«Планов у меня много, и один из них — служба в армии». Призывники о ближайших переменах и планах

Главное Моладзь Стаўбцоўшчыны

Пачынаюцца адпраўкі прызыўнікоў ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. З гэтым асеннім прызывам амаль для сямідзесяці хлопцаў Стаўбцоўшчыны адкрываецца ў жыцці новы этап. Служба не бывае без цяжкасцяў, як восень без дажджоў і туманаў, і яны ўжо ведаюць, што ў воінскім статуце, асноўным законе салдата, занатавана пра суровасць будняў. 20-21-гадовыя хлопцы настройваюць сябе на сур’ёзную работу і адказныя адносіны. Хочацца спадзявацца, што фізічная падрыхтоўка і маральная загартоўка прыдадуцца і дапамогуць моладзі вытрымаць выпрабаванні армейскай службы.
Мы пабывалі ў райваенкамаце і сустрэліся з прызыўнікамі, якім уручылі павесткі. Наша размова – пра бліжэйшыя перамены і перспектыўныя планы.

Міхаіл Грыб:

– У 2018 годзе закончыў педуніверсітэт імя М. Танка. Настаўнік гісторыі. Працую ў Хорастаўскай школе Салігорскага раёна. Родам з Цеснавой. Хацеў паступаць у магістратуру, але выйшла так, што прызвалі ў армію. Іду служыць ва ўнутраныя войскі, воінская часць знаходзіцца ў Мінску. Што будзе праз год?.. Магчыма, пайду працаваць (у школе мне пажадалі хутчэй вяртацца!), але верагодна і тое, што буду вучыцца далей. Люблю гісторыю. Даследаваннямі займаюся яшчэ са школы, прадоўжыў іх ва ўніверсітэце. Тэма маіх навуковых інтарэсаў – Сярэднявечча. Вяду актыўны лад жыцця. У мяне ёсць сябры, дзяўчына. Тата прайшоў праз армію, папярэдзіў: «Там складаней, чым у звычайным жыцці». Матуля, як усе маці, хвалюецца. У цэлым – усё нармальна.

Аляксандр Міхалькоў:


– Мне 20 гадоў. Настрой на службу выдатны. Хацеў служыць у спецназе, туды і трапіў. Вайсковая часць знаходзіцца ва Уруччы. Калі вучыўся ў Мар’інагорскім аграрна-тэхнічным каледжы, займаўся тайскім боксам. Выступаў на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Паспеў папрацаваць тры месяцы ў ААТ «Вішнявецкі-агра». У гэтай гаспадарцы працуе і мой айчым. Адказваў за тое, каб тэхніка хутка выходзіла з рамонту, сачыў за парадкам на тэрыторыі мехдвара. Дома дапамагаю бацькам па гаспадарцы, у агародзе. Яны станоўча аднесліся да таго, што іду служыць. У маіх планах пасля паўтарагадовай службы – паступленне  ў міліцэйскую акадэмію. Сябрую з дзяўчынай, з якой хацеў бы ажаніцца. Жадаю прызыўнікам удачы.

Андрэй Праневіч:


– У мяне наперадзе год службы ў Пінскім пагранічным атрадзе. Думаю, усё будзе добра. Армія не можа не быць карыснай школай, калі ісці ў яе з пазітыўным настроем. Асэнсавана рыхтую сябе да цяжкасцяў. Як там у армейскім статуце запісана?.. Умець пераадольваць усе цяжкасці і нягоды службы! У 2018 годзе закончыў факультэт міжнародных адносін БДУ, атрымаў спецыяльнасць юрыста-міжнародніка. Крыху паспрабаваў сябе на пасадзе юрыста ў адной з буйных арганізацый-забудоўшчыкаў Мінска. Пасля арміі завяршу адпрацоўку і буду шукаць варыянты, каб самастойна зарабляць грошы. Для самаразвіцця чытаю літаратуру па юрыспрудэнцыі, навукова-папулярную. Бацькі, як і малодшы брат (ён вучыцца ў шостым класе гімназіі) падтрымліваюць мяне.

Андрэй Самахвал:


– Планаў у мяне насамрэч шмат, і адзін з іх – служба ў арміі. Я хачу служыць. Калі ўсё складзецца добра, то звяжу з армейскай службай сваё далейшае жыццё. У ваенкамаце прапанавалі ісці ў спецназ. Мяне гэта задавальняе. У Мікалаеўшчыне застаюцца бацькі, сястра і трое братоў. Я першы ў сям’і, хто ідзе служыць. Мне далі наказ: служыць дастойна. Армія – патрэбная справа, каб малады чалавек мог знайсці сваё месца. Я закончыў пасля школы каледж хлебапячэння. Папрацаваў пекарам у Мінску на прыватным прадпрыемстве. Калі прыязджаў дадому, дапамагаў матулі па гаспадарцы. З войска мяне будзе чакаць каханая дзяўчына. Разумею, што мне трэба хутчэй кідаць курыць. Хачу ісці наперад і дабівацца поспеху, чаго б гэта ні каштавала.

Ілья Юрасаў:


– Паўтара года праляцяць хутка… Я на гэта спадзяюся, бо іду служыць у воінскую часць у Мар’іну Горку, у спецназ, куды ў прынцыпе і хацеў. Прэстыжныя войскі, можна атрымаць канкрэтныя навыкі, развіць сілу волі. У мяне добрыя адносіны да спорту. Яшчэ са школы займаюся лёгкай атлетыкай, у футбол гуляю. Ёсць сябры, таварышы па камандзе, з якімі праводжу вольны час у Стоўбцах. Закончыў машынабудаўнічы каледж. Вельмі люблю тэхніку. Вывучаю яе і з ахвотай займаюся рамонтам аўтамабіляў. Планы на жыццё ёсць, пакуль не хачу іх раскрываць. У бацькоў я адзін, але не вырас «маміным» хлопчыкам: многае ўмею рабіць, самастойны, адказваю за свае ўчынкі.

Гутарыла Таццяна Пяткевич



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *