Камісія хадайнічае

Нумары Увага - дзецям

image_pdfimage_print

70Чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама праходзіла з удзелам прадстаўніка Мінскага аблвыканкама – намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх Алы Кардаш.

Пры наяўнасці кворуму на раённай камісіі былі разгледжаны адміністрацыйныя матэрыялы, хадайніцтвы ўстаноў адукацыі, а таксама заслуханы з прафілактычнай мэтай справаздачы кіраўніцтваў Навасвержанскай і Нававёскаўскай школ аб міжведамасным узаемадзеянні ў рабоце з сем’ямі, дзе становішча дзяцей ацэньваецца як сацыяльна небяспечнае. 

Сярод адміністрацыйных матэрыялаў былі  матэрыялы адносна курэння падлеткаў у неўстаноўленых месцах, у прыватнасці на тэрыторыі Дзяржынскага ліцэя, дзе яны праходзяць навучанне. Камісіяй для больш поўнага разгляду гэтых матэрыялаў быў запрошаны і прадстаўнік навучальнай установы. Сярод курцоў трапіліся і дзве дзяўчыны. За курэнне, як падкрэслілі падлеткам на камісіі, можна трапіць на ўлік у інспецыю па справах непаўналетніх, але галоўная небяспека крыецца ў шкодзе для здароўя, у тым, што цыгарэта можа стаць штуршком да ўжывання спайсаў, і тады прыйдзе бяда.

Разгляд матэрыялаў ажыццяўляўся выключна ў прысутнасці законных прадстаўнікоў падлетка –  маці або бацькі. У тых выпадках, калі бацькі не прыбылі па павестцы на камісію, разгляд адміністрацыйнага матэрыяла быў перанесены на наступнае пасяджэнне. Вынесенае пакаранне –  штраф у памеры адной базавай велічыні, бацькам дадзены «ўрок» таго, што менавіта яны – у першую чаргу –  прыклад для сваіх дзяцей. Добры ці дрэнны – залежыць ад іх саміх. Ім і адказваць за тых, каго яны выхоўваюць. Таму прывучаць да законапаслухмянасці і адказнасці трэба з малых гадоў. Дзеці, якія паважаюць сваіх бацькоў, будуць паважаць і настаўніка, і аднакласніка, і суседа, і грамадства ў цэлым.   

Абмеркаванне работы Навасвержанскай  і Нававёскаўскай школ з нядобранадзейнымі сем’ямі, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным, праходзіла ў дзелавой, узаемазацікаўленай абстаноўцы. Іх дзейнасць на гэтым важным напрамку была прызнана здавальняючай, дырэкцыі выказана падзяка за супрацоўніцтва. Да Нававёскаўскай школы раней былі заўвагі, але цяпер сітуацыя значна змянілася. Сістэмнасць работы забяспечвае наладжанае ўзаемадзеянне з усімі суб’ектамі прафілактыкі, з мясцовымі прадпрыемствамі і арганізацыямі. Да прыкладу, варта назваць Навасвержанскі лесазавод з яго двухзменным рэжымам работы, дзе кіраўніцтва ідзе насустрач просьбам школы ў карэкціроўцы графіка работы для бацькоў, якія гадуюць непаўналетніх дзяцей. У святле апошніх трагічных выпадкаў у Мінскай вобласці, звязаных з гібеллю малалетніх на пажарах, Ала Кардаш задала пытанне аб  рабоце па пажарнай бяспецы, якая праводзіцца.

Зразумела, гэта камісійныя абследаванні домаўладанняў, дзе ёсць непаўналетнія дзеці, перад ацяпляльным сезонам і ў сярэдзіне яго, правядзенне ў школе сумесных з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях дзён бяспекі, у тым ліку з адпрацоўкай эвакуацыі навучэнцаў. Школьнікі пішуць дыктанты на тэму электрабяспекі. Ладзяцца агульнашкольныя бацькоўскія сходы з удзелам інспектараў пажарнай і іншых службаў. Асаблівая ўвага была звернута на кантроль за рабочым станам устаноўленых аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Праблемны момант – батарэйкі да прыбора, якія перыядычна трэба мяняць. Зроблены акцэнт на тым, што да рэалізацыі батарэек варта падключыць і паштальёнаў, прычым, з умовай, што  батарэйкі  ў іхніх сумках  будуць пастаянна. Трэба, каб паштальён сам нагадваў, асабліва пажылым людзям, пра неабходнасць іх своечасовай замены. У дамах шматдзетных сем’яў (у першую чаргу – нядобранадзейных, няпоўных) вядзецца ўстаноўка АПІ, аб’яднаных у сетку з суседзямі і т. п. На даны момант аб’яднанай сеткай ахоплена восем сем’яў раёна. Ёсць дамоўленасць з аграпрамэнерга на працяг гэтай работы. У раёне прайшла акцыя «Бяспечнае суседства», цяпер праходзіць міжведамасная прафілактычная акцыя  «Шчаслівае дзяцінства», да якой далучаны не толькі ведамствы, школы, а і свяшчэннаслужыцелі, грамадскія арганізацыі.

Напрыканцы пасяджэння намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама Ала Кардаш выказала сваю ацэнку работы раённай камісіі:

– Пасяджэнне камісіі прайшло метадычна граматна, канструктыўна і па-дзелавому. Не забыты выхаваўчы працэс. Усе патрабаванні заканадаўства захаваны. Трэба  працягваць так працаваць і далей. Пытанні задаюцца падлеткам і іх бацькам не толькі па тэме адміністрацыйнага матэрыяла, а значна шырэй. На гэтым пасяджэнні я заўважыла, што ёсць бацькі, якія ўсміхаюцца, а ёсць тыя, у каго боль у вачах і яны пра свае праблемы не скажуць, калі іх аб гэтым не спытаюць. Мы тут, каб спытаць і пахадайнічаць за канкрэтнага падлетка, сваімі пастановамі дапамагчы вырашыць сямейныя праблемы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *