«Мне тебя Бог дал». Семья Геннадия и Таисии Цвирко с Залужья отметила 50-летие совместной жизни

Главное Сельская гаспадарка

МЫ ЗАЎСЁДЫ захапляемся сямейнымі парамі, якія пражылі ў шлюбе шмат гадоў. Асаблівая пашана тым людзям, якія праз дзесяцігоддзі здолелі пранесці каханне, павагу адно да аднаго, захавалі ў сваіх душах і сэрцах цеплыню пачуццяў. Напрыканцы кастрычніка, які традыцыйна лічыцца ў народзе самай «ураджайнай» на вяселлі парой, сваё, цяпер ужо залатое вяселле, адзначылі Генадзій Адамавіч і Таісія Паўлаўна Цвіркі з Залужжа. Пяцьдзясят гадоў – гэта большая частка жыцця, а правесці столькі часу з каханым чалавекам, без сумнення, вялікае шчасце і сапраўдны подзвіг. «Мне цябе Бог даў», – часта паўтарае сваёй палавінцы Генадзій Адамавіч. «Лёс», – падтаквае мужу Таісія Паўлаўна. Што за вышэйшая сіла паспрыяла іх знаёмству, зараз высветліць цяжка.
Таісія Паўлаўна з дзяцінства марыла стаць настаўніцай і лічыць гэтую прафесію, якой аддала паўстагоддзя свайго жыцця, адной з самых галоўных, бо менавіта ў школе фарміруецца светапогляд будучых грамадзян краіны. Яна ўзнагароджана нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі». Прыехала працаваць у Залужскую сярэднюю школу на пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце і адначасова выкладала гісторыю, затым дваццаць гадоў узначальвала гэтую ўстанову адукацыі. А пачынала настаўніцтва ў пачатковай школе ў Тулёнцы. «Аднойчы мы з дзецьмі працавалі на суботніку, добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол помніка, – успамінае юбілярка. – Якраз у гэты час каля нас праязджаў трактар, у якім сядзеў маладзенькі механізатар. Я прыкмеціла, як ён затрымаў на мне свой погляд. Ужо потым, калі са сваім суджаным пачала сустракацца, даведалася, што гэта было каханне з першага позірку».
І Таісія Паўлаўна ніколі не пашкадавала, што неўзабаве прыняла яго прапанову стаць жонкай. Генадзій Адамавіч стаў для яе надзейнай апорай і самым дарагім чалавекам. Добрым гаспадаром і бацькам іх дзецям. Усе гэтыя гады яны ішлі побач, разам будавалі свой лёс, парадкавалі дом, бераглі цяпло сямейнага ачага.
Пра Генадзія Адамавіча гаворка асобная. Ён прысвяціў сваё жыццё самай пачэснай працы на зямлі – вырошчванню хлеба. Генадзій Адамавіч – праслаўлены ў раёне і за яго межамі чалавек. Ён узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэнам Пашаны, залатым і сярэбраным медалямі ВДНГ СССР, медалём «За доблесную працу», ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Удастоены прыза імя Ю. Гельмана. Райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу заснаваны пераходны прыз у гонар Генадзія Цвіркі, які штогод уручаецца камбайнерам за лепшыя намалоты па выніках уборачных кампаній. Брыгадзір вытворчага ўчастка ААТ «Агранёманскі» ў гарачую ўборачную пару садзіцца за штурвал камбайна. Сёлетняе жніво стала для Генадзія Адамавіча пяцьдзясят трэцім. Ён адзіны ў рэспубліцы столькі гадоў працуе на камбайне.
Пяцьдзясят гадоў разам у радасці і горы – гэта складана. Дажыць да залатога вяселля – аб гэтым мараць усе маладыя. Аднак з-за многіх жыццёвых абставін не кожнаму гэта ўдаецца. Галоўнае, як гавораць залатыя юбіляры, берагчы сям’ю, а значыць жыць у згодзе і кахаць адно аднаго, разумець і давяраць.
У зале ўрачыстай рэгістрацыі шлюбаў мужа і жонку чакалі святочная цырымонія, мноства кветак і ўвага гасцей. Пад гукі вальса Мендэльсона яны поруч увайшлі ў залу. Да іх нібыта вярнулася маладосць, а сэрцы напоўніліся трапяткім адчуваннем такога знаёмага і, у той жа час, незвычайнага дзейства, якое яны перажывалі нанова. Залатых юбіляраў павіншавала з цудоўным сямейным святам начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Надзея Картузава і ўручыла памятнае шлюбнае пасведчанне (на здымку). Цвіркі атрымалі віншавальны адрас ад імя старшыні райвыканкама Дзяніса Колясеня. Прадстаўнікі райкама прафсаюза адукацыі і навукі, ААТ «Агранёманскі» сказалі шчырыя і пранікнёныя словы і ўручылі падарункі. З удзячнасцю віншавалі бацькоў дзеці, унучкі, родныя.
Па традыцыі Генадзій Адамавіч і Таісія Паўлаўна распісаліся ў Кнізе ганаровых юбіляраў Стаўбцоўскага раёна. Абмяняліся заручальнымі пярсцёнкамі. Танцавалі шлюбны танец – вальс. Вочы іх свяціліся радасцю. Выканалі яны і іншыя абрады. У прыватнасці, запалілі свечкі, якія сімвалізуюць цяпло дамашняга ачага, святло надзеі, гармоніі, дабрабыту.
– Мы вельмі задаволены, – адзначылі юбіляры. – Свята гэтае стала для нас сюрпрызам і адбылося менавіта дзякуючы нашым дочкам і ўнучкам.
Старэйшая дачка Цвіркаў Таццяна працуе вядучым эканамістам у Прадстаўніцтве Белдзяржстраха па Партызанскім раёне г. Мінска, а Софія – старшай медыцынскай сястрой рэгістратуры райбальніцы. Абедзве атрымалі вышэйшую адукацыю. Унучка Аляксандра скончыла БДТУ, ужо працуе і адначасова вучыцца ў магістратуры, а Валерыя пайшла па слядах бабулі – яна студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ імя М. Танка.
– Нам хацелася падарыць бацькам сапраўднае свята. Мы ўдзячны ім за тое, што яны далі нам жыццё, за наша шчаслівае дзяцінства і юнацтва, за добры прыклад працавітасці, сумленнасці і прыстойнасці. Матуля і тата шмат добрага зрабілі і для людзей, таму заслугоўваюць самай высокай павагі, – выказаліся дзеці.
Надзея БАТАЛКА
Фота Святланы ЖАРНАК



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *