Начальник ЗАГСа ответила на волнующие вопросы столбчан

Важное Соцыум

Начальнік аддзела ЗАГС Стаўбцоўскага райвыканкама Надзея КАРТУЗАВА правяла прамую тэлефонную лінію з жыхарамі Стаўбцоўшчыны.

Першым на прамую лінію паступіў тэлефонны званок ад маладых людзей са Стоўбцаў:
– Скажыце, калі ласка, за які тэрмін можна падаць заяву аб рэгістрацыі заключэння шлюбу?
– Заключэнне шлюбу адбываецца ў тэрмін, узгоднены асобамі, якія ўступаюць у шлюб, з органам ЗАГС, але не раней чым за тры дні і не пазней чым праз тры месяцы з моманту звароту, – растлумачыла Надзея Анатольеўна. – У адпаведнасці з ч. 2 арт. 16 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і ў выпадках, абумоўленых цяжарнасцю, або калі ёсць агульнае дзіця, ці нейкія асаблівыя абставіны, шлюб можа быць заключаны і ў дзень звароту. Пры гэтым патрэбна напісаць заяву і прадаставіць пакет дакументаў, якія з’яўляюцца асновай для скарачэння тэрміну рэгістрацыі шлюбу.
– Мы вырашылі пажаніцца, але маёй дзяўчыне зараз 17 гадоў. На момант вяселля ёй ужо будзе 18. Ці можам мы падаць заяву цяпер?
– У Рэспубліцы Беларусь законам устаноўлены адзіны шлюбны ўзрост і для мужчын, і для жанчын – васямнаццаць гадоў. Дасягненне шлюбнага ўзросту патрабуецца на момант рэгістрацыі шлюбу, таму заява можа быць прынята і ад асобы, якая дасягае неабходнага ўзросту і ў дзень рэгістрацыі шлюбу. Такім чынам, вы зможаце падаць заяву аб рэгістрацыі шлюбу цяпер, калі нявесце яшчэ няма 18 гадоў. Дадатковых дакументаў не трэба, – канстатавала Надзея Картузава.
У наступным тэлефанаванні цікавіліся, ці можна пры рэгістрацыі нараджэння дзіцяці прысвоіць яму прозвішча бацькі і імя па бацьку, утворанае ад імя бацькі дзіцяці, калі з ім не знаходзішся ў шлюбе.
– Так, можна, але пры ўмове ўстанаўлення бацькоўства. Бацька і маці дзіцяці, якія не заключылі паміж сабой шлюб, маюць права падаць у орган ЗАГС па месцы жыхарства ці па месцы рэгістрацыі нараджэння сумесную заяву аб устанаўленні бацькоўства і асабіста туды з’явіцца. Пры адсутнасці сумеснай заявы бацькоў бацькоўства ўстанаўліваецца ў судовым парадку.
Рэгістрацыя ўстанаўлення бацькоўства ў Рэспубліцы Беларусь праводзіцца бясплатна.
– Я знаходжуся ў шлюбе, падчас рэгстрацыі ўзяла прозвішча мужа. Як змяніць прозвішча непаўналетняй дачкі, якая нарадзілася да шлюбу?
– У адпаведнасці з ч. 2 арт. 70 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і «… калі адзін з бацькоў, у якога дзіця засталося пражываць пасля разводу ці прызнання шлюбу несапраўдным, або пасля ўступлення ў новы шлюб, жадае прысвоіць яму сваё прозвішча, орган апекі мае права дазволіць памяняць прозвішча дзіцяці зыходзячы з інтарэсаў дзіцяці». Вам неабходна звярнуцца ва ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама па месцы жыхарства для вырашэння пытання па змяненні прозвішча непаўналетняй дачкі, – растлумачыла Надзея Анатольеўна.
– З мужам пражылі два гады, дзяцей сумесных няма, няма спрэчак аб маёмасці. Муж не дае згоды на скасаванне шлюбу. Як аформіць развод?
– Аддзел ЗАГС прымае заяву аб скасаванні шлюбу, калі ёсць згода абоіх партнёраў. У вашым выпадку падаваць заяву аб скасаванні шлюбу можна толькі ў суд.
– Які парадак указання нацыянальнасці бацькоў у пасведчанні аб нараджэнні дзіцяці?
– Нацыянальнасць дзіцяці ў пасведчанні аб нараджэнні не ўказваецца, указваецца толькі нацыянальнасць бацькоў. Калі грамадзяне пры рэгістрацыі нараджэння дзіцяці не жадаюць указваць нацыянальную прыналежнасць бацькоў, то ў запісе акта і пасведчанні аб нараджэнні робіцца запіс «Звесткі не прадастаўлены».
Н. ЛЕАНІДАВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *