Як табліцу множання

Грамадства Нумары

image_pdfimage_print

72У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 года № 157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспублікі Беларусь», штогод 15 сакавіка ў краіне адзначаецца Дзень спажыўца.

Такім чынам наша рэспубліка дзейнічае і ў гэтых адносінах у адным русле з міжнародным спажывецкім рухам. Сусветны дзень правоў спажыўцоў 15 сакавіка аб’яўлены ў пачатку шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. Прыняты адпаведныя Хартыя еўрасаюза і Рэзалюцыя Генеральнай Асамблеі ААН. Вызначаны правы спажыўцоў на абарону і дапамогу, на кампенсацыю ў выпадку страт, на спажывецкія інфармацыю, адукацыю і кансультацыю. У нашай краіне прыняты Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў». Дзейнічае Беларускае таварыства абароны спажыўцоў. Гэтае грамадскае аб’яднанне мае арганізацыі ў абласцях, гарадах і раёнах Беларусі.

УСЕ МЫ – СПАЖЫЎЦЫ

Якое юрыдычнае азначэнне тэрміну «спажывец» ва ўказаным Законе? Гэта грамадзянін, які мае намер заказаць ці набыць тавары, работы ці паслугі або ажыццявіў намечанае. Адна важная дэталь: заказаў ці набыў ён тавар, скарыстаў паслугі для ўласных, сямейных і іншых патрэб, не звязаных з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасці. Такім чынам спажывец – гэта не толькі  пакупнік, хаця большасць пытанняў узнікае менавіта ў сферы гандлю.

ПАКУПКА, ЯКАЯ ЗАСМУЦІЛА

Вы зайшлі ў магазін, заплацілі за выбраную вамі рэч. Ды нядоўга цешыліся. Прыбор выйшаў са строю, пакупнік заўважыў брак, тую ці іншую неадпаведнасць якасці. Тады ён мае законнае права звярнуцца да прадаўца, выканальніка паслуг, прад’явіць свае патрабаванні. На неадкладнае бязвыплатнае ўхіленне недахопаў тавару ці на замену няякаснага тавару адпаведным належнай якасці. Можна таксама патрабаваць суразмернага змяншэння пакупной цаны тавару ці кампенсацыю расходаў па ўхіленні яго недахопаў. Або проста патрабаваць вярнуць яму грошы за непрыгодны тавар. Пры вяртанні спажыўцу заплачаных за тавар грошай прадавец не можа ўтрымліваць з яго суму, на якую знізіўся кошт тавару з-за поўнага ці частковага яго выкарыстання. Але пры замене тавару неналежнай якасці на такі ж тавар іншай мадэлі, які каштуе даражэй, пакупніку трэба даплаціць гэтую розніцу ў цане.

ПРАВІЛА ЧАТЫРНАЦЦАЦІ ДЗЁН

А што, калі тавар якасны, але не падышоў пакупніку па тых ці іншых параметрах? Адпаведным артыкулам Закона аб абароне правоў спажыўцоў прадугледжана і вырашэнне такой сітуацыі. Спажывец мае права на працягу чатырнаццаці дзён з моманту перадачы яму нехарчовага тавару, калі больш працяглы тэрмін не аб’яўлены прадаўцом, абмяняць куплены тавар на аналагічны іншага памеру, формы, габарыту, фасону, афарбоўкі ці камплектацыі, правёўшы ў выніку розніцы ў цане неабходны пераразлік з прадаўцом.

Зразумела, адзенне, абутак, іншыя рэчы можна ў двухтыднёвы тэрмін абмяняць у месцы пакупкі. Але не заўсёды. Ёсць зацверджаны Урадам пералік тавараў належнай якасці, якія нельга абмяняць. Гэта, зразумела, якасныя харчовыя тавары, бялізна, кнігі, друкаваныя выданні, некаторыя іншыя тавары. І таму ў абмене вам могуць адмовіць.

А калі ўзнікаюць наступныя сітуацыі. Задаюць пытанне: «Ці можна вярнуць грошы ці абмяняць джынсы, на якіх адарвана этыкетка?» «Не», – скажа прадавец, і ён будзе правы.  Вярнуць тавар належнай якасці ў чатырнаццацідзённы тэрмін можна пры ўмове, калі тавар не быў ва ўжыванні і захаваны яго спажывецкія якасці. Значыць, на месцы ўсе ярлыкі, этыкеткі і ёсць доказы набыцця ў данага прадаўца.

Яшчэ пытанне: «Купілі шпалеры, паклеілі, але не разлічылі колькасць, засталася лішняя трубка з набытай упакоўкі. Хацелі вярнуць прадаўцу, але ён не прыняў і адмовіўся  за гэтую трубку выдаць грошы».

Адказ такі: прадавец правы. Вы можаце вярнуць шпалеры толькі тую  колькасць і той якасці, якую набылі. Гэта таксама вызначана Пералікам нехарчовых тавараў належнай якасці, якія не належаць абмену і вяртанню.

ПРА «МАБІЛЬНІК» І ІНШЫЯ РЭЧЫ, ЯКІЯ «ЗАЎПАРЦІЛІСЯ»

Штогод для правядзення Сусветнага дня абароны правоў спажыўцоў выбіраецца асноўная тэма. Сёлета яна вызначана так: «Забеспячэнне абароны правоў спажыўцоў мабільнай сувязі». І гэта не выпадкова. Мабільная сувязь, інфармацыйныя тэхналогіі бурна ўваходзяць у наша жыццё. І наконт адпаведных прыбораў, рэчаў, забеспячэння сувязі ўзнікае шмат пытанняў. На паверхні яно вырашаецца адназначна. Тэхнічна складаныя тавары не належаць абмену ці вяртанню як дабраякасныя ў чатырнаццацідзённы тэрмін, калі ў тэхнічным пашпарце ці дакуменце, які яго замяняе, зроблена адзнака аб продажу. Гэта значыць тавар мае гарантыйны тэрмін. Скажам, люстра, якая не ўпісалася ў інтэр’ер. Тэлевізар, які быў куплены, але раптам захацелася мець іншай маркі. Гэтак жа і мабільны тэлефон, бо захацеў пакупнік замест яго мець больш «навороченный». Але ж гэтыя рэчы спраўныя, якасныя, даецца гарантыйны тэрмін з указаннем майстэрань, дзе можна правесці рамонт. Значыць, карыстайцеся, не давайце лішняга клопату прадаўцу.

Іншая справа, калі будзе доказ: прададзена адразу рэч няспраўная ці няспраўнасць узнікла з-за няправільнай эксплуатацыі. Даслоўна артыкул Закона тлумачыць так: «Прадавец (вырабляльнік) ці арганізацыя, якая выконвае яго функцыі (індывідуальны прадпрымальнік), адказвае за недахопы тавару, калі не дакажа, што яны ўзніклі пасля перадачы тавару спажыўцу ў выніку парушэння ім правілаў карыстання таварам, яго захоўвання, або дзеяння трэціх асоб, ці неадольнай сілы». І часта, каб гэта даказаць, патрабуецца экспертыза.

І яшчэ пытанне, так бы мовіць, бытавога характару. «Купілі мужу чаравікі, у іх ён прахадзіў каля двух месяцаў, а потым лопнула падэшва…» Сітуацыя, на жаль, не адзінкавая, непрыемная. Як звычайна, неабходна звярнуцца да прадаўца. Ён хутчэй за ўсё скажа, што неабходна правесці экспертызу. Калі яе вынікі пацвердзяць, што дэфект вытворчы, вам будуць абавязаны вярнуць грошы.

А калі вынік экспертызы іншы: тавар быў якасны, а сапсаваўся ён па вашай віне. Што ж, трэба будзе за свой кошт аддаваць у рамонт. Бывае, што прадаўцы ўважліва глядзяць: ці насілі вы абутак, ці толькі прымяралі, толькі ад прымеркі падэшва, каблук ужо ж не сатруцца, тым больш не зломяцца.

Шмат пытанняў узнікае і наконт паслуг. Самыя тыповыя скаргі на няякасны рамонт, устаноўку вокнаў, дзвярэй. Спажывец мае права падаваць іскавую заяву для судовага разбіральніцтва. І прадавец ці яго прадстаўнік, магчыма, будзе абавязаны кампенсаваць пацярпеламу за свае няправільныя дзеянні і маральны ўрон. Увогуле ж і спажыўцу, і карыстальніку паслуг, як і таму, хто іх аказвае, трэба ведаць свае правы і абавязкі, як табліцу множання.

Ф. БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *