З ласкай да рагуляў

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

71Па выніках мінулага года аператар машыннага даення ААТ «Агранёманскі» Іна Дзядовіч выйшла лідарам у гаспадарцы па надоях малака ад каровы. Шчырая руплівіца атрымала ад кожнай рагулі па 8360 кілаграмаў і прыбавіла амаль тону. Іна Валер’еўна старанная працаўніца. Яна любіць жывёлу і з ласкай падыходзіць да кожнай каровы. Яны ж аддзячваюць сваёй гаспадыні за клопат высокімі надоямі.

– Як дагледзіш  жывёлу, такую і аддачу ад яе атрымаеш, –  сцвярджае  Іна Дзядовіч. – Зразумела, многае залежыць таксама ад кармлення і догляду. Кармоў у нас на ферме дастаткова, а астатняе залежыць ад чалавека. Хто добрасумленна адносіцца да работы, той і вынікі мае.

Жанчына прыехала жыць і працаваць у гаспадарку дзесяць гадоў назад, а да гэтага завіхалася ў Дзятлаўскім раёне. Яна хоць і нарадзілася ў Карэліі, але вырасла ў Залужжы. Сюды амаль трыццаць гадоў назад пераехалі жыць яе бацькі. Іна Валер’еўна, можна так сказаць, вярнулася ў родныя мясціны.

– Спачатку працавала цялятніцай, затым брыгадзірам, а неўзабаве перайшла даяркай, – расказвае жанчына. – Кіраўніцкая справа даволі клапатлівая і не надта аплатая. Набрала групу, кароўкі ў мяне неблагія. Пастаянна сачу за тым, каб яны  не хварэлі на мастыт. Гэта вельмі важна і ў справе паляпшэння якасці малака.

За час працы на ферме Іна Валер’еўна набыла немалы вопыт у жывёлагадоўлі. Яна па прафесіі тэхнік-асемянатар, і гэта дапамагае ёй у рабоце. Жанчына ведае, калі карова ў ахвоце, і падказвае спецыялісту, якую трэба тэрмінова пакрыць. Бо добра ведае – больш ацеліцца каровак, больш будзе і малачка. Дарэчы, яна сама асемяняе статак на ферме, калі тэхнік-асемянатар ідзе ў водпуск. 

– Мне гэта зусім няцяжка рабіць, бо дасканала ведаю ўвесь працэс, – дадае жывёлавод. – Добра, калі многае ўмееш, тады і справа лепш спорыцца.

У абавязкі даяркі ўваходзіць не толькі падаіць кароў, а і гной згрэбці, праходы пачысціць. Як і яе каляжанкі, Дзядовіч выпойвае цялят да дваццацідзённага ўзросту. Нагрузка вялікая, але Іна Валер’еўна спраўляецца з даручанай ёй работай выдатна. Тым больш, што за кожнага перададзенага ў радзільнае аддзяленне гадаванца яна атрымлівае даплату. І пяршачак раздойвае, за што таксама налічваюць грошы.

–  За намаганні, – падкрэслівае даярка, –  атрымліваю неблагую заработную плату, якая мяне цалкам задавальняе. Выхадны ў нас па графіку, праз чатыры дні. Калі ёсць патрэба не выйсці на працу ў які іншы дзень, то мы з дзяўчатамі замяняемся. Калектыў у нас дружны, адзін аднаго стараемся не падводзіць.

Ладзяцца справы ў Іны Дзядовіч і сёлета. Яна працуе з прыбаўкай і разлічвае не толькі замацавацца на дасягнутым, а і надаіць у гэтым годзе ад кожнай каровы сваёй групы не менш як па 8,5 тысячы кілаграмаў малака. Падкрэсліваючы пры гэтым, што многае будзе залежаць ад таго, якім выдасца летні пашавы перыяд, – галоўнае, каб не засушыла пашу і добрая парасла трава.

У Іны Валер’еўны два сыны. Старэйшы вучыцца ў  Навагрудскім аграрным калежды на агранома, а малодшы –  у Дзяржынскім ліцэі. Абодва працавітыя, яшчэ школьнікамі дапамагалі маці ўхаджацца на рабоце. 

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *