«Не везде чисто и аккуратно». Санитарный врач района об наведении порядка на земле

Главное Соцыум

Кастрычнік – месяц, на працягу якога асаблівая ўвага нададзена навядзенню парадку на зямлі і азеляненню. «На Стаўбцоўшчыне ўсе запланаваныя мерапрыемствы месячніка выкананы, і над гэтым папрацавалі суб’екты гаспадарання розных формаў уласнасці, – падкрэсліў галоўны ўрач ДУ «Стаўбцоўскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» Ігар КУНЦЭВІЧ. – Варта прыгадаць словы кіраўніка краіны пра тое, што работа па добраўпарадкаванні нашых гарадоў і сельскіх населеных пунктаў –  задача не толькі камунальнікаў. Органамі мясцовай улады замацаваны тэрыторыі за школамі, заводамі, прыватнымі прадпрыемствамі. У Год малой радзімы падобны падыход носіць актуальнасць і накладае на кожнага з нас асобыя абавязкі».

Парадак на плошчы Леніна наводзіцца намаганнямі гандляроў, якія тут працуюць

– Ігар Георгіевіч, у рамках месячніка варта вылучыць раённы суботнік, які прайшоў 13-га кастрычніка, а таксама шэраг іншых працоўных акцый. Прадпрыемствы, жыхары раёна пастаянна працуюць на замацаваных тэрыторыях. А як прайшло далучэнне да гэтай работы індывідуальных прадпрымальнікаў, прыватных прадпрыемстваў?
– У Стоўбцах работа ў гэтым напрамку вядзецца другі год, і яна дала свой плён. Асабліва хацелася б адзначыць найбольш актыўных  людзей на працягу ўсяго сезона касьбы ў горадзе, а не толькі падчас аб’яўленага месячніка. Да прыкладу, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца абкошваннем парку «Дружба народаў». Сярод іх вылучаны каардынатар, які нясе адказнасць за агульны вынік. Гэта дырэктар ПГУП «Лана-торг» А. С. Шпадарук.  Работы па навядзенні парадку на зямельным участку па вуліцы Ленінскай (злева ад касцёла) каардынуе ІП М. М. Лысянкоў. На ўчасткі падзелена  плошча Леніна, парадак на якой наводзяць ПГУП «Тулейка Торг» (дырэктар – І. А. Тулейка), ПГУП «Ваніс Торг» (В. І. Сазановіч), ІП А. П. Латушка, райспажыўтаварыства (А. А. Халюта), ІП С. М. Пасюкевіч, на вуліцы Энгельса – ІП Э. Б. Зубрыцкі, ПГУП «Надежда-торгплюс» (Л. Н. Казлоўская) і ТАА «Пухавічымясапрадукт» (загадчыца гандлёвага аб’екта Т. В. Валовік), на вуліцы Набярэжнай – ІП С. А. Пяткевіч.

На вуліцы Маторабудаўнікоў пашчыравалі маторнікі

– Давайце назавём і найбольш актыўныя прадпрыемствы раёна, якія служаць прыкладам у падтрыманні парадку як на сваіх тэрыторыях, так і на замацаваных за імі вуліцах, плошчах.
– Адказна падыходзяць да гэтых пытанняў электрасеткі, Стаўбцоўская ПМК, Стоўбцыгаз, ЦРБ, лясгас, ДБУ-29, мясакансервавы камбінат, хлебапрыёмные прадпрыемства,   Стаўбцоўскі філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат»,  рамонтна-механічныя майстэрні станцыі Стоўбцы     і іншыя. Ім не прыходзіцца нагадваць пра санітарныя дні. Яны працуюць сістэмна і арганізавана. Варта вылучыць энергетыкаў, якія бяруць на сябе значныя аб’ёмы работ. На гэты раз яны займаліся абкошваннем пустыроў у мікрараёнах Усходні і Паўночны-2, прыводзілі ў парадак тэрыторыю каля безгаспадарнага дома па завулку 17 Верасня, 10.

Адсутнічае парадак на тэрыторыі піларамы «ФэнсіВок»

Крытыка замест касы
Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, як і ўсе названыя вышэй прадпрыемствы, таксама выйшаў на раённы суботнік. Пасля яго правядзення спецыялісты санітарнай службы некалькі разоў ажыццяўлялі маніторынг сітуацыі. Высветлілася, што не ўсюды чыста і акуратна, як належыць.
– Ёсць арганізацыі, якія, на жаль, не паўдзельнічалі ў раённым суботніку, – заўважае Ігар Кунцэвіч. –  У выніку, засталіся неабкошанымі вуліцы Калгасная і Івянецкая, за якія адказвае ДРБУ № 135, кустоўе працягнула наступ на базу мінеральных угнаенняў ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». Асэнсаванне прадпрыемствамі неабходнасці суботніка прыйшло пасля разгляду ў старшыні райвыканкама і пэўнай долі крытыкі. Работы імі былі распачаты і працягваюцца. Пасля заўваг недахопы ўхілены ў поўным аб’ёме філіялам ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы. ТАА «Стоўбцыгазбуд» выйшла на замацаваную вуліцу Наднёманскую, ДЭУ № 62 – на вуліцу Магістральную.

 Пустыр мікрараёна Усходні абкасілі энергетыкі

– Як можна ацаніць сітуацыю на сельскіх вуліцах?
– Ацэнку ім пасля суботніка давалі ў комплексе, з улікам таго, як папрацавалі ўсе суб’екты гаспадарання на тэрыторыі сельсавета. Так, у Шашкоўскім сельсавеце былі выяўлены недахопы ва ўтрыманні тэрыторый, якія прылягаюць да сельвыканкама і праўлення гаспадаркі, могілак, паштовага аддзялення, мехдвара і фермы ААТ «Шашкі». Праз тыдзень вярнуліся і – не ўбачылі перамен на аб’ектах сельгаспрадпрыемства. Той жа беспарадак, захламленасць, прычым на мехдвары смецце валяецца за некалькі метраў ад кантэйнераў. У зону крытыкі трапіў і СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» (не абкошана вакол фермы, мехдвара, жылых дамоў).

Бур’ян падступаецца да фермы ААТ «Шашкі»

Шмат прэтэнзій узнікла да прыватных прадпрыемстваў у Наваколасаўскім сельсавеце («Натурплюс», «Дзінез», «Даніэльматэрыа»). Сітуацыя ўжо змянілася ў лепшы бок. У Заямнаўскім сельсавеце не першы раз крытыкуецца прыватнае прадпрыемства «ФэнсіВок» (дырэктар В. В. Саўчук). Тэрыторыя піларамы захламлена, не абкошана. За падобныя недахопы да дырэктара не раз прымяняліся меры адміністрацыйнага ўздзеяння і нават прыпынялася дзейнасць аб’екта. Але высновы не зроблены, адсутнічае ініцыятыва. Між іншым, уборка тэрыторыі – справа паўсядзённая і не залежыць ад аб’яўлення месячніка.
Адметна, што пасля таго як былі абмеркаваны вынікі суботніка і звернута ўвага на недахопы, праведзена ацэнка населеных пунктаў  Літвенскага сельсавета. Шчыра скажу, убачанае не парадавала. На пад’ездзе да аграгарадка Цеснавая ў вочы кідаюцца хмызнякі і «паніклы» плот вакол жылых дамоў. Належаць яны ААТ «Радзіма Дзяржынскага». Непрыглядна і вакол вытворчых аб’ектаў сельгаспрадпрыемства. Аналагічны «імідж» і ў аб’ектаў ААТ «Рочавічы».

Пустыр на вуліцы Ленінскай не безгаспадарны

Уплываць на свядомасць
– Якія меры прыняты да парушальнікаў?Якія тэндэнцыі акрэсліліся  ў навядзенні парадку?
– У перыяд месячніка санітарная служба імкнулася не прыбягаць да адміністрацыйных мер, больш уплываць на свядомасць, культуру людзей, – адказаў Ігар Кунцэвіч. –  У нашай лістоўцы, якая праз пошту трапіла ў скрыні падпісчыкаў газет,  гучыць заклік наводзіць парадак, упрыгожваць сваю малую радзіму. Суб’ектам гаспадарання было выдадзена 230 прадпісанняў, жыхарам раёна – 4844 пісьмовыя папярэджанні. Большасць іх выканана, некаторыя засталіся на кантролі.
Што датычыць тэндэнцый. Яны розныя. Калі зайсці за фасад – бачна, што справа да канца не даведзена. А ўвогуле мы ўжо значна менш гаворым пра засмечанасць. Сказваецца ўкараненне кантэйнернай сістэмы збору паралельна з цэнтралізаваным зборам адходаў. Насельніцтва інакш ставіцца да гэтых рэчаў, хоць і не заўсёды прытрымліваецца правілаў карыстання кантэйнернымі пляцоўкамі. Носяць туды будаўнічыя адходы, галлё, рэшткі з агародаў, якія маглі б быць добрым кампостам…  Усё гэта прыводзіць да таго, што ўзнікаюць цяжкасці з вывазам, кантэйнеры хутка ржавеюць і набываюць неэстэтычны выгляд.
Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *