінскай «Энергетык-БГАТУ» з лікам 7:5 перамаглі стаўбчане.

Футбол – гульня такая, што колькі галоў ні забівай – адзін ці дзесяць – галоўнае, каб сапернік правёў у твае вароты менш. Перамога ж заўсёды ацэньваецца трыма паўнаважкімі ачкамі.
А перамогі заўзятары каманды нашых нёманцаў чакалі даўно, цэлыя два месяцы, калі адолелі гомельскі «Бумпрам». А затым пайшлі паражэнні. І каманда паступова адступала да дна турнірнай табліцы. Будзем меркаваць, што футбалісты належна ўспрынялі заклік трэнера: «Ні кроку назад!» Бо далей – мяжа, за якой дарога на наступны сезон з чэмпіянату рэспублікі ў іншы, ніжэйшы рангам турнір.
Сапернік, каманда сталічных энергетыкаў, якраз і мясцілася разам са стаўбчанамі на дванаццатай-трынаццатай пазіцыі з роўнай колькасцю ачкоў – па 19. Хто каго апярэдзіць? Першыя хвілін 15 ішла, можна сказаць, разведка боем. А потым нашы ўзвінцілі тэмп. І вось доўгачаканая падзея – Аляксандр Паляшчук адкрывае лік. Праз пяць хвілін выніковы ўдар удаецца Багдану Дубовіку – 2:0. Неўзабаве Дзмітрый Стомаль забівае трэці гол. Гасцям удаецца «размачыць» лік – 3:1. Гэта яшчэ больш «завяло» нашых. Двойчы Дубовік, а таксама Павел Туміловіч даводзяць лік да 6:1. Такія прыемныя лічбы і засталіся на табло, калі каманды пайшлі на перапынак.
Прайшло каля дваццаці хвілін пасля працягу гульні, і гасцям удаецца правесці ў нашы вароты другі мяч – 6:2. Тут жа Паляшчук мяняе лічбы на 7:2. Нарэшцэ і мы ўбачым разгромную вікторыю ў нашу карысць? Аднак не, госці не думаюць здавацца, на працягу прыкладна пятнаццаці хвілін яны праводзяць свае тры мячы. Можа, тут ролю сыграла тое, што ў нашым саставе былі зроблены замены, – далі магчымасць паспрабаваць сілы маладзейшым.
Як бы ні было, а перамога абнадзейвае. Важна, што футбалісты адчулі: пры належным настроі і праяўленні майстэрства ўдача не адвернецца. Далей жа будзе няпроста. Наступны выезд – у Івацэвічы, каманда гэтага горада цяпер на шостым месцы. Давядзецца накіроўвацца і ў Смалявічы, чый калектыў займае дзявятае месца. А на стадыёне «Юнацтва» будзем прымаць ФК «Клецк», што, як і стаўбчане, змагаецца за тое, каб не быць сярод апошніх. А таксама ФК «Ашмяны-БДУФК», які займае трэцюю прызавую пазіцыю і яшчэ не страціў шанцы падняцца ў першую лігу айчыннага футбола. Праўда, адставанне ашмянцаў, якім, бачна па абрэвіятуры, дапамагае Дзяржуніверсітэт фізічнай культуры, ад «Руха» і «Крумкачоў» істотнае – адпаведна дзевяць і восем ачкоў. Амаль стопрацэнтна брэстчане і мінчане забраніравалі сабе месцы ў першым дывізіёне. Каманды ж Клецка, Маладзечна, Стоўбцаў, Горак і мінская «Энергетык-БГАТУ» абавязаны вырашаць сваю надзённую задачу – застацца ў рэспубліканскім першынстве. Пажадаем жа нашым поспеху.
Ф. БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *