«Каждое сообщение — своеобразный клубок, который нужно распутать». Юлия Белоусова о работе участкового инспектора

Ахова правапарадку Главное

Аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі ўзначальвае на працягу апошніх васьмі гадоў Юлія Белавусава. За гэты працяглы перыяд Юлія Міхайлаўна паказала свае дзелавыя якасці, прынцыповасць і, будучы абранай дэпутатам Старасвержанскага сельскага Савета, праявіла актыўную жыццёвую пазіцыю. У міліцыі рэспублікі яна адзіны прадстаўнік жаночага полу на гэтай пасадзе.

Юлія Белавусава

– Юлія Міхайлаўна, ваш аддзел у ліку вядучых у райаддзеле міліцыі. Што ўяўляе сабой калектыў участковых раёна?  

– Калектыў згуртаваны, гатовы да выканання сучасных задач. Ён сфарміраваны на прынцыпах узаемавыручкі, узаемадапамогі, што станоўча ўплывае на агульны вынік. Састаў участковых інспектараў увесь час амалоджваецца. У мінулым годзе прыйшоў у аддзел Аляксандр Місюра, два гады таму – Андрэй Калкоўскі, Дзмітрый Лобка. Не так даўно выйшлі ў запас такія  вопытныя і дасведчаныя ўчастковыя інспектары, як Павел Карніцкі, Аляксандр Кільчэўскі. Кожны з іх адслужыў на адным адміністрацыйным участку больш за два дзясяткі гадоў і застаецца па-ранейшаму запатрабаваным. Павел Карніцкі, да прыкладу, папоўніў спіс старшыняў сельвыканкамаў, якія маюць міліцэйскую загартоўку.

У штаце аддзела – трое старшых інспектараў. У кожнага – свой напрамак дзейнасці.  Аляксандр Пархімовіч адказвае за дазвольную работу, Ірына Дзяржаўская займаецца пытаннямі прафілактыкі, Дзмітрый Калкоўскі – пытаннямі аховы грамадскага парадку. Намеснікам начальніка аддзела працуе Сяргей Пальчык, малады ініцыятыўны супрацоўнік, які прыйшоў з раённага аддзела Следчага камітэта.

– Участковыя інспектары знаходзяцца, так бы мовіць, на пярэднім краі, у гушчыні людскіх і грамадскіх праблем. Якая аператыўная абстаноўка ў соцыуме?

– Злабадзённая тэма – папярэджанне сямейна-бытавых скандалаў, работа з сямейнымі скандалістамі. Як сведчыць статыстыка, менавіта на бытавой глебе адбываецца большасць злачынстваў, у тым ліку цяжкіх. Як правіла, усе яны суправаджаюцца ўжываннем алкагольных напіткаў. Часта падчас выезду сутыкаемся з тым, што і дамашні насільнік, і пацярпелы – у нецвярозым стане. Пастаўлены на ўлік 180 грамадзян, якія злоўжываюць спіртным і ахвочыя да скандалаў у сям’і. А яшчэ ўчастковыя інспектары ажыццяўляюць нагляд за раней судзімымі і асуджанымі да розных відаў пакарання, не звязаных з пазбаўленнем волі. У раёне такіх каля 600 чалавек. Участковым накіроўваюцца паведамленні, што паступаюць у міліцыю наконт спрэчак паміж суседзямі, сваякамі. Працуем над тым, каб папярэдзіць вулічныя правапарушэнні, прадухіліць самагонаварэнне. Без увагі супрацоўнікаў аддзела не застаюцца сем’і, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным і сем’і, дзе з састарэлымі бацькамі пражываюць дарослыя дзеці, якія злоўжываюць алкаголем. Само сабою, участковыя займаюцца раскрыццём злачынстваў, адпрацоўкай адміністрацыйнага ўчастка. Дыяпазон абавязкаў шырокі…

– Участковаму важна  валодаць інфармацыяй аб усім, што адбываецца на яго ўчастку. На каго ён абапіраецца ў сваёй дзейнасці?

– Цеснае ўзаемадзеянне наладжана ў першую чаргу са старшынямі сельвыканкамаў і старастамі вёсак, дружыннікамі, кіраўнікамі ўстаноў адукацыі і вытворчых аб’ектаў на тэрыторыі ўчастка. І, дарэчы, участковых інспектараў нярэдка выбіраюць дэпутатамі сельскіх Саветаў. Такі давер аказаны Руслану Пазняку, Яўгену Сеньку, Вячаславу Лісоўскаму, Аляксандру Капскаму, Андрэю Клочку.

– Участковаму трэба ўсюды паспець, быць кампетэнтным і адказным, умець размаўляць з людзьмі. На чым грунтуецца стабільная работа супрацоўніка вашай службы?

– Варта сказаць, што ўчастковы інспектар знаходзіцца на рабоце ў святочныя, выхадныя дні. Работа псіхалагічна няпростая. У большасці выпадкаў яна звязана з асобамі ў стане алкагольнага ап’янення з дзёрзкімі, неадэкватнымі паводзінамі. Але наша работа і цікавая. Кожнае паведамленне – своеасаблівы клубок, які трэба разблытаць, даць яму прававую ацэнку. Упэўненасць і поспех прыходзяць тады, калі не лічышся з асабістым часам, ахвяруеш іншымі важнымі рэчамі. Таму вялікая ўдзячнасць – нашым блізкім, якія нас падтрымліваюць і разумеюць.

Карыстаючыся выпадкам, хачу запрасіць жадаючых на вакантныя пасады ўчастковага інспектара ў Рубяжэвіцкім і Вішнявецкім сельсаветах, а таксама ў горадзе Стоўбцы. Для прэтэндэнта неабходна вышэйшая адукацыя, адсутнасць шкодных звычак і прыцягнення да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці, узрост да 25 гадоў (кант. тэл. – 5-01-72, 5-01-64). Дзяржава гарантуе дастойную заработную плату, вырашэнне жыллёвай праблемы, сацыяльнае забеспячэнне, выхад на пенсію ў 48 гадоў пры выслузе 20 гадоў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *