Путь лидера, девиз поколения

Соцыум

Уладзімір Радзевіч-старэйшы, як і яго сын – Уладзімір-малодшы, – знакамітыя на Стаўбцоўшчыне людзі. У 2000 годзе яны ў ліку першых у раёне стварылі сялянскую фермерскую гаспадарку «Сула», якая набыла міжнародны размах і сёння выступае адной з вядучых у Еўропе па вытворчасці бульбы. Але размова не пра гэта. Хочацца зазірнуць у іншы час, у мінулае стагоддзе, калі галава сям’і толькі прыехаў працаваць у наш раён.

Ураджэнец мястэчка Любча Навагрудскага раёна, Уладзімір Радзевіч пачынаў у колішнім калгасе «Праўда». Яго ўзначальваў знакаміты старшыня-франтавік Мікалай Засмужац. Маладога спецыяліста, які з адзнакай закончыў Шчучынскі заатэхнічны тэхнікум, выбралі сакратаром камсамольскай арганізацыі.
– Мной пройдзены шлях ад сакратара камсамольскай арганізацыі калгаса да першага сакратара райкама камсамола і першага сакратара райкама партыі. Камсамольскія гады – 1959-1969 – важны для мяне адрэзак жыцця, – падкрэслівае Уладзімір Піліпавіч. Яму ёсць што расказаць, бо яго біяграфія вельмі насычаная, багатая на падзеі, а лёс адметны на сустрэчы з многімі людзьмі.
У 1969 годзе першага сакратара райкама камсамола Уладзіміра Радзевіча выбралі на пасаду старшыні калгаса «Нёман», у 1976 годзе прызначылі старшынёй Стаўбцоўскага райвыканкама, у 1980 годзе – начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі Мінскага аблвыканкама, у 1985 годзе – першым сакратаром Мінскага райкама партыі. Яго выбіралі членам Мінскага абласнога камітэта і ЦК КПБ. Што да гістарычных падзей, то Уладзіміру Радзевічу выпаў гонар быць дэлегатам XXVII з’езда КПСС, апошняга ў савецкай гісторыі, і кіраўніком дэлегацыі Мінскай вобласці на Сусветным фестывалі моладзі ў Гаване. У 70-я гады яму даручылі ўзначаліць турысцкую групу на цеплаходзе «Шата Руставелі», які вандраваў па водах Міжземнага і Чорнага мораў, наведаў 14 краін.
Заслугі Уладзіміра Радзевіча партыя і ўрад адзначылі высокімі ўзнагародамі: ордэнам Леніна, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам «Знак Пашаны», медалём «За доблесную працу», ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.
– Уладзімір Піліпавіч, прайшло больш за паўстагоддзя, як вы пачыналі ў камсамоле. Як сёння вы ацэньваеце камсамольскае мінулае, яго ўплыў на ваша асабістае і грамадскае развіццё?
– У камсамоле я прайшоў неабходны шлях палітычнай і арганізацыйнай работы ў раённым маштабе. Мы праводзілі з моладдзю розныя мерапрыемствы, якія датычылі развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці, давалі штуршок культурна-масавай рабоце. Працавалі з энтузіязмам, дружнай працавітай камандай, верылі ў светлае заўтра.
Другім сакратаром райкама камсамола працавала тады Ала Бабіцкая. Яна адказвала за ідэалагічны напрамак, а я больш увагі аддаваў справам камсамольскіх арганізацый на вытворчасці. «Заворгам» у райкаме камсамола быў Іван Радзівановіч. Школьным аддзелам загадвала Марыя Грушэўская. Інструктарамі працавалі Міхаіл Зуб, Валерый Рыжых. Сектарам уліку загадвала Зінаіда Канаш, потым гэтую работу ўзяла на сябе Зінаіда Собаль.
У мяне і жонка, Зінаіда Паўлаўна, у свой час таксама была сакратаром камсамольскай арганізацыі. Мы пазнаёміліся, калі я працаваў у калгасе «Праўда». Яна была дырэктарам Дома культуры ў Ячонцы. Камсамольскай работай займаліся разам, непадзельна, і яна, лічу, не прайшла бясследна. І ў сямейным жыцці мы шчаслівыя. У нас два сыны (малодшы Генадзь жыве з сям’ёй у канадскім Таронта), тры ўнучкі. Унучка Таццяна падарыла нам праўнука Канстанціна.
– Як вы ставіцеся да сучаснай моладзі, БРСМ?
– БРСМ – гэта дастойная арганізацыя, якая працягвае традыцыі камсамола. Называецца яна па-іншаму, але сутнасць ад гэтага не мяняецца. У Беларусі ёсць свая маладзёжная арганізацыя, і я жадаю ёй працягваць працаваць на ўсіх узроўнях, унікаць ва ўсе сітуацыі, быць у гушчыні падзей. Я чытаю газеты, у тым ліку і «Прамень» («раёнку» я называю «Раённай праўдай»), і ведаю, колькі робіць гэтая арганізацыя для моладзі раёна. Нашай моладзі жадаю быць маладымі і здаровымі душой і целам, не стаяць раўнадушна ўбаку як сведкі, а станавіцца ўдзельнікамі і арганізатарамі жыцця. Дэвіз нашага пакалення – займаць актыўную жыццёвую пазіцыю, не чакаць, што нехта за нас зробіць ці нешта дасць, – павінен быць і дэвізам сучаснага маладога пакалення.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ
НА ЗДЫМКУ: ёсць аб чым пагутарыць, што ўспомніць У. П. Радзевічу і дырэктару ААТ «Вялікі Двор» В. А. Луцык.
Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *