Один день из жизни участкового района

Ахова правапарадку Важное

Андрэй Новікаў – адзін з самых вопытных участковых на Стаўбцоўшчыне. Працуе на гэтай пасадзе з 2001 года, раней на працягу пяці гадоў быў оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку. Увесь час абслугоўвае адзін адміністрацыйны ўчастак – Літвенскі сельсавет (да аб’яднання гэта былі два сельсаветы – Літвенскі і Цясноўскі). На тэрыторыі ўчастка, у вёсцы Слабодка, і жыве з сям’ёй. Цудоўна ведае людзей, і яны яго лічаць за свайго.

…Аўторак. Згодна з графікам у старшага ўчастковага інспектара Андрэя Новікава – другая змена. Рабочы дзень пачынаецца з 15.00. Перш чым сесці ў свае службовыя «Жыгулі», ён адпраўляецца на медагляд у ААТ «Радзіма Дзяржынскага». Дыспетчар праводзіць тыя ж маніпуляцыі, што і з вадзіцелямі гаспадаркі, якіх выпускае на лінію. Пасля адпаведнага запісу ў журнале Андрэй Васільевіч робіць званок дзяжурнаму аператыўна-дзяжурнай службы. Сёння ніякіх асаблівых указанняў  ад кіраўніцтва райаддзела міліцыі яму не паступіла. Значыць, на ўчастку ноч прайшла без здарэнняў і ва ўчастковага інспектара пачынаецца звычайны рабочы дзень.

У службовым партфелі Андрэя Новікава – матэрыялы праверак па паведамленнях грамадзян. Большая частка іх звязана з крадзяжамі з дачаў. Цэлую серыю іх учыніў прыезджы грамадзянін, які працаўладкаваўся ў ААТ «Рочавічы». Домаўладальнікам участковы раіць аснашчаць сваю нерухомасць ахоўнай сігналізацыяй. Таксама да яго звярнуўся заяўнік з просьбай дапамагчы вярнуць грошы за няякасны рамонт дачы. Акрамя таго, неабходна выканаць даручэнне следчага па крымінальных справах. Участковаму трэба пабываць у Бярозаўцы, Засуллі, Рубяжэвічах, Цеснавой, Рочавічах…

Андрэй Новікаў

Андрэй Новікаў робіць сваю справу няспешна, з веданнем нарматыўных дакументаў, пры гэтым не губляючы пачуцця гумару. Адначасова выконвае і ўказанне начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі – правярае асоб, якія стаяць у райаддзеле міліцыі на ўліку. Сярод іх і тыя, хто злоўжывае спіртным. Яны на рабоце, заўвагі да іх з боку кіраўніцтва гаспадарак пакуль не паступалі.

– Да зарплаты трымаюцца, а пасля могуць не выходзіць на работу дзень, другі, трэці… Прыязджаем да іх дамоў з дырэктарам гаспадаркі, старшынёй сельвыканкама, а яны – п’яныя. Ушчуваем, сарамацім. Потым выклікаем у сельвыканкам, каб разгледзець на савеце грамадскага пункта аховы правапарадку. З прафілактычнай мэтай, – заўважае Андрэй Новікаў. Тлумачыць, што на даны момант двое работнікаў выказалі жаданне прайсці лячэнне ад алкагольнай залежнасці, і сельгаспрадпрыемства пайшло ім насустрач: кампенсуе кошт лячэння.

– Тым, хто трымае дома гаспадарку, піць асабліва няма калі. Цэлы дзень занятыя, – дзеліцца назіраннямі ўчастковы і акрэслівае праблему: – На фоне злоўжывання алкаголем не абыходзіцца без сямейных скандалаў. Адзін-два разы на тыдзень прыходзіцца дастаўляць каго-небудзь з вясковых скандалістаў у ізалятар часовага ўтрымання.

Накіраваўшыся па вызначаным маршруце, Андрэй Новікаў вырашыў заехаць на ферму. «Трэба праверыць ахову». Вартаўнік на месцы, але, як высветлілася, нападпітку. Участковы ідзе ў бытоўку і бачыць… вядро малака. У выніку у адносінах да вартаўніка складзены два адміністрацыйныя пратаколы: за знаходжанне на рабочым месцы ў п’яным выглядзе і за дробны крадзеж. Дарэчы, з забеспячэннем работнікаў малаком праблемы няма – гаспадарка выпісвае яго ў кошт зарплаты.

На абслуговым участку Андрэя Новікава пражываюць 2200 чалавек. Яму цікавы асабісты кантакт з людзьмі. А што з непаўналетнімі?

– На тэрыторыі майго ўчастка знаходзяцца два вучэбна-педагагічныя комплексы і, трэба сказаць, у абодвух няма ніводнага падлетка, які б трапіў у поле зроку міліцыі. Участковага запрашаюць у школу на савет прафілактыкі, у выпадку, калі трэба індывідуальна пагутарыць з кім-небудзь з вучняў. Маладое пакаленне ў вёсцы расце працавітае, не разбэшчанае. Калі хто раптам і памыляецца, то намаганнямі ўсіх суб’ектаў прафілактыкі ставім яго на правільны шлях, – сцвярджае Андрэй Новікаў.

…Бліжэй да поўначы рабочы дзень участковага падыходзіць да канца. Ён накіроўваецца ў свой кабінет, што ў будынку Літвенскага сельвыканкама, каб зрабіць справаздачу і адправіць яе ў райаддзел міліцыі. Змена, здаецца, прайшла з карысцю. Заўтра чакаюць новыя задачы і, безумоўна, новыя сустрэчы. Самае галоўнае, калі пасля размовы з участковым пачаліся перамены ў лепшы бок.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *