Галина Губанова (Турок) об общественной деятельности и комсомоле

Соцыум

У сям’і Галіны Губанавай (Турок) дзень нараджэння камсамола – сямейнае свята. У яе, як і ў мужа Уладзіміра, з камсамольскай работай былі цесна звязаны многія гады жыцця. Яны абое закончылі Вышэйшую камсамольскую школу пры ЦК ВЛКСМ. Школа была прэстыжнай, інтэрнацыянальнай, у ёй займаліся слухачы са 100 краін свету. Памяць пра камсамольскае мінулае рамантычная і хвалюючая. Як сцвярджае Галіна Аляксандраўна, такія ж трапяткія пачуцці перадалі бацькі і сваім дзецям – сынам Дзмітрыю і Мікалаю.

– Галіна Аляксандраўна, сям’ю Турок асабліва прадстаўляць няма неабходнасці. Ваш бацька Аляксандр Мікітавіч – удзельнік вайны, быў дырэктарам Рубяжэвіцкай школы. Матуля працавала настаўніцай. Яны былі вясковай элітай і заўсёды ў гушчыні грамадскіх спраў. Кожны з іх пакінуў значны след у гісторыі раёна. І вы пайшлі па іх прыкладзе?
– Я займалася на другім курсе педінстытута, калі бацьку накіравалі дырэктарам школы, і наша сям’я пераехала ў Рубяжэвічы. У сувязі з гэтым у Кнотаўшчынскай васьмігодцы, дзе працавалі і тата, і матуля, не стала хапаць настаўнікаў. Каб выручыць калег, бацька звярнуўся да мяне. Маўляў, цябе ўсе ведаюць, ты ўсіх ведаеш – ідзі працаваць. У дэканаце мяне адразу не хацелі адпускаць (я была спартсменкай). Але экстэрнам здала экзамены і перайшла з другога курса на чацвёрты. Год сумяшчала працу ў Кнотаўшчынскай школе настаўнікам гісторыі і геаграфіі з вучобай у інстытуце. Таксама паспявала быць агітатарам на збожжатаку, лектарам у аўдыторыі.
Мяне ведалі і прапанавалі працаваць у раённым камітэце ЛКСМБ. З верасня 1973 года я загадвала школьным аддзелам, а ў лістападзе была прызначана сакратаром райкама камсамола. Мяне агітавалі на ўступленне ў партыю. Раздумвала, ці спраўлюся. У мяне ж быў яшчэ абавязак экстэрнам закончыць інстытут. Бацька, грамадскі актывіст, тады падтрымаў мяне. А ў мяне татаў характар…
– Напэўна, і само жыццё накіроўвала такіх актыўных, як вы, вылучала для грамадскай работы.
– Не было ніводнага мерапрыемства ў раёне, дзе б не ўдзельнічалі камсамольцы. На камсамол была ўскладзена работа з моладдзю. Супрацоўнікі райкама камсамола адказвалі літаральна за ўсё: за правядзенне растлумачальных кампаній, сходаў, арганізацыю сярод моладзі сацыялістычнага спаборніцтва, за падрыхтоўку да грамадска значных мерапрыемстваў у краіне, за сустрэчы з ветэранамі вайны. Мы нават у ЗАГСе віншавалі камсамольцаў, якія ўступалі ў шлюб. Аказвалі дапамогу сакратарам камсамольскіх арганізацый на месцах. Перажывалі адзін за аднаго. А калі нехта ішоў на іншае месца працы, імкнуліся распачатае працягнуць і давесці да лагічнага канца. Паверце, гэта не высокія словы, а сэнс нашага жыцця.
– Вы вучыліся ў Вышэйшай камсамольскай школе. Яна была адзіная ў СССР.
– Райкам камсамола ўзначальваў тады Генадзь Ваўчынскі. Другім сакратаром працаваў Валерый Рыжых. Я была сакратаром, калі ў верасні 1974 года мяне накіравалі ў Вышэйшую камсамольскую школу. Успрымаю гэта як заахвочванне, падарунак лёсу. Аб школе засталіся незабыўныя ўражанні. Тут сустрэла свайго будучага мужа, расіяніна. У нас з ім столькі агульнага! У мужа ў Вышэйшай камсамольскай школе быў ансамбль «Беспокойные сердца», з якім яны аб’ездзілі ўсе Усесаюзныя камсамольскія будоўлі. У 1976 годзе вярнулася з вучобы і была выбрана другім сакратаром райкама камсамола. У 1977 годзе паехала за мужам у Марыйскую АССР, горад Іашкар-Алу.
З гэтым горадам звязана наша асноўная працоўная біяграфія. Я працавала ўвесь час з дзецьмі і моладдзю: у партыйных органах, Палацы піянераў, сістэме прафтэхадукацыі. Апошняе месца працы – Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Марый Эл. Муж Уладзімір Ананьевіч працаваў у абкаме камсамола, партыйных органах, падатковай інспекцыі. Перад выхадам на пенсію займаў пасаду старшыні Падліковай палаты Рэспублікі Марый Эл. Паўсюдна ад нас патрабаваліся актыўнасць, творчасць, выніковасць. Але мы спраўляліся, заслужылі за сваю працу шмат узнагарод. Дзякуй камсамолу за добрую школу.
– Вы ўжо не першы год у Беларусі, пражываеце на сваёй малой радзіме.
– З Марый Эл нас вымусілі з’ехаць абставіны. Трэба было даглядаць хворых бацькоў. Іх старасць павінна быць дастойнай, такой, якую яны заслужылі. На жаль, матулі ў гэтым годзе не стала… Але жыццё працягваецца. Радуемся з мужам за сваіх дзяцей. Дзмітрый працуе вядучым эканамістам Паўднёвага галоўнага ўпраўлення Цэнтральнага банка РФ у г. Краснадары, Мікалай – сістэмным адміністратарам на мінскім заводзе «Атлант». Я пішу вершы. Дома захоўваем фільматэку, архіў са свайго камсамольскага мінулага. Гэта надзвычай важна і для нас, і для нашых дзяцей.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *