Галоўнае, каб людзі паверылі

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

1936У пачатку снежня мінулага года ААТ «Шашкі» ўзначаліў новы дырэктар Валерый Ільюшэнка. Мы папрасілі кіраўніка расказаць аб сённяшніх справах гаспадаркі і яго планах на будучае.

– Валерый Васільевіч, прайшло 100 дзён з таго часу, як вы прынялі сельгаставарыства. І, як вядома, не ў лепшым эканамічным стане, але сённяшнія вынікі абнадзейваюць: гаспадарка паступова, так бы мовіць, выходзіць з крызісу. Якім чынам вам удалося паправіць справы?

– Пачну з таго, што перад тым, як даць згоду стаць дырэктарам, наведаў таварыства. Пабачыў, што тут ёсць кадры, неблагая матэрыяльная база, дастаткова пагалоўя і вялікая зямельная плошча. І падумалася: калі па- гаспадарску падысці да ўсяго гэтага багацця, то можна атрымліваць неблагія вынікі.

–  Не шкадуеце аб зробленым выбары?

– Не шкадую. Ёсць настрой працаваць. Галоўнае, што людзі мяне зразумелі.

Мы абмеркавалі з імі ўсе праблемы. Асабліва мяне непакояць справы ў жывёлагадоўчай галіне, таму з жывёлаводамі сустракаўся неаднаразова. Многія пыталіся, ці надоўга затрымаюся. А гэта значыць, у людзей з’явілася надзея на паляпшэнне спраў і яны поўныя жадання пераадольваць цяжкасці разам, што не можа не радаваць.

– Надоі павялічыліся больш чым удвая,  рэалізацыя малака таксама. А якія дзеля гэтага былі зроблены захады?

– Пачалі як след карміць жывёлу. Дапамогу ў гэтым аказала суседняе таварыства –  ААТ «Дзераўное». Там мы  пазычылі  кукурузны сілас. У наяўнасці жамерыны і шрот. Закупілі камбікорм для дойнага статка. Маем такую магчымасць, бо пачалі здаваць на малочны завод больш малака. Ды і перапрацоўшчыкі ідуць насустрач, крэдытуюць наперад, і мы хутка вяртаем ім даўгі. Палепшылі і ўтрыманне цялят. Перыядычна выдаляецца гной. Жывёла падсцілаецца саломай. Паднімаем з палёў мінулагоднюю, балазе, надвор’е спрыяе гэтай рабоце.

– Набліжаецца пасяўная кампанія. Ці ёсць усё патрэбнае для таго, каб правесці яе на ўзроўні?

– Работы вядуцца,  пачынаем мы практычна з нуля. Самае балючае пытанне з «арганікай». Назапашана яе каля 30 тысяч тон. Рамантуем пагрузчыкі. Спецмашыны для ўнясення арганічных угнаенняў здалі ў рамонт у райаграсэрвіс. Даводзім да ладу трактары,  прычапную глебаапрацоўчую тэхніку і сеялкі. Насеннем яравых збожжавых абяцаюць дапамагчы калегі з гаспадарак раёна, таму ёсць упэўненасць, што поўнасцю засеем усе адведзеныя пад гэтыя культуры плошчы.

– А як думаеце вырашаць праблему з кармамі?

– Пасеем 750 гектараў кукурузы, з якіх 350 – на зерне. На 700 гектарах правядзём перазалужэнне, у прыватнасці, на 400 гектарах пасеем шматкампанентныя травы.  Неабходна, каб на кожную карову прыпадала па 40 сотак бабовых траў. Насенне канюшыны ёсць. У наяўнасці 500 кілаграмаў люцэрны, набудзем яшчэ паўтары тысячы тон і пасеем па 25 гектараў гэтай культуры ля кожнай фермы. Запакуем сянаж з люцэрны і ў поліэтыленавую плёнку.

Запланавалі пасеяць 400 гектараў проса.  Будзем выкарыстоўваць гэтую аднагадовую культуру для перазалужэння на 200 гектарах. Падсеем канюшыну і іншыя травы, зробім сумесі.  Столькі ж гектараў пакінем на зерневую групу, будзе што абмяняць на камбікорм. Спынілі свой выбар на гэтай культуры таму, што ў таварыстве практычна не ўзнята зябліва, і мы не паспеем адразу выканаць гэтую работу, а аптымальныя тэрміны сяўбы будуць падціскаць. Проса высяваецца ў чэрвені. І цана на насенне прымальная. Да таго ж, салома з проса прыраўніваецца да сена другога класа, і гэта таксама будзе падтрымкай у назапашванні грубых кармоў. Каб змяніць становішча ў жывёлагадоўлі да лепшага і тым самым умацаваць эканамічнае становішча, нам неабходна нарыхтоўваць якасныя кармы. А для гэтага патрэбна закупляць сучасную тэхніку.

І гэта адзін з накірункаў далейшай работы. У прыватнасці, плануем набыць высокапрадукцыйны раскідвальнік мінеральных угнаенняў. А таксама невялікую сеялку нямецкай вытворчасці, якая ўстанаўліваецца на пасяўны агрэгат. Такім чынам можна адначасова высяваць, напрыклад, проса і травы. Яшчэ хочам займець спецыяльную машыну для вырабу  са збожжасумесяў штучнага малака для выпойвання цялят.

– А якое месца зойме ў севазвароце лён?

– Культура гэтая стратная, і не толькі для нашага таварыства. Ільнозаводы два гады запар не разлічваюцца за пастаўленую трасту і завінаваціліся нам 100 мільёнаў рублёў. Але мы з’яўляемся льнасеючай гаспадаркай і маем для яго вырошчвання неабходны шлейф машын, таму сеяць будзем, адвядзём для гэтага 70 гектараў.

– У папярэднія гады ў таварыстве немалую плошчу адводзілі пад агарод, а іменна, пад цыбулю. Як, на вашу думку, ці варта яе сеяць?

– Маем намер адрадзіць вырошчванне цыбулі і атрымліваць неблагі ўраджай. Культура гэтая прыбытковая, калі ёй па- гаспадарску займацца. Таксама пасеем моркву і сталовыя буракі.

– Ці дастаткова для работы людскіх рэсурсаў?

– У таварыстве ёсць патрэба як у радавых працаўніках, так і ў галоўных спецыялістах. У даным накірунку працуем. З кадрамі механізатараў некамплект, будзем звяртацца да шэфаў. Вырашылася станоўча пытанне з галоўным аграномам. Пераводам прыйдзе малады спецыяліст, якая праходзіла ў нас практыку. У планах запрасіць  галоўнага заатэхніка з іншага  раёна (магчыма нам удасца дамовіцца наконт гэтага). Умацоўваем дысцыпліну. Пачалі рэгуляваць зарплату. Распрацавана палажэнне аб прымяненні каэфіцыента працоўнага ўдзелу, і людзі стараюцца. Хочацца спадзявацца, што работнікі, якія звольніліся, вернуцца да нас назад.

Гутарыла Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *