Столбцовский мясоконсервный комбинат в числе лучших района

Главное Эканомiка

ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» – у ліку вядучых прадпрыемстваў раёна. Таварыства з году ў год трымае высокую планку вытворчага і сацыяльна-эканамічнага развіцця. З пачатку года на камбінаце перапрацавана больш за 13 тысяч тон жывёлы. Выпушчана 7746 тон мяса і субпрадуктаў, 881 тона паўфабрыкатаў, 354 тоны паштэтаў  і кансерваў. Вытворчасць прадукцыі ў дзеючых цэнах склала амаль 46 мільёнаў рублёў. Больш за 2,6 тысячы тон прадукцыі адгружана на экспарт, дзякуючы чаму камбінат зарабіў 8,6 мільёна долараў ЗША. Дзейнічаюць дзевяць магазінаў фірменнага гандлю.

Работнікі ўчастка па вытворчасці каўбасных вырабаў і мясных паўфабрыкатаў: Марыя Школьнікава, Аксана Кухарчык, Вераніка Ахрамеева — на першым плане, Сяргей Адаміцкі, Галіна Багдановіч, Іна Фенька (начальнік участка), Вольга Булаш

Дастойная заработная плата дае стымул працаваць эфектыўна, з поглядам у заўтрашні дзень. У калектыве перапрацоўшчыкаў – 324 работнікі. «Кожнаму – удзячнасць за працу, пажаданні моцнага здароўя, шчасця, сямейнага цяпла», – гаворыць дырэктар Рамуальда Бурдукевіч.
Да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці на камбінаце вызначаны перадавікі, фотаздымкі самых лепшых работнікаў будуць занесены на Дошку гонару прадпрыемства. Пазнаёмімся з некаторымі.
Сярод іх – бухгалтар Вікторыя Пархімовіч. Вікторыя Мікалаеўна ажыццяўляе падлік матэрыяльных выдаткаў на ўсіх участках камбіната. У гэтым вялікім дакументаабароце, які яна назапашвае з кожнай накладной, крыюцца і дабрабыт, і ўмовы працы, і развіццё. Камбінат не абыходзіцца без сур’ёзных набыткаў: новага абсталявання, тэхнікі і т. п., не лічачы закупу розных расходных матэрыялаў.

Бухгалтар Вікторыя Пархімовіч

Якраз пра набыткі і звязаную з імі мадэрнізацыю цэхаў, кацельні камбіната гаварыў пры сустрэчы старшы майстар энергаўчастка Алег Мастоўскі. «Абсталяванне ўстанаўліваем сучаснае, энергаэфектыўнае, таму і працаваць цікава», – падкрэсліў Алег Іванавіч. Пад яго кіраўніцтвам працуюць вопытныя спецыялісты: слесар КіПіА Фадзей Цвірка, электраманцёры Алег Дружкін, Ігар Ахрамееў. Год таму прыйшоў на камбінат малады электраманцёр Мікалай Таяноўскі.

Старшы майстар энергаўчастка Алег Мастоўскі

Рэканструкцыя закранула і адзін з асноўных участкаў – мясатлушчавы, які забяспечвае сыравінай усе цэхі камбіната. Два гады таму даверылі ўзначаліць яго  Таццяне Доўнар. І не памыліліся. Пры дастаткова напружаных зменных заданнях участак працуе стабільна, з поўнай самааддачай. Сёлета адной з яго работніц, зборшчыку эндакрынна-ферментнай сыравіны Таццяне Камінскай, за шматгадовую і плённую працу прысвоена званне «Ветэран працы прадпрыемства».

На мясатлушчавым участку раўняюцца на Юрыя Галіцкага, Таццяну Малажавую, Таццяну Камінскую, Аляксандра Біцюкова

Адразу двума ветэранамі працы папоўніўся ўчастак па вытворчасці каўбасных вырабаў і мясных паўфабрыкатаў. Ганаровае званне заслужылі фармоўшчык каўбасных вырабаў Марыя Школьнікава і начальнік участка Іна Фенька. Пра свой калектыў Іна Канстанцінаўна гаворыць з павагай: «Работнікі ўчастка даражаць сваёй работай. Іх прадукцыя карыстаецца попытам. Гэта больш за сто відаў каўбасных вырабаў і столькі ж – паўфабрыкатаў. Ёсць зацікаўленасць, матывацыя. Неўзабаве атрымаем новыя тэрмакамеры». Званне «Ветэран працы прадпрыемства» носяць на камбінаце 13 работнікаў.
У цэнтры ўвагі – і ўчастак «Халадзільнік». Яго работнікі першыя пачынаюць рабочы дзень на камбінаце – у шэсць раніцы, і фактычна заканчваюць яго тады, калі завершацца ўсе адгрузкі. У іх і асобы рэжым работы – пры тэмпературы мінус 18 оС у халадзільных камерах. Адназначна, што слабыя тут не вытрымаюць. У загартаваным калектыве прадстаўлены для ўзнагароджання грузчык Юрый Багдановіч.

Грузчык Юрый Багдановіч і начальнік участка «Халадзільнік» Андрэй Бурновіч

У рабочым калектыве мясакансервавага камбіната цэняць працавітых, умелых. Такіх тут заўсёды было нямала. Настройвае на плённую працу спартыўна-прафсаюзная работа, калектыўныя турысцка-экскурсійныя паездкі. А планы ў работнікаў камбіната звязаны з пашырэннем вытворчасці, будаўніцтвам новага цэха па забоі жывёлы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *