Нина Ганисевская о работе с молодыми инвалидами

Важное Моладзь Стаўбцоўшчыны

Гэтай асенняй парой Стаўбцоўская пярвічная арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» традыцыйна займаецца сезоннымі нарыхтоўкамі. Дапамогу ў гэтым ім аказваюць сельгаспрадпрыемствы раёна. 
– У нашай арганізацыі аб’яднаны 33 сям’і, і кожная з іх ужо забяспечана дастатковай колькасцю бульбы, капусты, морквы, цыбулі. З выдзяленнем гародніны аказалі дапамогу ААТ «Вішнявецкі-агра», ААТ «Агранёманскі», ААТ «Вялікі Двор», ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Гэтыя прадпрыемствы знайшлі магчымасць падтрымаць нас, хоць для сельскай гаспадаркі сёлетні год быў не вельмі спрыяльным. Вялікі дзякуй ім, – адзначае старшыня пярвічнай арганізацыі Ніна Ганісеўская.
– Ніна Фёдараўна, раскажыце, якімі яшчэ бягучымі справамі жыве ваша арганізацыя?
– Ужо паўтара года мы ўдзельнічаем у рэалізацыі праекта «Паляпшэнне доступу да сацыяльных паслуг людзей з інваліднасцю». Нашым маладым людзям ён падарыў розныя падзеі, паклікаў на экскурсіі. Мы пабывалі ў Нясвіжскім замку, філіялах музея Якуба Коласа. Былі арганізаваны сустрэчы з цікавымі людзьмі. У Стоўбцах мы не толькі трапілі на кінапрагляды, а і пазнаёміліся з работай выратавальнікаў раёна.
Нядаўна,  падчас Тыдня маці, сям’я Кутасаў наведала Палац Рэспублікі ў сталіцы, дзе быў дадзены старт сацыяльна дабрачыннаму праекту «Крылы радасці» пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Праект накіраваны на падтрымку людзей з асаблівасцямі развіцця, дзяцей, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Сабраліся сем’і з розных рэгіёнаў Беларусі, і ім была прапанавана цікавая праграма з майстар-класамі, канцэртам беларускіх выканаўцаў.

Максім Кутас у Палацы Рэспублікі

– У рэспубліканскай газеце «Звязда» прачытала публікацыю пра новы праект Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам з сімвалічнай назвай – «Новыя магчымасці». Удзел у ім прымае і ваша дачка Ганна. Праект не зусім звычайны, ён звязаны з модным адзеннем.
– Праект «Новыя магчымасці» ўвасабляецца сумесна з Беларускай палатай моды, і дзякуючы яму людзі з інваліднасцю ўключаюцца ў стварэнне модных калекцый адзення. Мая дачка вяжа кручком элементы для адзення, што ствараюць беларускія дызайнеры. Ужо перадала беражок, карункі для блузкі. Палатно не раз распускала і пачынала спачатку – ёй важна, каб усё было ідэальна. Адзенне ж шыецца для паказу! Першы паказ дызайнерскіх вырабаў, створаных пры ўдзеле маладых людзей з інваліднасцю, прайшоў 8-га лістапада ў Нацыянальным выставачным цэнтры. Мадэльеры зацікавіліся і Анінымі вязанымі ўпрыгажэннямі – завушніцамі. Немалаважна тое, што ў Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам працуе свой піяр-менеджар, які ў тым ліку дапамагае творчым і таленавітым дзяўчатам і хлопцам з самапрэзентацыяй.
вязаныя карункі Ганны Ганісеўскай

– У снежні адзначаецца Дзень інвалідаў. Не за гарамі ўжо Ражджаство, Новы год і – падвядзенне вынікаў 2018 года.
– Дзень інвалідаў у нашай арганізацыі раней не адзначалі. Усё-такі мы маем справу з дзецьмі і маладымі людзьмі. Настрой крыху іншы. Але сустрэча лішняй не будзе. Нашым матулям будзе яшчэ адна нагода пабываць на людзях і атрымаць неабходную інфармацыю. У 2016 годзе Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб правах інвалідаў, у сувязі з чым Стаўбцоўшчына ўключылася ў рэалізацыю міжнароднага праекта  «Павестка-50». Мы ўдзельнічаем у міні-праекце «Адкрыты дыялог», які запрасіў нашых матуляў да ўдзелу ў круглым стале, абмеркавання пытанняў безбар’ернага асяроддзя, атрымання кансультацый ад спецыялістаў. Памочнік дэпутата парламента Мікалай Новік узняў праблему аказання людзям з інваліднасцю юрыдычнай дапамогі ў судзе. Матулі атрымалі інфармацыйныя буклеты аб сваіх правах, магчымасцях. У нашай арганізацыі ёсць людзі, якія гатовы працаваць, таму хацелася б большай інфармаванасці адносна вакансій, якія дазваляюць працаваць на аддаленні.
На пачатку года прайшоў сход пярвічкі на базе раённай дзіцячай бібліятэкі імя Якуба Коласа. Дырэктар установы Алена Асаёнак выдзеліла нам асобную залу, самавар з посудам. Індывідуальны прадпрымальнік Андрэй Шпадарук прэзентаваў на стол салодкасці. У цёплай сяброўскай атмасферы, аздобленай чаяпіццем і розыгрышам прызоў, мы вызначыліся з планам работы за 2018 год. Здаецца, усё намечанае выконваем. Напярэдадні навагодне-ражджэственскіх святаў спадзяёмся на тое, што спонсары не забудуць нашых дзяцей і дапамогуць зрабіць святы для іх вясёлымі, з падарункамі.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *