Работники ОАО «Вишневецкий-агро» собрали 381 тону яблок

Важное Сельская гаспадарка

Шчыра парупіліся сёлета работнікі саду ААТ «Вішнявецкі-агра». Тут вырасцілі неблагі ўраджай яблыкаў: сабрана 381 тона пладоў. Шчыравалі свае працаўнікі, а таксама памагатыя з гарадскіх арганізацый.
– Добра аддзячылі ўсе сарты: летнія, асеннія і зімовыя. Іх налічваецца па некалькі кожнага, – гаворыць брыгадзір садаводчай брыгады Ірына Мамонька. – Стараемся павялічваць ураджайнасць, прытрымліваемся тэхналогіі. Штогод для апылення квецені ў сад вывозяцца пчолы з пчальніка таварыства.
Рэалізоўвалі ўраджай на рынку, а таксама ў прыватных магазінах у Вішняўцы і ў Новым Свержані. Пэўную колькасць яблыкаў, пераважна зімовых сартоў, заклалі ў сховішча. Увесь яблычны апад адгрузілі перапрацоўшчыкам на Стаўбцоўскі філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат».
Карысталіся попытам грушы, якіх сабралі 12 тон. Увесь ураджай прададзены. Рэалізаваны сліва і алыча. Вырошчваецца на тэрыторыі саду і агародніна, найперш для патрэб сталовай, дзе сілкуюцца працаўнікі таварыства. Гэта сталовыя буракі, цыбуля, морква, капуста і інш.
Калектыў саду невялікі, працуе брыгада ў складзе сямі чалавек, але дружны, згуртаваны. Усе вылучаюцца стараннасцю. Ганна Рачок рупіцца дзевятнаццаць гадоў, прыкладна столькі ж – і Таццяна Каменка.

Валянціна Дранчук і Ганна Рачок

Не першы год даглядаюць сад Мікалай Мамонька, Аляксандр Войценка і Уладзімір Вяршынін. Спраўляюцца з абавязкамі Валянціна Дранчук і Руслан Дылейка. З вясны да восені яны вырошчваюць садавіну, а зімой займаюцца пераборкай прадукцыі ў агародніннасховішчы, якім загадвае Валянціна Кірэйчык.

Мікалай Мамонька і брыгадзір Ірына Мамонька

Гэтымі днямі ў работнікаў вытворчага падраздзялення клопат не толькі аб рэалізацыі ўраджаю, а і аб падрыхтоўцы дрэўцаў да зімоўкі. Закладваюцца прынады для грызуноў, наперадзе абрэзка саду.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *