В Деревнянском сельсовете провел приём граждан Максим Шеко

Афіцыйна Важное

У Дзераўнянскім сельскім выканаўчым камітэце правёў прыём грамадзян намеснік старшыні – начальнік упраўлення кантролю за работай аграпрамысловага і прыродаахоўнага комплексаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці Максім ШЭКА.
Да Максіма Уладзіміравіча звярнулася жыхарка аг. Дзераўная Рамуальда Грамыка. Яе ўжо некалькі гадоў хвалюе пытанне продажу акцый ААТ «Аграбудфірма «ПМК-74 – Налібакі» таварыству. Гэтае пытанне хвалюе яшчэ 61 жыхара аграгарадка. Яны таксама ў свой час прадалі акцыі ПМК-74, а грошы не атрымалі і сёння. Намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці ўважліва выслухаў жанчыну і тлумачэнні дырэктара ПМК-74 Івана Лобача.
Максім Шэка параіў звярнуцца ў падатковую інспекцыю для адкрыцця рахунку на неадкладныя патрэбы і пачаць паэтапную выплату грамадзянам. Увогуле, данае пытанне будзе дадаткова вывучана, а жыхары аг. Дзераўная праінфармаваны.
Дзераўнянцаў хвалюе і пытанне абсталявання перахода паблізу аўтобуснага прыпынка на перакрыжаванні вуліц Меліяратараў і Ніўнянскай.
Максім Уладзіміравіч выслухаў тлумачэнні па гэтым пытанні намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Цывакі і дырэктара філіяла ДРБУ № 135 КУП па праектаванні, рамонце і будаўніцтве дарог «Мінскаблдарбуд» Вадзіма Савіцкага. Пасля прыёму грамадзян ён выехаў на месца, каб разабрацца ў сітуацыі. «Сапраўды, месца для перахода праз вуліцу небяспечнае. Тут ажыўлены рух транспарту, таму, каб забяспечыць бяспеку грамадзян, у першую чаргу неабходна зрабіць пешаходную дарожку, нанесці разметку, а затым займацца перабудовай згаданага ўчастка вуліцы», – рэзюмаваў Максім Шэка.
Усе пытанні, паднятыя падчас прыёму грамадзян, узяты на кантроль. «Праблемы чалавека не могуць быць дробязнымі, трэба пачуць кожнага, каму неабходна дапамога, ніякіх бюракратычных бар’ераў не павінна быць. Мы прадаўжаем практыку маніторынгаў работы са зваротамі грамадзян, выязджаем у рэгіёны, стараемся людзям дапамагчы вырашыць іх жыццёвыя праблемы», – падвёў вынікі сваёй працы ў аг. Дзераўная намеснік старшыні – начальнік упраўлення кантролю за работай аграпрамысловага і прыродаахоўнага комплексаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці Максім Шэка.
У другой палове дня Максім Уладзіміравіч пазнаёміўся з работай ААТ «Дзераўное».
Акрамя гэтага камітэт дзяржкантролю Мінскай вобласці правёў маніторынг па пытаннях правядзення ўборачных работ, нарыхтоўкі кармоў, падрыхтоўкі жывёлагадоўчых аб’ектаў да зімова-стойлавага перыяду 2018-2019 гадоў у ААТ «Радзіма Дзяржынскага», «Налібакі Агра», «Шашкі», «Каганец».
У ААТ «Радзіма Дзяржынскага» ўстаноўлена такое парушэнне: пры плане нарыхтоўкі сенажу і сіласу 16 811 тон былі падрыхтаваны траншэі ўсяго на 15 000 тон. Паводле слоў дырэктара таварыства, гаспадарка плануе павялічыць аб’ём нарыхтоўкі кармоў у палімерную ўпакоўку ў адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта краіны. На 15.10.2018 было нарыхтавана 5,8 тысячы тон сенажу (66% да плана), у тым ліку ў палімерную ўпакоўку – 989 тон, сілісу – 5,2 тысячы тон (57,7%).
Таксама парушэнні тэмпаў нарыхтоўкі кармоў адзначаны ў ААТ «Шашкі», «Каганец», «Рочавічы», «Дзераўное», СГФ «Аталезь-Агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», ААТ «Радзіма Дзяржынскага», «Вялікі Двор». Ніжэйшыя за сярэднеабласны ўзровень тэмпы правядзення зяблевага ворыва адзначаны ў ААТ «Шашкі» (12%), «Рочавічы» (15%) «Радзіма Дзяржынскага» (23%), «Налібакі Агра» (26%). Нізкія тэмпы вывазкі арганічных угнаенняў адзначаны ў ААТ «Каганец» (4%), «Вішнявецкі-агра» (10%), «Рубяжэвічы» (9%), СГФ «Аталезь-Агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» (12,2%).
Акрамя таго, каля в. Трылес (у напрамку в. Найдзёнавічы) выяўлена каля 100 гектараў заросшых пустазеллем сельскагаспадарчых зямель.
Маніторынг будзе прадоўжаны.
Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *