Коллектив «ДРСУ №135» с прекрасным настроением встречает профессиональный праздник

Главное Эканомiка

Сёння аўтамабілісты і дарожнікі адзначаюць сваё прафесійнае свята. У калектыве філіяла КУП па праектаванні, рамонце і будаўніцтве дарог «Мінскаблдарбуд» – «ДРБУ № 135» яго сустракаюць з цудоўным настроем. Прычына гэтага – добрыя вынікі працы на працягу дзевяці месяцаў бягучага года і, адпаведна, упэўненасць у тым, што і заўтра будзе забяспечанасць работай і дастойнай заработнай платай. Прыемным перадсвяточным падарункам для кожнага з работнікаў стаў і прадуктовы набор, сфарміраваны з прадукцыі мясакансервавага камбіната і рыбгаса.


Прыраслі

На абслугоўванні ДРБУ № 135 амаль 766 км мясцовых дарог, 30 мастоў і 1096 труб, 182 км вуліц сельскіх населеных пунктаў.

У апошнія гады да асноўных відаў дзейнасці дабавіліся дапаможныя вытворчасці: у кар’еры «Дзяўгі» – па перапрацоўцы пясчана-гравійнай сумесі, на асфальтабетонным заводзе «Заямнае» – па выпуску абразных і неабразных піламатэрыялаў, на базе ў Стоўбцах – па вырабе дарожных знакаў. У новым кар’еры працуе пагрузчык «Амкадор-342», які філіял набыў у гэтым годзе.

На рахунку

За студзень – верасень 2018 года выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ склала 4218 тысяч рублёў, ці 120 працэнтаў да ўзроўню аналагічнага перыяду 2017 года, аб’ём выкананых падрадных работ – 3732 тысячы рублёў, ці 113 працэнтаў. Сярэднямесячная заработная плата дасягнула 817,7 рубля. У калектыве працуюць 144 чалавекі – за апошнія гады яго склад вырас на 40 працэнтаў.
З пачатку года філіялам выкананы бягучы рамонт мясцовых аўтамабільных дарог на суму 1600 тысяч рублёў, на іх утрыманне асвоена 953 тысячы рублёў, на ўтрыманне вуліц сельскіх населеных пунктаў – 27 тысяч рублёў. Староннім заказчыкам аказана паслуг і рэалізавана матэрыялаў на 1637 тысяч рублёў. На абслуговых дарогах пабудавана і абсталявана 18 аўтобусных прыпынкаў з устаноўкай 10 аўтапавільёнаў, нанесена ліній гарызантальнай разметкі на 331 км, устаноўлена 315 дарожных знакаў.
Для бесперабойнага праезду транспартных сродкаў выканана на мясцовых дарогах устройства адзіночнай паверхневай апрацоўкі працягласцю 16,7 км і адрамантаваны два ўчасткі аўтадарог працягласцю 4,5 км, якія патрабавалі першачарговага рамонту.
ДРБУ папрацавала на добраўпарадкаванні Стоўбцаў да Дня горада і аграгарадка Любкаўшчына – да раённага свята «Дажынкі-2018».
На даны момант філіял выконвае будаўніча-мантажныя работы на аб’екце «Будаўніцтва жылога раёна індывідуальнай жылой забудовы Паўночны-2 і інжынерных сетак у г. Стоўбцы (добраўпарадкаванне вуліц, праезды). Чацвёртая чарга», а таксама працуе за межамі раёна – на аб’екце «Капітальны рамонт штучных пакрыццяў (дарог, пляцовак) з водаадводам і мадэрнізацыяй ліўневай каналізацыі, знешняга асвятлення ваеннага гарадка № 1 в/ч 30695 Валожынскага раёна».

Дошка гонару

Да прафесійнага свята ўдастоіліся адзнак КУП «Мінскаблдарбуд»: ганаровай граматы – машыніст аўтагрэйдара Анатоль Ліпніцкі, машыніст змяшальніка Аляксандр Сошка, дарожны рабочы Часлаў Недзень, сакратар Галіна Карабец, падзякі – вадзіцель пагрузчыка Генадзь Таранаў, прарабы Анатоль Каразей і Адам Петух, начальнік вытворча-планавага аддзела Сяргей Логвін, вядучы механік Алег Уласік.

Хто шчыруе на аб’ектах

Дошку гонару філіяла можна працягваць, калі знаёміцца з рабочымі на аб’ектах. Яны працуюць пры розных пагодных умовах і ў рэальных дарожных абставінах, побач з транспартным патокам. Кожны – на віду не толькі ў калег, а і ў людзей, якія міма праходзяць і праязджаюць.
У Мікалаеўшчыне вядуць абсталяванне пляцоўкі з аўтапавільёнам Сяргей Статкевіч, Андрэй Босы і Іна Хілімон, адна з нямногіх жанчын сярод дарожных рабочых. Яе працоўны стаж у арганізацыі – амаль 20 гадоў! Ад свежага асфальту ўзнімаецца пара. Яго тэмпература – +160 оС. Рабочым дапамагае майстар Віталь Самец. «Займаемся ўтрыманнем дарог. Працуем на разгрузцы вагонаў са шчэбенем, адсевам. Напярэдадні зімы актыўна паступае галіт (соль)», – тлумачыць майстар.
Машыну асфальту падвёз на аб’ект Яўген Гунько. Высвятляецца, што акрамя МАЗа-самазвала ён працуе на яшчэ адной адзінцы тэхнікі – устаноўцы для грунтавання паверхні, – таму без яго нельга ўявіць працэс асфальтаўкладкі. Дастаўляе рабочых на аб’екты вадзіцель з 40-гадовым стажам Генадзь Тур. Ён, як звяртае ўвагу кіраўніцтва філіяла, гатовы выехаць у любы час, хоць яго машына ГАЗ-66 даўно няновая. Дзякуючы вадзіцелю яна заўсёды ў тэхнічна спраўным стане.
Дзейнасць філіяла напрамую залежыць ад ведамаснага асфальтабетоннага завода. На ім выпушчана ў бягучым годзе больш за 18 тысяч тон асфальтабетоннай сумесі. Уся яна запатрабавана на ўласных аб’ектах і староннімі заказчыкамі. З экалагічнымі мэтамі на заводзе ўкаранёна мокрая ачыстка зыходных газаў. Асвойваюцца новыя віды дзейнасці.
У студзені бягучага года быў адкрыты кар’ер «Дзяўгі». Пад’езд да яго ідзе праз лясны масіў. Дарожнікі адсыпалі яго, вакол кар’ера зроблена раскарчоўка. Сёння тут працуе пяць адзінак тэхнікі. Тэхналагічны ланцужок складаецца з экскаватара, бульдозера, пагрузчыкаў. Яшчэ ўзята ў арэнду ўстаноўка «Грохот» для перапрацоўкі прыроднага матэрыялу. Пясок у новым кар’еры буйназярністы, якасны. Ужо сёння заключаны дагаворы на яго пастаўку сталічным арганізацыям у аб’ёме пяць тысяч метраў кубічных у месяц. У кар’еры падабраўся вопытны калектыў на чале з маладым майстрам Паўлам Грышкевічам, які год таму закончыў БНТУ і атрымаў дыплом спецыяліста па кар’ерах.
На працягу не аднаго тыдня задзейнічаны каля дзясятка адзінак тэхнікі на абсталяванні дарожнага пакрыцця вуліцы Сталічнай у гарадскім мікрараёне Паўночны-2. Кіруе работамі майстар Васіль Петух, афіцэр запасу. Рабочыя майстарскага ўчастка № 4 дарожна-рамонтнага пункта «Ручын», які ўзначальвае прараб Анатоль Каразей, увіхаюцца на абкошванні абочын, падсыпцы абочын аўтадарогі Івянец – Рубяжэвічы – Стоўбцы. Балазе, філіялам набыта спецыяльная ўстаноўка для падсыпкі, і гэты працэс стаў механізаваным і больш прадукцыйным. Дарожнікі працуюць і на аб’ектах заказчыкаў.

Не спыняюцца работы і ў рамонтных майстэрнях. Увагі патрабуюць 24 адзінкі аўтатрактарнай тэхнікі і каля 30 адзінак – дарожна-будаўнічай. «Тэхнікі ў нас шмат, яна рознапрофільная, з пэўнай «выслугай». Таму нашым рамонтнікам неабходна ўсё ўмець», – падкрэслівае начальнік майстэрань Генадзь Васілеўскі. У майстэрнях завяршаецца адказны перыяд падрыхтоўкі да зімы.
Інтэнсіўна працуе ўчастак «Дарожныя знакі», дзе сёлета выпушчана 15 тысяч дарожных знакаў. Гэта на 15 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд летась. Калектыў пераважна жаночы: Святлана Курловіч, Аксана Стэсік, Ірына Пятрова, Марына Агароднік, Наталля Гунько. Дапамагаюць ім Валянцін Вінярскі і Аляксандр Калодзінскі. «Заказаў дастаткова, стараемся выканаць іх у тэрмін», – адзначае начальнік участка Міхаіл Ненадавец. Зладжана працуюць калектывы бухгалтэрыі і планава-вытворчага аддзела. Яны прадстаўлены высокакваліфікаванымі і дасведчанымі спецыялістамі.
Кадравы патэнцыял і вытворчыя магутнасці ДРБУ № 135 дазваляюць гаварыць пра тое, што дарогам Стаўбцоўшчыны быць бяспечнымі і камфортнымі.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *