Столбчане завоевали дипломы на международной олимпиаде в Новосибирске

Адукацыя Главное

Мы ўжо паведамлялі, што дзесяцікласнік СШ № 3 Дзмітрый Суднік і адзінаццацікласніца СШ № 2 Яна Гамза пасля паспяховага праходжання папярэдніх тураў Міжнароднай алімпіяды Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць» атрымалі гонар быць уключанымі ў каманду Мінскай вобласці з шасці чалавек для ўдзелу ў заключным туры алімпіяды, якая прайшла ў Новасібірску. І Дзмітрый, і Яна вярнуліся з алімпіяды з дыпломамі другой і трэцяй ступеняў адпаведна. Для вучняў выпускных класаў гэты дыплом мае вялікую вагу – права паступлення без уступных экзаменаў у профільную ВНУ.

Дзмітрый Суднік і яго настаўніца Ядвіга Баляславаўна Богуш, Жанна Мікалаеўна Ганчар і яе вучаніца Яна Гамза

Нам цікава паслухаць і вучняў, і іх настаўнікаў, якія так любяць свой прадмет – рускую мову і літаратуру, што сумелі перадаць гэтую любоў сваім выхаванцам настолькі, што дзеляць цяпер разам з імі лаўры пераможцаў.
Настаўніца СШ № 3 Ядвіга Богуш больш за 30 гадоў выкладае рускую мову і літаратуру. Многія яе вучні былі пераможцамі алімпіяд, конкурсаў. Што датычыць Міжнароднай алімпіяды Саюзнай дзяржавы, то Дзмітрый Суднік – не першы яе вучань, які ўдастоены такой высокай узнагроды. У 2010 годзе Валерыя Гаўрылава атрымала дыплом І ступені ў гэтай алімпіядзе, якая праходзіла ў Смаленску.
Жанна Ганчар, настаўніца рускай мовы і літаратуры СШ № 2, таксама яркая асоба, якая больш за 25 гадоў працуе ў школе і мае высокія вынікі ў падрыхтоўцы вучняў. Пераможцай Міжнароднай алімпіяды Саюзнай дзяржавы ў свой час была яе вучаніца Аліна Янчур. Нам прыемна, што і з Валерыяй Гаўрылавай, і з Алінай Янчур рэдакцыя доўгі час працавала як з няштатнымі аўтарамі «Праменя», давала характарыстыку-рэкамендацыю для паступлення. Дзяўчаты паспяхова закончылі Інстытут журналістыкі. Валерыя Гаўрылава цяпер працуе ў БелТА, Аліна Янчур – у адным з інтэрнэт-выданняў.
Заданні Міжнароднай алімпіяды Саюзнай дзяржавы настолькі складаныя, што вучні павінны быць яркімі славеснікамі. Мяркуйце самі. Алімпіяда ўключала: напісанне эсэ «Мова эпохі ў мастацкім творы» з прапанаванымі на выбар тэкстамі ці сачыненне-разважанне на зададзеную тэму; выкананне комплекснай работы па рускай мове і літаратуры, 12 складаных лінгвістычных заданняў на веданне гісторыі літаратуры, функцый літаратурных прыёмаў у мастацкім тэксце, а таксама з пытаннямі па лексіцы, марфалогіі, словаўтварэнні, фанетыцы. І Дзмітрый, і Яна набралі высокую колькасць балаў, што дазволіла ім атрымаць дыпломы міжнароднай алімпіяды.
Акрамя таго, ад каманды Мінскай вобласці Яна Гамза яшчэ паўдзельнічала і ў конкурсе рытараў.
Міжнародная алімпіяда пакінула ў яе ўдзельнікаў шмат яркіх уражанняў. З Беларусі ў алімпіядзе ўдзельнічала восем камандаў, а з усёй Расіі – сотні інтэлектуалаў. Знаходжанне ў Новасібірску адкрыла для таленавітых вучняў масу прыемных знаёмстваў, пашырыла кругагляд. Вярнуўшыся дамоў, шчаслівыя пераможцы атрымліваюць віншаванні.
Святлана ЖЫБУЛЬ
Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *