Анастасия Колодинская и Анастасия Лапко побывали на встрече с Президентом

Афіцыйна Главное Моладзь Стаўбцоўшчыны

Падзеяй гэтага тыдня стала 100-годдзе ВЛКСМ, якое азнаменавалася сустрэчай моладзі з Прэзідэнтам нашай краіны. Аляксандр Лукашэнка, перадаючы віншаванні, прадэманстраваў і свой камсамольскі білет. З ім вучыўся ў школе і служыў, а затым працягнуў камсамольскую работу ў арміі.
Прэзідэнт падзяліўся і сваімі ўспамінамі маладосці. Статут ВЛКСМ ён ведаў на памяць, і вельмі хваляваўся падчас прыняцця ў рады ВЛКСМ (яно праходзіла ў раённым камітэце камсамола). Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі, арганізацыі-пераемніцы ВЛКСМ, Прэзідэнт параіў не распыляцца, а акрэсліць некалькі стратэгічных напрамкаў дзейнасці. Сярод іх можа быць валанцёрства, студатрадаўскі рух і т. п. У цэлым Аляксандр Лукашэнка выказаўся і пра недахопы ў дзейнасці маладзёжнай арганізацыі.
Прадстаўляла моладзь Стаўбцоўшчыны на сустрэчы ў Палацы Незалежнасці 29-га кастрычніка першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская.
Анастасія вярнулася пад незабыўным уражаннем ад размовы з Прэзідэнтам, якому маладыя людзі мелі магчымасць задаць свае пытанні. І, дарэчы, кіраўнік Беларусі падтрымаў ініцыятыву моладзі Міншчыны адносна «пераносу» на высокі рэспубліканскі ўзровень форуму сельскай моладзі і нават паабяцаў наведаць яго.
– Пасля гэтай сустрэчы ў нашай арганізацыі з’явяцца новыя задачы, – мяркуе  Анастасія Калодзінская.
Удзельнікам свята была прапанавана інтэрактыўная тэматычная выстаўка, а напрыканцы ўсе разам з Прэзідэнтам праспявалі песню «Аб трывожнай маладосці» і незабыўную «Каманду маладосці нашай…».

Ініцыятыва ад Анастасіі Лапко

Выпускніца сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы, аспірантка Інстытута біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Анастасія Лапко, пра якую мы не раз ужо пісалі ў нашай газеце, зноў трапіла ў поле зроку грамадскасці краіны. На сустрэчы прадстаўнікоў БРСМ з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам Анастасія выступіла з прапановай, якая была падтрымана кіраўніком краіны. Анастасія Лапко расказала аб тым, што калі яны з мужам Канстанцінам пакарылі самыя высокія горы Еўропы і Афрыкі – Эльбрус і Кіліманджара, то з гонарам паднялі Дзяржаўны сцяг сваёй краіны. Анастасія з такім патрыятычным пад’ёмам сказала аб сваім меркаванні, што беларускі сцяг павінен быць у кожнай сям’і, што Прэзідэнт падтрымаў яе прапанову: яна заключаецца ў тым, каб падчас перапісу насельніцтва, які пройдзе восенню 2019 года, зрабіць такі падарунак беларусам у кожны дом.

З задавальненнем паведамляючы аб гэтай прыемнай навіне, нагадаем чытачам, чым яшчэ Анастасія Лапко прыцягвала ўвагу нашага выдання. У рамках праграмы «100 ідэй для Беларусі» з навуковым праектам для экстракарпаральнай медыцыны Анастасія Лапко стала пераможцай. У мінулым годзе паўдзельнічала са сваёй навуковай работай у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «ХХI век: маладосць інтэлекту» ў рамках XIX Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў, які прайшоў у Сочы, і стала пераможцай у намінацыі «Здароўе нацыі». Мы пісалі аб пакарэнні ёю і яе мужам Канстанцінам Лапко, таксама выпускніком СШ № 2 г. Стоўбцы, самай высокай вяршыні Еўропы – гары Эльбрус (5642 метры), дзе яны ўзнялі дзяржаўныя сімвалы Беларусі. У бягучым годзе ў гонар 425-гадовага юбілею сваіх родных Стоўбцаў Канстанцін і Анастасія здзейснілі ўзыходжанне на самую высокую вяршыню Афрыкі – вулкан Кіліманджара вышынёй 5895 метраў і ўзнялі сімвалы родных Стоўбцаў. У ліпені бягучага года Анастасія Лапко брала ўдзел у рабоце ІІІ маладзёжнага лагера Шанхайскай Арганізацыі Супрацоўніцтва (ШАС), дзе выступіла ад дэлегацыі Беларусі з прамовай-зваротам да кіраўнікоў дзяржаў-удзельніц Шанхайскай Арганізацыі Супрацоўніцтва аб неабходнасці ўзаемадзеяння краін у прадухіленні ўцягнення моладзі ў дзейнасць тэрарыстычных, экстрэмісцкіх і сепаратысцкіх структур, недапушчэння распаўсюджання дэкструктыўных ідэалогій.
Дэманстрацыяй актыўнай жыццёвай і грамадзянскай пазіцыі Анастасіі Лапко стаў удзел у нядаўняй сустрэчы з Прэзідэнтам краіны і яе цікавыя ініцыятывы па папулярызацыі беларускай сімволікі. Скажам Анастасіі Лапко: «Да новых сустрэч на старонках «Праменя!»
Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

1 комментарий по теме “Анастасия Колодинская и Анастасия Лапко побывали на встрече с Президентом

  1. Навошта мне ў дом сталінская чырыона зяленая ануча??? Наш беларускі сцяг бел-чырвона белы!!!Вельмі прыкра што ў нас ёсць вось такія «землякі» прыспасабленцы да гэтай антынароднай улады. Але ж будзем ведаць іх у твар…

    Рейтинг комментария:Vote +1+5Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *