Раённы цэнтр культуры прыняў у сваёй утульнай зале ўдзельнікаў мерапрыемства, прысвечанага дню стварэння Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў—пажарных. Удзел у святочнай праграме, наладжанай у рамках трэцяга этапа акцыі «Моладзь за бяспеку«, прынялі работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, юныя выратавальнікі—пажарныя, а таксама педагогі ўстаноў адукацыі, работнікі культуры Стаўбцоўшчыны.
Прысутным была прапанавана прэзентацыя, якая распавядала аб шматлікіх напрамках дзейнасці юных выратавальнікаў-пажарных. Яшчэ адным доказам цікавасці і насычанасці іх жыцця стаў прагляд відэафільма «БМГАВП-2017». Не абышлося і без дакументальнай справаздачы аб дзейнасці раённага аддзялення Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, па выніках якой старшыня раённага аддзялення Андрэй Герасіменка ўручыў падзячныя лісты і падарункі, а таксама пасведчанні новым членам арганізацыі. Дарэчы, праграма мерапрыемства дазволіла прысутным не проста назіраць і слухаць, а і самім быць актыўнымі ўдзельнікамі таго, што адбывалася на сцэне: конкурсаў, віктарын, гумарэсак, песень, танцаў – кожны выбраў тое, што найбольш падабаецца. Запрашаем усіх актыўных, пазітыўных, спартыўных і неабыякавых да бяспекі хлопчыкаў і дзяўчынак папаўняць рады Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ