Работники сельского хозяйства и работники перерабатывающей промышленности отмечают профессиональный праздник

Главное Сельская гаспадарка

Сёння працаўнікі сельскай гаспадаркі і работнікі перапрацоўчай прамысловасці адзначаюць сваё прафесійнае свята. Менавіта лістапад вянчае працу хлебаробаў, падводзіць вынікі іх напружанай работы. Жывёлаводы рупяцца з месяца ў месяц, і вынікі іх нялёгкай працы заўсёды відавочныя.
Аб здабытках працаўнікоў гэтых галін вытворчасці расказвае старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень.

– Дзяніс Сяргеевіч, для сельскіх працаўнікоў сёлетні год выдаўся даволі няпростым, і асабліва для хлебаробаў. Але людзі працавалі, як і ў мінулыя гады адказна, добрасумленна, спадзеючыся атрымаць неблагі здабытак. Як вы ацэньваеце вынікі сёлетняга года ў раслінаводстве?
– На самай справе год не столькі няпросты, колькі незвычайны, нехарактэрны. На сёлетнія паказчыкі  паўплывала засушлівае надвор’е. У нашым раёне выпала толькі 13 працэнтаў ападкаў ад нормы. Гэта негатыўна адбілася на выніках. Найбольш недабралі збожжа, бо намалацілі яго толькі больш за 40 тысяч тон у свірнавай вазе. Гэта невялікі паказчык, бо патрэбнасць у зернефуражы для грамадскага статка на зімова-стойлавы перыяд складае 65 – 68 тысяч тон. Але пры ўсім гэтым даведзены дзяржаўны заказ сельгаспрадпрыемствы раёна выканалі ў поўным аб’ёме: адгрузілі 10 тысяч тон збожжа  і тым самым унеслі свой уклад у харчовую бяспеку краіны. Справіліся і з дзяржзаказам па продажы рапсу, хоць таксама мелі паказчыкі ніжэйшыя за мінулагоднія.
Найлепшых вынікаў традыцыйна дасягнулі аграрыі ААТ «Вялікі  Двор» (дырэктар Вольга Луцык). Гэтае таварыства на працягу дзесяцігоддзяў атрымлівае высокія ўраджаі ўсіх сельгаскультур дзякуючы намесніку дырэктара па раслінаводстве Генадзію Бязушку – аграному высокай кваліфікацыі.  Нават у сёлетніх складаных умовах земляробства тут атрымана з кожнага гектара па 37,6 цэнтнера збожжа, высокія ўрадажай рапсу, цукровых буракоў і кукурузы. Самых шчырых слоў за сваю працу заслугоўвае намеснік дырэктара ААТ «Агранёманскі» Іван Скварчэўскі – аграном з вялікай літары, які рупіцца ў раслінаводстве больш за паўстагоддзя і ўнёс важкі ўклад у развіццё раслінаводчай галіны нашага раёна, за што ўдастоены сёлета дзяржаўнай узнагароды.
У раёне атрыманы неблагі ўраджай бульбы. На яе вырошчванні спецыялізуюцца тры сельгаставарыствы. А найбольшыя пасадачныя плошчы і вышэйшая ўраджайнасць у СФГ «Сула» (кіраўнік Уладзімір Радзевіч) і ТАА «Аграцэнтр Сула»(кіраўнік Эдуард Янкоўскі), якія паказалі ў гэтай справе сваё прафесійнае майстэрства і зрабілі наш раён бульбяной старонкай. Прадукцыя прыватнікаў якасная, наладжана яе дапрацоўка і ўпакоўка. Стаўбцоўшчына з’яўляецца лідарам у вобласці па вытворчасці бульбы: накапана больш за 35 тысяч тон клубняў.
З восені аграрыі закладваюць падмурак будучаму ўраджаю. Інтэнсіўна вывозяцца і ўносяцца арганічныя ўгнаенні. Практычна ўзнята зябліва. Спадзяёмся на  тое, што наступны год будзе больш важкім на здабыткі.
– У кормавытворчасці, і гэта бачна па паказчыках, спрацавалі лепш, чым у мінулыя гады.
– Так. За апошнія пяць гадоў маем другі вынік па аб’ёме нарыхтаваных травяных кармоў – сенажу і сіласу. Па кармавых адзінках гэта крыху ніжэй, але трэба разумець, што за апошнія тры гады колькасць буйной рагатай жывёлы ў грамадскім статку раёна павялічылася на чатыры тысячы галоў, таму вырасла і патрэбнасць у кармах. Неабходна дабаўляць па кармавых адзінках,  рэзервы ёсць. Работнікі раслінаводчых цэхаў гаспадарак у гэтым напрамку мэтанакіравана працуюць. У структуры ворыва штогод павялічваецца колькасць шматгадовых траў. Ідзе перазалужэнне, сёлета яно праведзена на шасці тысячах гектараў. Пасеяны новыя культурныя травы, аддачу ад якіх будзем чакаць у наступным годзе. Плануем пасеяць паўтары тысячы гектараў люцэрны, каб мець высокабялковы корм. Травянымі кармамі раён будзе забяспечаны, і ў зімова-стойлавы перыяд увойдзем з пэўным запасам. Да таго ж, у гаспадарках пасеяна больш за тысячу гектараў, удвая больш чым летась, азімай свірэпіцы. Гэта таксама багаты на бялок корм і страхавы фонд, каб не дапусціць спаду вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі  на выпадак дэфіцыту кармоў у пераходны з зімова-стойлавага на летне-пашавы перыяд, бо малако і мяса, як вядома, – аснова эканомікі любога сельгаспрадпрыемства.
У кормавытворчасці нам прыходзіцца нялёгка з-за высокай шчыльнасці пагалоўя буйной рагатай жывёлы на 100 гектараў сельгасугоддзяў. Па гэтым паказчыку наш раён знаходзіцца на пятым месцы ў вобласці, а ААТ «Вялікі Двор» – нават у лідарах. Традыцыйна высокі гэты паказчык і ў ТАА «СЖК «Налібакі». І тым не менш згаданыя таварыствы пастаянна маюць на зімоўку паўтарагадавы запас кармоў і з’яўляюцца флагманамі ў вытворчасці малака.
– Жывёлагадоўчая галіна па-ранейшаму вызначаецца стабільнасцю, нарошчваюцца аб’ёмы вытворчасці. З якімі паказчыкамі завяршаюць год жывёлаводы?
– Сёлета па вытворчасці малака, мяса ялавічыны і птушкі будзем мець прыбаўку адносна вынікаў мінулага года. Яна складзе 103 – 104 працэнты.
За 10 месяцаў надоена 78 616 тон малака, ад каровы атрымана ў сярэднім 4685 кілаграмаў малака. Вырашчана 12 153 тоны мяса ялавічы і птушкі.
Асноўная задача, улічваючы дэфіцыт у першую чаргу канцэнтраваных кармоў, – захаваць вытворчасць і ў далейшым не дапусціць яе зніжэння.
– Умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы гаспадарак – у ліку важных напрамкаў работы. Што робіцца ў гэтым плане?
– Набываецца новая тэхніка, праводзяцца рэканструкцыі. Для якаснага захоўвання кармоў за пяць гадоў  у гаспадарках раёна пабудавана 99 сянажна-сіласных траншэй, з якіх 27 – сёлета. Гэта дазволіла закласці ўсе кармы па сучаснай тэхналогіі. У нашым раёне больш чым у іншых у вобласці запрасоўваецца кармоў у стрэйч-плёнку. Работа па будаўніцтве траншэй будзе працягвацца і далей. Гэта звязана з павелічэннем пагалоўя. У планах пабудаваць траншэі і ва ўрочышчы Хмелішча, каб мець магчымасць якасна захоўваць кармы і на аддаленых кармавых угоддзях.
Для камфортнага ўтрымання жывёлы за апошнія чатыры гады пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю чатырнаццаць новых клюшачнікаў.  Чатыры будуюцца сёлета.
– На ўзроўні працуе перапрацоўчая прамысловасць, спраўляюцца з аб’ёмамі работ абслуговыя арганізацыі.
– Работнікі перапрацоўчай прамысловасці працуюць у адной звязцы з аграрыямі і вырабляюць з пастаўленай вяскоўцамі сыравіны канкурэнтаздольную прадукцыю, якая запатрабавана не толькі на рынку Рэспублікі Беларусь, а і на сусветных рынках. У ліку такіх прадпрыемстваў – ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» (дырэктар Рамуальда Бурдукевіч), які займае высокія пазіцыі ў рэспубліцы і за мяжой і заўсёды  годна прадстаўляе наш раён. Сярод абслуговых арганізацый надзейны партнёр для сельгаспрадпрыемстваў – ААТ «Стаўбцоўская ПМК» (дырэктар Аляксандр Пашкевіч), дзе з году ў год нарошчваюцца аб’ёмы вытворчасці, павышаецца якасць вырабаў, развіваюцца інавацыйныя напрамкі, адшукваюцца новыя варыянты механізацыі сельскай гаспадаркі.  Ёсць напрацоўкі ў ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» (дырэктар Сяргей Мельнік). Механізаваны атрад працуе для таго, каб работнікі сельгаспрадпрыемстваў маглі своечасова выконваць палявыя работы. Назапашваюцца, якасна захоўваюцца і своечасова перадаюцца ў гаспадаркі  для ўнясення ў глебу мінеральныя ўгнаенні.
Паважаныя працаўнікі сельскагаспадарчай галіны і перапрацоўчай прамысловасці! Шчыра віншую ўсіх са святам. Дзякуй за плённую і нястомную працу, прафесіяналізм, уменне і жаданне дасягаць высокіх паказчыкаў. Зычу моцнага здароўя, дабрабыту і далейшых поспехаў на карысць нашага раёна і любімай Беларусі.
Гутарыла Надзея БАТАЛКА
Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

 

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *