Усё лепшае ў жыцці — ад камсамола

Моладзь Стаўбцоўшчыны

У раённы камітэт БРСМ пазваніў з Дзяржынскага раёна Мікалай Мірон, прадстаўнік аднаго са старэйшых пакаленняў камсамольцаў. Яму, уладальніку знака «Выдатнік народнай адукацыі» Міністэрства асветы БССР і медаля «За доблесную працу», сёння 82 гады, а ў пару маладосці ён быў сярод камсамольскіх лідараў раёна. У 1959 годзе Мікалай Уладзіміравіч быў выбраны другім сакратаром, у 1961-м – першым сакратаром Стаўбцоўскага райкама ЛКСМБ. У 1963-м яму давялося папрацаваць і першым сакратаром камітэта камсамола Стаўбцоўскага вытворчага калгасна-саўгаснага ўпраўлення.
Відавочна, што Мікалай Мірон не забывае сваё камсамольскае мінулае на роднай зямлі, з ахвотай дзеліцца ўспамінамі. Шаноўны ветэран камсамольскага руху выказаў гатоўнасць у гонар 100-годдзя ВЛКСМ прыехаць у Стоўбцы для ўрачыстага ўручэння членскіх білетаў членам грамадскага аб’яднання «БРСМ».

– Мікалай Уладзіміравіч, 60-я гады мінулага стагоддзя – гэта наша гісторыя. І вы былі тады юным, фактычна выпускніком ВНУ, калі вас абралі ў раённы камітэт ЛКСМБ. Якія задачы прыходзілася тады выконваць?
– Задачы ставіў перад намі райкам партыі. І сёння я з павагай прыгадваю Стаўбцоўскі райкам партыі, той незабыўны час. Тады я быў маладым, меў жонку і маленькага сына. Жылі на кватэры, але я і не прасіў, каб выдзелілі жыллё. Сорамна было – толькі пачынаў працаваць. Неўзабаве ў Стоўбцах пабудавалі шматпавярховы дом, мне выдзелілі ў ім кватэру. Яшчэ больш аддаўся рабоце. У тую пару ў раёне працавалі знакамітыя кіраўнікі калгасаў і прадпрыемстваў, дырэктары школ. На іх фоне мяне ўвесь час турбавала пытанне: «Якую карысць магу прынесці я?».
Пасля камсамольскай работы я трапіў у Валмянскую спецшколу-інтэрнат (тады Волма адносілася да Стаўбцоўскага раёна). Лічу, што ўсё лепшае ў жыцці даў мне менавіта камсамол. Прыдаліся атрыманая загартоўка, адукаванасць, дзелавітасць, смеласць – і ў мяне ўсё атрымалася.
– Чым вы маглі зацікавіць моладзь, як ладзілі з ёй адносіны?
– Моладзь жыла тымі праблемамі, якімі і ўсе жыхары раёна. Праводзілі мерапрыемствы па нарыхтоўцы арганічных угнаенняў. Вазілі іх на конях (трактароў тады не было). Стваралі маладзёжныя звенні. На пад’ёме быў школьны камсамол. Мы ажыццяўлялі кіраўніцтва над піянерскай арганізацыяй. Запомніліся маладзёжныя сустрэчы з пісьменнікамі ў Дубах. Мы дружылі з моладдзю. Абстаноўка была вельмі канструктыўная.
– У вас найбагацейшы вопыт работы з моладдзю. У чым яго стрыжань?
– Мы стараліся рабіць карысныя для моладзі справы. Але здаралася ўсякае. Неяк прыйшло ў галаву зрабіць на беразе Нёмана танцпляцоўку. Ужо зрабілі фундамент пад яе, але потым зразумелі, што гэта можа быць небяспечна. І яшчэ адзін эпізод звязаны з маёй памяццю пра вайну. Я добра запомніў яе выбухі, блакаду мясцовых жыхароў, бо ў 43-м ужо быў сямігадовым хлапчуком. Нарадзіўся ў Аталезі, недалёка ад партызанскага Хутар-Барка. У сваёй лазні мы выходжвалі трох параненых партызанаў. А тут неяк недалёка ад нашага дома паранілі немца, і ворагі давай несці яго акурат да нас. Дзед потым адвёз гэтага немца ў Стоўбцы і неяк абышлося. Але які быў перапалох!.. У 1960 годзе, праз 15 гадоў пасля заканчэння вайны, праз Стаўбцоўшчыну прайшоў першы марш міру. Яго ўдзельнікі ішлі па аўтамагістралі (тады гэта была звычайная гравійная дарога). Сярод іх былі прадстаўнікі розных краін, у тым ліку і Германіі. Мы сустракалі іх, гутарылі з імі… Я не ўтрымаўся і не вельмі добра выказаўся пра нямецкі народ. За тыя свае словы і сёння адчуваю няёмкасць…
– З часам свядомасць чалавека мяняецца, прыходзіць унутранае прымірэнне. Вы выказалі свае адмоўныя адносіны да ворага, які прыйшоў на нашу зямлю. А галоўнае – што быў марш міру, і вы былі яго ўдзельнікам. Што пажадаеце сучаснай моладзі, тым, хто сёння працуе з падрастаючым пакаленнем?
– Я перажываю за ўсіх нашых воінаў і мірных жыхароў, якія загінулі. Вайна – гэта страшна, яе нельга дапусціць. Беларусь – міралюбівая краіна, і няхай так будзе заўсёды. У наступным годзе мы адзначым важную дату – 75-годдзе Вялікай Перамогі.
Нашай моладзі жадаю моцнага здароўя, шчаслівых дзён, поспехаў у вучобе і рабоце. Трэба працаваць, каб жыццё было цікавым і карысным. Мне прыносіць задавальненне даглядаць маю хатнюю гаспадарку, козачак. Адзінаццаты год пасля смерці жонкі жыву адзін, таму ўсё раблю сам. З казінага малака атрымліваецца смачны сыр. Хацеў бы пачаставаць ім і стаўбцоўскую моладзь!
Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *