В Столбцах прошёл Международный фестиваль документального кино

Главное Культура

Другі год запар у Стоўбцах праходзіў Міжнародны фестываль дакументальнага кіно аб правах чалавека WATCH DOCS. Штогод фестываль збірае на сваіх пляцоўках гледачоў і гасцей з усяго свету, каб прыцягнуць увагу да актуальных падзей у свеце і стварыць прастору для абмеркавання. Большасць фільмаў — гэта працы сусветна вядомых рэжысёраў, адзначаныя ўзнагародамі прэстыжных фестываляў. Уваход на паказы прынцыпова вольны.
WATCH DOCS Belarus з’явіўся ў Мінску ў 2015 годзе намаганнямі аднадумцаў-арганізатараў і дзясяткаў валанцёраў. Наш унутраны лозунг «Правы чалавека праз эстэтыку кіно».
Акрамя асноўных паказаў у Мінску фестываль наведае і рэгіёны. Дзякуючы нашай зямлячцы і дырэктару фестываля Таццяне Гацура, а таксама Стаўбцоўскай раённай арганізацыі “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” другі год паказы праходзяць у Стоўбцах.
Калі ў мінулым годзе паказы праходзілі ў невялікім, але вельмі ўтульным памяшканні дзіцячай бібліятэкі, то гэтым разам мы замахнуліся на большае і вырашылі правесці фестываль у раённым цэнтры культуры.
Што адбывалася на фестывалі ў Стоўбцах?
У першы дзень мы глядзелі чэскую камедыю рэжысёра Віта Клусака “Белы свет вачыма Даліборэка”. Галоўны герой фільма саракагадовы грозны антысеміт і неанацыст-няўдачнік ў вольны ад нялюбай нізкакваліфікаваных працы час Даліборэк вырабляе аматарскія маргінальныя відэа, адчайна спрабуючы зняць нешта накшталт «лепшага фільма жахаў усіх часоў». Цэлы дзень Даліборэк прысвячае працы, па вечарах жа запісвае гнеўныя песні і ролікі. У працяг фільма ў нас адбылося абмеркаванне на тэму сучасных праблем неанацызма і праяў антысеметызма ў Беларусі і свеце. Асноўнае пытанне, адкуль гэтыя ідэі з’яўляюцца ў нашым талернатным таварыстве, так і засталося без адказу.
На другі дзень да нас завітала беларускі рэжысёр Анастасія Мірашнічэнка з фільмам “Дэбют”. Фільм распавядае пра бяздушную атмасферу жаночай папраўчай калоніі горада Гомеля, якая разбурае асобу зняволеных, забівае ў іх усю жаноцкасць. У фільме разглядаецца рацыянальнасць працяглых турэмных заключэнняў для жанчын з дзецьмі і іх стараннае імкненне заўсёды заставацца жанчынай, нягледзячы ні на што.
Пасля фільма Анастасія вельмі цікава распавяла пра тое, якія думкі і ідэі былі закладзены ў сцэнар і як праходзіў здымачны працэсс. А так сама адказала на шматлікія пытанні з залу.
Самым гучным і святочным аказаўся трэці дзень фестывалю. Ён акунуў нас з галавой у атмасферу традыцыйных беларускіх спеваў. На пачатку мы паглядзелі фільм беларускага рэжысёра Вольгі Дземкі «Песні старой Еўропы — старажытныя беларускія народныя песні» адкуль даведаліся пра гісторыю і тыпалогію беларускай народнай песеннай творчасці. Па адной з версій беларускія песні лічацца самымі старажытнымі ў Еўропе. Этнографы кажуць, што менавіта беларускія народныя песні праз тысячагоддзі дайшлі да нашага часу практычна ў нязмененным выглядзе. Аднак іх носьбіты сыходзяць, вёскі выміраюць…
Пасля выступіў наш запрошаны госць Сяргей Доўгушаў. Сяргей — беларускі музыка, спявак, мульціінструменталіст. Прадстаўляе этна-электронны праект на аснове народных беларускіх песен і найгрышаў. Традыцыйныя інструменты: колавая ліра, сапілкі, жалейка, акарына, беларускія дудкі. Як гучаць кожны з музычных інструментаў Сяргей прадэманстраваў нам на розных песнях з розных кутоў Беларусі. Не абыйшлося і без “Спеўнага схода”, якія наш госць ладзіць па ўсёй краіне. Усім прысутным у зале былі раздадзены тэксты народных песен і крыху іх падвучыўшы ўжо весь зал заспяваў “бабулі” вясковыя напевы.
Робячы фестываль у Стоўбцах мы не маглі абыйсці і мясцовыя калектывы. Таму закрываць нашае свята кіно былі запрошаны адны з самых яскравых калектываў горада: узорны ансамбль народнай песні «Жавароначкі» і ансамбль народнай песні «Стаўбчаначкі» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. За што хочацца падзякаваць яе кіраўніка Людмілу Канапляннікаву-Доўнар.
Асаблівы дзякуй гледачам, якія прыйшлі на наш фестываль! Вы самая лепшая падтрымка ў арганізацыі такіх мерапрыемстваў.
Да сустрэчы ў наступным годзе!
Павел Савіцкі



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *