Столбцовские электрические сети проводят масштабную реконструкцию

Важное Эканомiка

Стаўбцоўскія раённыя электрычныя сеткі праводзяць мерапрыемствы, накіраваныя на паляпшэнне і надзейнасць электразабеспячэння спажыўцоў. На працягу 2018 года маштабная рэканструкцыя вядзецца ў Новым Свержані. У праграму рэканструкцыі трапілі і іншыя населеныя пункты Стаўбцоўшчыны.

Пра гэта мы гутарым з начальнікам раённых электрасетак Вадзімам КАЧАНОВІЧАМ.

Вадзім Качановіч

– Праект рэканструкцыі ў Новым Свержані разбіты на тры чаргі будаўніцтва. Фактычна ўжо завяршаецца другая чарга. Дакументацыя адносна трэцяй чаргі дапрацоўвалася, на даным этапе яна знаходзіцца на экспертызе. Арыенціровачна плануецца прыступіць да яе рэалізацыі ў снежні бягучага года. З улікам умоў надвор’я і неабходнасці правядзення работ па добраўпарадкаванні аб’ект поўнасцю можа быць завершаны вясной 2019 года. Праектам рэканструкцыі прадугледжаны таксама дэмантаж дзеючага старога абсталявання – драўляных апораў, правадоў, падстанцый. У цэлым па праекце ўжо выканана прыкладна 60-65 працэнтаў работ.

Для правядзення работ прыцягнута падрадная арганізацыя – будаўніча-мантажнае ўпраўленне № 5 з Маладзечна. Непасрэдна на аб’екце задзейнічаны два яго ўчасткі – стаўбцоўскі і дзяржынскі. Наш удзел заключаецца ў адключэнні ліній, каб работы былі бяспечнымі і ішлі без спыненняў, у правядзенні неабходных узгадненняў са Стоўбцыгазам і іншымі арганізацыямі. Усе пытанні вырашаем аператыўна. На тых вуліцах, дзе прайшлі першая і другая чэргі рэканструкцыі, электраспажыванне наладжана з новых ліній. Паралельна працуе энергазбыт. Ідзе перазаключэнне дагавораў з абанентамі. Задача РЭС заключаецца ў абслугоўванні гэтых сетак.

– Вадзім Леанідавіч, рэканструкцыя праводзіцца на сучасным узроўні, з прымяненнем новых тэхналогій. Давайце назавём асаблівасці праекта, які рэалізуецца.

– Адна з асноўных асаблівасцяў – вынас лічыльніка на вуліцу. Гэта будзе зручна і домаўладальнікам, і супрацоўнікам энергазбыту. Акрамя таго, на вуліцах устанаўліваюцца святлодыёдныя свяцільнікі, энергазберагальныя і больш даўгавечныя.

– Навасвержанцам пашанцавала. З рэканструкцыяй энергазабеспячэння ў іх з’явілася шмат новых магчымасцяў і козыраў, каб заставацца жыць на малой радзіме. У якіх яшчэ населеных пунктах працуюць энергетыкі?

– З прыцягненнем будаўніча-мантажнага ўпраўлення № 5 распачата рэканструкцыя ў вёсцы Баханы. Там з’явяцца новыя лініі электраперадачы і тры новыя падстанцыі (функцыянавалі дзве). У лістападзе плануецца рэканструкцыя сетак з будаўніцтвам новай падстанцыі ў Ячным. У адносінах да падраднай арганізацыі на гэтым аб’екце пакуль праводзяцца таргі.

Рыхтуем праекты рэканструкцыі сетак на 2019 год. Яна ахопіць вёскі Кнотаўшчына, Мясёнкаўшчына, Белькаўшчына, Перакопаўшчына, Крамец, Жыгалкі, Вязавец, дзе сеткам больш за сорак гадоў. Пры наяўнасці праектаў і фінансавання з РУП «Мінскэнерга» пачнуцца работы.

– Работнікі РЭС актыўна ўключыліся ў працэс вулічнага асвятлення. Што ў першую чаргу запатрабавана?

– На гэтым пачатковым этапе паступае шмат заявак на замену лямпачак. У адпаведнасці з імі адна брыгада займаецца асвятленнем горада і чатыры брыгады – асвятленнем сельскіх населеных пунктаў. З выкарыстаннем новых тэхналогій кіраванне вулічным асвятленнем ажыццяўляецца дыстанцыйна, з камп’ютара.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *