Механізатар працуе аккуратна

Навіны краіны Нумары

image_pdfimage_print

Механизатор працуе
Механизатор працуе
На чыстасць, прысвечаную прафесійнаму святу работнікаў сяла, разам з перадавікамі вытворчасці з іншых гаспадарак у раённы Цэнтр культуры быў запрошаны і трактарыст-машыніст ААТ «Рочавічы» Анатолій Грабяневіч. Анатолій Гаўрылавіч за плённую і шматгадовую працу (яго працоўны стаж у таварыстве налічвае трыццаць гадоў) атрымаў падзяку абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Руплівага механізатара цэніць кіраўніцтва гаспадаркі, бо выканае ён любую даручаную работу заўсёды  выдатна. Дырэктар таварыства Святлана Міхалевіч называе яго майстрам на ўсе рукі. І мы ўпэўніліся ў гэтым, назіраючы за ювелірнай работай працаўніка. Каля фермы ён фарміраваў стог, акуратна і хутка складваючы цюкі саломы. Такі спрыт прыходзіць з цягам часу, а вопыту Анатолію Грабяневічу не займаць — амаль дваццаць гадоў на трактары. Зараз за ім замацаваны пагрузчык «Амкадор», які набыла гаспадарка тры гады назад. Работы для данай тэхнікі дастаткова круглы год. Трэба пагрузіць цюкі — механізатар чапляе вілы. А калі гравій ці гной, то тады ўжо — коўш. І ўсё ён паспявае зрабіць. Нават на абед не паедзе, пакуль не завершыць пачатую работу.

— Уладкаваўся ў гаспадарку на працу вадзіцелем, а памяняць прафесію прапанавала начальства, — сказаў Анатолій Гаўрылавіч. — Шчыра кажучы, спачатку шкадаваў, бо на машыне неяк весялей было працаваць. Але з цягам часу прывык і перасаджвацца за баранку аўто ўжо не буду.

Механізатар гаворыць, што з гадамі ўсё цяжэй становіцца працаваць. Замены няма, бо маладыя едуць жыць у горад. Меншае людзей у вёсках. Сам жа ён прыехаў у Беларусь з Украіны, з Ровенскай вобласці. Падчас службы ў марскім флоце ў Севераморску моцна пасябраваў з беларусам. Калі прыязджаў да сябра ў госці ў Ліду, то вырашыў застацца працаваць у тамтэйшай сельгастэхніцы. Потым пазнаёміўся з сястрой сябра. Глянулася Анатолію дзяўчына. Згулялі вяселле і пераехалі маладыя жыць на радзіму жонкі, у вёску Літва. Анатолій Гаўрылавіч не шкадуе, што прыняў некалі такое рашэнне. Прыкіпеў ён душою да беларускай зямлі, да мясцовых людзей. І заслужыў сярод іх павагу за сціпласць, за гаспадарлівую жылку.

Фота аўтара

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *