В Столбцах прошёл семинар с участием священников Столбцовского благочиния

Важное Культура

Сіламі Стаўбцоўскага благачыння пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме быў праведзены раённы семінар па тэме «Высокапраасвяшчэннейшы Іосіф (Сямашка), мітрапаліт Літоўскі і Віленскі (1798–1868): значэнне асобы і дзейнасці».
У семінары прынялі ўдзел свяшчэннікі Стаўбцоўскага благачыння і настаўнікі гісторыі ўстаноў адукацыі раёна. У рабоце семінара ўдзельнічала в. а. начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Жыбуль.
Уступнае слова благачыннага цэркваў Стаўбцоўскай акругі протаіерэя Аляксандра Марцінчыка акрэсліла актуальнасць тэмы семінара. У Беларускай Праваслаўнай Царкве 2018 год аб’яўлены годам памяці мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі). Сёлета спаўняецца 220 гадоў з дня нараджэння і 150 гадоў – з дня блажэннай канчыны мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі). Па благаславенні Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў Беларускім Экзархаце праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя памяці мітрапаліта Іосіфа. Айцец Аляксандр зрабіў акцэнт на тым, што, як пацвярджаюць і беларускія вучоныя-гісторыкі, у наш час аб гэтай асобе ведаюць больш прафесійныя гісторыкі. А калі імя мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) і ўпамінаецца ў гістарычных дакументах і вучэбнай літаратуры, то, нярэдка, матэрыялы аб асобе гэтага выдатнага архіерэя падносяцца недакладна, у той інтэрпрэтацыі, якая скажона і памылкова прадстаўляе свяціцеля.
Таму мэтай семінара было паказаць на канкрэтных гістарычных фактах заслугі свяціцеля перад Царквой і беларускім народам. Яны ацэньваюцца перш за ўсё яго ўкладам у адраджэнне ў 1839 годзе Праваслаўя ў нашай краіне пасля шматвекавога панавання лацінства, што з’яўляецца вялікім духоўным подзвігам. Уз’яднанне ўніятаў з праваслаўнымі лічыцца самым важкім місіянерскім набыткам Рускай Царквы больш чым за 1000-гадовую гісторыю яе існавання.
З дакладамі па тэме семінара перад прысутнымі выступілі свяшчэннаслужыцелі. Прамоўцы пастараліся раскрыць складаную абстаноўку канфесійных і міжэтнічных адносін на тэрыторыі Паўночна-Заходняй Беларусі на працягу амаль усяго ХІХ стагоддзя. Клірык кафедральнага сабора святой праведнай Ганны іерэй Георгій Кур’ян звярнуў увагу на стан уніі ў Беларусі ў ХVІІІ стагоддзі ў рэлігійна-маральным зрэзе эпохі і падчас служэння і дзейнасці мітрапаліта Іосіфа. Настаяцель Вішнявецкага храма нараджэння Іаана Прадцечы іерэй Генадзій Кійко пазнаёміў прысутных з жыццём Іосіфа Сямашкі. Настаяцель храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў в. Стары Свержань іерэй Сергій Андрэеў расказаў аб царкоўна-адміністрацыйных пераўтварэннях, што сталі прадвеснікамі падрыхтоўкі і правядзення Полацкага сабора ў 1839 годзе, на якім быў падпісаны Саборны акт аб уз’яднанні ўніятаў з Праваслаўем.
Прыгожую асобу свяціцеля Іосіфа Сямашкі як праваслаўнага архіерэя сумеў раскрыць у сваім выступленні настаяцель Свята-Уваскрасенскага храма г. Стоўбцы протаіерэй Віталій Шаркоў.
Семінар дапамог усебакова асэнсаваць значэнне асобы мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) у кантэксце гістарычнага, рэлігійнага і культурнага развіцця Беларусі і ўсходнеславянскіх дзяржаў.
Удзельнікі семінара атрымалі ў падарунак кнігу кандыдата багаслоўя протаіерэя Аляксандра Раманчука «Іосіф (Сямашка), мітрапаліт Літоўскі і Віленскі (1798–1868): жыццё і служэнне». Айцец Аляксандр выказаў удзячнасць загадчыцы раённай дзіцячай бібліятэкі імя Якуба Коласа Алене Асаёнак за шматгадовае супрацоўніцтва дзіцячай бібліятэкі з благачыннем у правядзенні духоўна-асветніцкіх мерапрыемстваў. А ў падарунак бібліятэцы айцец Аляксандр перадаў кнігу мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) «Запіскі» і названую ўжо кнігу протаіерэя Аляксандра Раманчука.
Святлана ЖЫБУЛЬ
Фота іерэя Георгія КУР’ЯНА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *