Чемпион мира по панкратиону-2018 о работе в Столбцах, тренировках в Китае и перспективах ММА в Беларуси

Главное Спорт

Апошнім часам змешаныя баявыя мастацтвы набіраюць папулярнасць у розных краінах свету. Беларусь не з’яўляецца выключэннем. Гэты від спорту дае магчымасць кожнаму сябе рэалізаваць, нягледзячы на антрапаметрычныя даныя. Мы пагутарылі з Віталем Улічам, трэнерам па змешаных баявых мастацтвах Стаўбцоўскага ФАКа. Акрамя таго, Віталь з’яўляецца прадстаўніком клуба «Акадэмія ММА» ў Стоўбцах, удзельнікам і пераможцам шматлікіх турніраў у розных краінах свету.

Віталь Уліч

Як усё пачыналася

Спартыўная дзейнасць Віталя пачалася ў чатырнаццаць гадоў. Менавіта тады ён прыйшоў на таэквандо і працягваў ім займацца да заканчэння школы. Пасля паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію фізічнай культуры на аддзяленне спартыўна-баявых адзінаборстваў і спецпадрыхтоўкі. Падчас вучобы вырашыў памяняць напрамак, перайшоў у тайскі бокс. Пасля заканчэння вучобы пачаў працаваць настаўнікам фізічнай культуры і адначасова трэнерам у сваёй роднай школе № 3 г. Стоўбцы. Адзін год адпрацаваў у гімназіі № 7 г. Мінска. У 28 гадоў Віталь зноў змяніў напрамак. «У 2012 годзе ў нашай краіне пачаў актыўна развівацца новы від спорту – змешаныя баявыя мастацтвы. Адкрываліся новыя клубы. Нават у клубах па тайскім боксе з’яўляліся аддзяленні па ММА. Вельмі захацелася паспрабаваць нешта іншае. Спадабалася, таму займаюся ММА і сёння», – адзначае Віталь.

Таленавітыя вучні

Калі Віталь Уліч працаваў трэнерам па тайскім боксе ў СШ № 3 г. Стоўбцы, яго навучэнцы прымалі ўдзел у шматлікіх спаборніцтвах. Гэта былі і чэмпіянаты рэспублікі, і міжнародныя турніры. Сярод байцоў, якія паказвалі добрыя вынікі, былі Ілья Глоба і Назар Буланцаў. А Іван Жвірбля з Налібакаў, які займаўся ў Віталя Уліча тайскім боксам, быў другім на чэмпіянаце рэспублікі па баявым самба. Менавіта Віталь кансультаваў кожны яго бой. А нядаўна ўраджэнец Стаўбцоўскага раёна атрымаў чэмпіёнскі пояс арганізацыі Eagles у Малдове.

Іван Жвірбля, вучань Віталя Уліча, на спаборніцтвах

Дзейнасць у Акадэміі ММА

«ММА – змешаныя баявыя мастацтвы, якія ўяўляюць сабой спалучэнні мноства тэхнік, школ і напрамкаў адзінаборстаў. Найбольш актыўна ММА развіваюць такія арганізацыі, як UFC, BellatorMMA, M-1 Global, ACB MMA і іншыя. Яны могуць адрознівацца адна ад другой зусім невялікай карэкціроўкай ў правілах»

Аматарскай кар’еры ў Віталя не было, ён адразу перайшоў у прафесійны спорт. Віталь Уліч – прадстаўнік Акадэміі ММА, аднаго з першых клубаў у Беларусі, які пачаў культываваць кірунак змешаных адзінаборстваў. Акадэмія ММА функцыянуе пад эгідай СГА «Беларуская федэрацыя панкратыёна і змешаных баявых адзінаборстваў». Да гэтага часу такі напрамак у нас не развіваўся, прыярытэт аддаваўся тайскаму боксу і кікбоксінгу. Сёння згаданае аб’яднанне ў ліку самых буйных клубаў краіны. Яго прадстаўніцтвы ёсць у многіх гарадах Беларусі.
З’яўляючыся членам клуба, Віталь удзельнічаў у розных турнірах. «Кожны клуб мае сваю зборную каманду. Арганізатары з розных краін шукаюць байцоў у пэўнай вазе для ўдзелу ў спаборніцтвах. Таго, хто ім падабаецца і падыходзіць, яны запрашаюць на турнір. Так я ўдзельнічаў у дзесяці прафесійных баях, у пяці з якіх перамог. Яны праводзіліся ў розных краінах свету»

2012 – турнір “Васьмівугольнік” – Мінск, Беларусь

2012 – турнір па тайскім боксе “Муай-Тай” – Гродна, Беларусь

2012 – турнір “Драка” – Чыта, Расія

2013 – турнір “Про FC-47” – Растоў-на-Доне, Расія

2015 – турнір па баявым самба, кубак ЕАЭС – Омск, Расія

2015 – турнір “АСВ-21” – Грозны, Расія

2015 – турнір “CAGE-31” – Хельсінкі, Фінляндія

2017 – турнір “АСВ-59” – Мінск, Беларусь

2017 – турнір “Название” – Цюаньчжоў, Кітай

2018 – турнір “ArmiaFightNight” – Ломжа, Польша

Праца ў Кітаі

Як член Акадэміі ММА Віталь Уліч змог папрацаваць трэнерам не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. «Кітайскі клуб шукаў сабе трэнера і выйшаў на акадэмію. У выніку на гэтую вакансію адправілі мяне. Першыя два месяцы 2015 года працаваў у Пекіне, пасля, у 2016 годзе, – два месяцы ў Шэньяне. У 2017 годзе зноў у Шэньяне, але ўжо паўгода. Што тычыцца трэніроўкі спартсменаў, у Кітаі гэта рабіць лягчэй. Чаму так, я зразумеў пасля. Кітайцы лічаць, што самая вялікая растрата энергіі ідзе, калі ты размаўляеш. Я не ведаў кітайскай мовы і толькі на жэстах мог растлумачыць, якое дзеянне трэба выконваць і як. Рабіў гэта спакойна, кіўнуўшы галавой ці ўсміхнуўшыся, і мяне разумелі. Тым самым растрачвалася менш энергіі, што давала магчымасць адчуваць сябе лепш», – гаворыць Віталь.


Трэніроўкі ў Стаўбцоўскім ФАКу

У Стоўбцах Віталь Уліч працуе тры дні на тыдзень. Змешанымі баявымі мастацтвамі пад яго кіраўніцтвам займаюцца тры групы: малодшая (з 5 да 8 гадоў), сярэдняя (з 9 да 13 гадоў) і старэйшая (з 14 гадоў). «Набор у групы праходзіць на працягу ўсяго года, – расказвае Віталь Уліч. – Пры адборы ўлічваюцца магчымасці дзіцяці. Калі яно трэніравалася да гэтага, то мы яго адпраўляем у старэйшую групу. А калі дзіця яшчэ фізічна не развітае, то пакідаем яго ў малодшай. Тыя, хто ўжо не першы год займаюцца, дапамагаюць навічкам. Калі старэйшыя навучэнцы выконваюць нейкія дзеянні, малодшыя за імі паўтараюць. Важна, каб прысутнічаў элемент нагляднасці.

Нашы трэніроўкі наведваюць не толькі жыхары Стоўбцаў, але і Міра, Слабады, Коласава.

Колькасць тых, хто прыходзіць займацца, залежыць ад многіх фактараў: дня тыдня, пары года, ад уласнага жадання. Напрыклад, ёсць хлопцы, якія вучацца ў Мінску і маюць магчымасць хадзіць на трэніроўкі толькі па пятніцах пасля вучобы. Колькасць дарослых мужчын вар’іруецца ад 10 да 20 чалавек. Ёсць у групах і некалькі дзяўчат. Звычайна зімою наведвальнікаў больш».

Плюсы ММА і методыкі выкладання

«Работа з маленькімі і дарослымі вельмі адрозніваецца. Працаваць з дашкольнікамі цікавей. Яны цябе слухаюцца і старанна робяць тое, што ім гаворыш. Большая частка часу аддаецца падрыхтоўчым практыкаванням: фізічнай культуры з элементамі барацьбы і бокса. Тут дзеці вучацца быць дысцыплінаванымі, уважлівымі, слухацца і разумець трэнера. У выніку гэта добра адбіваецца на паспяховасці. Настаўніку лягчэй працаваць з такімі вучнямі. Паспрабаваўшы розныя методыкі, я зразумеў, што да кожнага дзіцяці павінен быць асабісты падыход. Вядома, што слухавыя і зрокавыя рэцэптары могуць блытаць чалавека. Калі табе гавораць і паказваюць нешта  адначасова, ты губляешся. Але калі шмат інфармацыі, ты павінен даносіць яе ў розных відах. Некаторым неабходна дэманстраваць якісьці элемент, а іншым дастаткова і слоў», – працягвае Віталь.

Віталь Уліч з сваімі малодшымі навучэнцамі ў Стаўбцоўскім ФАКе

Перспектывы ММА ў Беларусі

З кожным годам усё актыўней развіваецца такі новы від спорту для Беларусі, як змешаныя баявыя мастацтвы. «У нашай краіне хапае байцоў, якія могуць прадстаўляць яе на розных міжнародных турнірах. Напрыклад, Андрэй Арлоўскі, выхадзец з Беларусі, быў чэмпіёнам UFC у цяжкай вазе. Ён адзін з яскравых прадстаўнікоў краіны і ў гэтым напрамку. І канкурэнцыя з часам расце і расце», – заўважае Віталь Уліч.

Сёлета ўпершыню ў Беларусі адбыўся чэмпіянат свету па панкратыёне. Арганізатар – Акадэмія ММА. У першай палове снежня запланаваны дзіцячы турнір на базе Стаўбцоўскага ФАКа. Акадэмія запрашае ўсіх аматараў адзінаборстваў на трэніроўкі.

Калі матырыял рыхтаваўся да друку, прыйшла вестка аб тым, што Віталь Уліч стаў чэмпіёнам свету па панкратыёне-2018 у Бабруйску. Ён атрымаў золата ў катэгорыі «ветэраны». ВІНШУЕМ!

Ксенія РУБІН, фота аўтара і з асабістага архіва Віталя Уліча

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *