Столбцы посетил Дариуш Ледзион, заслуженный работник культуры Польши

Главное Культура

Праездам Стоўбцы наведаў дырэктар Дома культуры г. Лобез, заслужаны работнік культуры Польшчы, кіраўнік духавога аркестра Дарыуш Ледзіон. У папярэднія гады спадар Дарыуш неаднаразова быў у складзе журы падчас конкурсаў духавой музыкі, якія праходзілі ў Стоўбцах. На гэты раз дырыжор і мастацкі кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву – духавога аркестра «Віціны» – Аляксандр Нічыпаровіч і госць з Польшчы Дарыуш Ледзіон мелі афіцыйную сустрэчу з кіраўніцтвам раёна, падчас якой былі ініцыіраваны і абмеркаваны новыя праекты па развіцці духавой музыкі і арганізацыі конкурсаў. Аб гэтым пойдзе гутарка ў нашым інтэрв’ю.

Аляксандр Нічыпаровіч і Дарыуш Ледзіон

–       Спадар Дарыуш, з якой мэтай вы наведалі Стоўбцы?
–       У Стоўбцах я праездам, я быў запрошаны прыняць удзел у святкаванні Дня горада Пінска, з якім польскі горад Лобез, які я прадстаўляю, з’яўляюцца гарадамі-пабрацімамі. Наведваючы Беларусь на гэты раз, я спланаваў паездку ў Стоўбцы, таму што была неабходнасць з Аляксандрам Нічыпаровічам абмеркаваць рэалізацыю новага праекта. Да слова  сказаць, мы ўжо рэалізуем сумесна не адно творчае пачыненне. У першую чаргу, гэта праекты па музыцы і культуры для моладзі трох краін – Германіі, Польшчы і Беларусі, якія паспяхова праходзяць. І ў бягучым годзе вучні Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў мелі магчымасць пабыць за мяжой і паўдзельнічаць у гэтых выдатных сумесных праектах у напрамку музычнай дзейнасці, паказаць свае таленты, пазнаёміцца з замежнымі духавымі аркестрамі.
–       А ў чым сутнасць новага праекта, які абмяркоўваўся на гэты раз?
–       У рамках адзначанай доўгатэрміновай праграмы мы маем намер распачаць наступны новы праект. Плануецца стварыць міжнародны духавы аркестр з нагоды юбілейнай даты – 200 годдзя з дня нараджэння вялікага кампазітара Станіслава Манюшкі, які па праву лічыцца не толькі польскім кампазітарам, але і беларускім, таму што нарадзіўся на беларускай зямлі, тут прайшлі яго дзіцячыя гады. Прынята лічыць яго аўтарам першай беларускай аперэты. Аркестр будзе іграць творы Манюшкі. Мне ўдалося адшукаць пяць зборнікаў музыкі кампазітара, яны для фартэпіяна. Патрэбна іх апрацаваць для духавой музыкі.
–       Як рэальна плануецца ажыццявіць гэты цікавы праект?
–       Мы плануем, што будуць падрыхтаваны два канцэрты: адзін пройдзе ў Польшчы, адзін – у Стоўбцах. Падчас цяперашняга майго прыезду на Стаўбцоўшчыну ў нас была сустрэча ў Заброддзі. Да гэтага населенага пункта не выпадковы інтарэс. У час Другой сусветнай вайны жыхары гэтых мясцін перамясціліся ў Польшчу. Сярод тых, хто застаўся жыць у Лобезе, былі выдатныя музыкі. Яны і сталі пачынальнікамі духавой музыкі ў нашым горадзе. Я займаўся даследаваннем гэтага, сабраў нямала матэрыялу аб іх жыцці, ёсць фота. Гэта вельмі каштоўны архіў. Мы плануем даць канцэрт не толькі ў Заброддзі, але і ў Дзераўной, па жаданні старшыні мясцовага сельскагаспадарчага кааператыва, з якім у нас была сустрэча. Я вельмі спадзяюся, што мясцовыя людзі на фотаздымках, якія я прывязу,  пазнаюць сваіх землякоў. Я маю вялікую надзею на гэта, што стане каштоўным набыткам для мяне ў маёй даследчай рабоце. Плануем, што падчас рэалізацыі гэтага праекта дадзім канцэрты не толькі ў Дзераўной, Заброддзі, але і паіграем у касцёле.
–       Ці будуць акрамя гэтага цікавага пачынання яшчэ якія творчыя мерапрыемствы, дзе замацуецца цеснае супрацоўніцтва двух аркестраў?
–       З вялікай радасцю збіраемся прыехаць у Стоўбцы на конкурс юных выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах  «Залатая труба» вясной. Музыкам дзвюх краін-суседак будзе магчымасць сустрэцца і пад-  час марш-парада духавых аркестраў, якія запланаваны ў Іўі. Вялікія спадзяванні на супрацоўніцтва падчас рэалізацыі названага вышэй музычнага праекта ў памяць пра Станіслава Манюшку. Хачу падзякаваць за ініцыятывы, за вялікую работу і асабісты ўклад у развіццё духавой музыкі майму сябру Аляксандру Нічыпаровічу, з якім прыемна супрацоўнічаць, спадзяюся на новыя творчыя кірункі работы.
Святлана ЖЫБУЛЬ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *