Прошла прямая линия с директором филиала «Автопарк №17» ОАО «Миноблавтотранс»

Важное Эканомiка

Напярэдадні прафесійнага свята аўтамабілістаў і дарожнікаў прайшла прамая тэлефонная лінія з дырэктарам філіяла «Аўтапарк № 17» ААТ «Мінаблаўтатранс» Іванам БЫЧКЕВІЧАМ. За гадзіну работы прамой лініі паступілі чатыры пытанні, усе яны фактычна ўтрымліваюць просьбу аб карэкціроўцы графіку руху аўтобусаў на асобных маршрутах. Адсутнасць прэтэнзій да работы грамадскага транспарту красамоўна сведчыць аб належнай арганізацыі абслугоўвання пасажыраў і якасці паслуг, якія аказваюцца.
Маршрутная сетка на Стаўбцоўшчыне складаецца з двух гарадскіх і 22 прыгарадных маршрутаў, два сезонныя маршруты дзейнічаюць у дачны перыяд. Выкананне сацыяльных стандартаў склала 146 працэнтаў на прыгарадных маршрутах, а на гарадскіх адзін аўтобус прыходзіцца на 5,7 тысячы чалавек (нарматыў – на 8 тысяч жыхароў). У гэтым годзе ў аўтапарку ўпершыню за апошнія пяць гадоў прайшло абнаўленне парку аўтобусаў. У лізінг ужо атрыманы тры новыя аўтобусы, і да канца бягучага года яшчэ плануюцца паступленні. У размове Іван Бычкевіч падкрэслівае прафесіяналізм і надзейнасць вадзіцельскага саставу прадпрыемства, беражлівыя адносіны да тэхнікі. Вадзіцелі аўтобусаў выходзяць на працу і ў выхадныя, святочныя дні, іх рабочы дзень пачынаецца з пяці раніцы і заканчваецца пасля васьмі вечара.
Таццяна Тупік прасіла перанесці час адпраўлення аўтобуса па маршруце Пансіянат – Стоўбцы з 15.15 на 16.15, а таксама прадугледзець прыпынак ранішняга рэйса аўтобуса на муршруце Стоўбцы – Жыгалкі ў 05.45 каля бальніцы. Галіна Мігура таксама звярнула ўвагу на аналагічную праблему: каб ранішні рэйс аўтобуса на маршруце Куль – Стоўбцы спыняўся бліжэй да бальніцы.
Іван Бычкевіч:
– Расклад руху аўтобусаў ужо ўсталяваўся, але, калі ёсць просьбы, будзем разглядаць іх і ўсе змяненні ўзгадняць з дзяржаўным прадпрыемствам «Мінаблпасажыртранс». Раней падобныя пытанні мы вырашалі на месцы, па ўзгадненні з раённым выканаўчым камітэтам, але пасля ўнясення паправак у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках» наш раён перадаў свае паўнамоцтвы названаму прадпрыемству. Цяпер яно выступае аператарам на тэрыторыі Мінскай вобласці, у тым ліку займаецца распрацоўкай маршрутаў руху і, адпаведна, іх карэкціроўкай.
Марыя Дзям’янка з Дружнай узнімала пытанне заезду аўтобуса, які працуе на маршруце Стоўбцы – Налібакі, у іх вёску.
– У Дружную сёння заходзіць аўтобус, які працуе на маршруце Стоўбцы – Куль тройчы на дзень. Змяненне ў маршруце Стоўбцы – Налібакі выкліча як павелічэнне адлегласці, так і цаны білета для пасажыраў. Вывучым вашу прапанову. На даны момант вырашаецца пытанне аб працягненні маршруту Стоўбцы – Навікі да Русакоў.
Іван Грышчанка з Любкаўшчыны прасіў змясціць на пазнейшы тэрмін адпраўленне з аўтастанцыі аўтобуса ў 17.10, а таксама арганізаваць рэйс па маршруце Падзерычы, Крамец. Маўляў, «маршруткі» на Любкаўшчыну былі адменены.
– Мы «маршруткі» не адмянялі. Праверку гэтага перавозчыка правяла Транспартная інспекцыя і на аснове выяўленых недахопаў паставіла пытанне аб пазбаўленні яго ліцэнзіі. Размова ідзе пра адсутнасць тэхпашпарта і сертыфіката аб праходжанні дзяржаўнага тэхнічнага агляду, наяўнасць у транспартным сродку няспраўнасцяў, пры якіх удзел у дарожным руху забаронены. Вашы пытанні мы разгледзім, тым больш, што ў нас з’явіліся тры новыя аўтобусы. Дастаткова аўтобусаў, таму няма зрываў маршрутнай сеткі. Мы перавозім і пасажыраў-ільготнікаў, людзей з інваліднасцю. Два нашы аўтобусы – з нізкай пасадкай, адзін з іх – з адкідным пандусам.
Рэгулярныя перавозкі на міжгародніх маршрутах Стоўбцы – Мінск і Мінск – Стоўбцы не першы год ажыццяўляе прадпрыемства «Мінівэн». Яно заключыла з аўтапаркам дагавор на тэхагляд аўтамабіляў, выдзяленне на аўтастанцыі пасадачнай пляцоўкі.
Іван Бычкевіч расказаў аб выніках работы аўтапарка за дзевяць месяцаў бягучага года.
– Спрацавалі з прыбыткам. Выкананы ўсе прагнозныя паказчыкі, у прыватнасці па груза- і пасажыраабароце, экспарце. Экспарт вырас на 125 працэнтаў. Даходы адносна аналагічнага перыяду мінулага года ўзняліся на 106 працэнтаў. Працуем над тым, каб прадукцыйнасць працы і заработная плата раслі адпаведна. У нас з’явіліся даходы ад іншых відаў дзейнасці. Напрыклад, станцыя дыягностыкі зарабіла 86 тысяч рублёў.
Як і раней, у структуры даходаў аўтапарка пераважаюць паступленні ад грузаперавозак. Менавіта за кошт іх кампенсуем страты ад пасажырскіх перавозак. Транспарт аўтапарка задзейнічаны на перавозцы збожжа, дарожна-будаўнічых і іншых відах работ. Мы атрымалі новыя аўтобусы і думаем над абнаўленнем парку грузавой тэхнікі. Дадзены заяўкі на набыццё ў лізінг двух аўтамабіляў МАЗ (дваццацітоннікаў) і прычэпаў да іх. Аўтапарку патрабуюцца вадзіцелі аўтобусаў і грузавых аўтамабіляў, кваліфікаваныя слесары. Уся тэхніка аснашчана сістэмай дыспетчарскага кіравання, таму ад людзей зменшылася колькасць зваротаў і скаргаў, павысілася дысцыпліна вадзіцеляў.
– Іван Мар’янавіч, не за гарамі зіма. Ці ёсць трывога за тэхніку?
– Аўтапарк рыхтаваўся да работы ў зімовых умовах і атрымаў пашпарт гатоўнасці. Замянілі кацёл на кантрольна-прапускным пункце. Назапасілі дроў. У нас памяшканні ацяпляюцца мясцовымі відамі паліва, аўтаномна. У ацепленых памяшканнях будзем пакідаць на ноч тэхніку, таму з наступленнем маразоў праблем з яе выездам на лінію не будзе. Не забываем і пра добраўпарадкаванне. Цяпер прыводзім у парадак сваю тэрыторыю на плошчы 3,6 га і прылеглую да яе, замацаваныя за аўтапаркам вуліцы Задворанскую, Ленінскую.
– Што пажадаеце свайму калектыву напярэдадні прафесійнага свята?
– Выказваю ўдзячнасць калектыву за добрасумленную працу. Віншую ўсіх з прафесійным святам і жадаю моцнага здароўя, поспехаў ва ўсіх справах, спаўнення задуманага, ладу і згоды ў сем’ях.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Нагадваем, што ў адпаведнасці з заканадаўствам перавозкі пасажыраў у рэгулярных зносінах павінны выконвацца толькі пасля атрымання спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) на права ажыццяўлення дзейнасці ў вобласці аўтамабільнага транспарту і заключэння дагавору аб арганізацыі аўтамабільных перавозак пасажыраў у рэгулярных зносінах. У адносінах да парушальнікаў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *